• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што гаворыцца пра СМІ ў “Заяве аб папярэдніх высновах і заключэннях” Міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі

     

    Сродкам масавай інфармацыі ў дакуменце прысвечаны адмысловы раздзел. Падаем яго тэкст цалкам:

    “У краіне існуе мноства вяшчальных і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, пры гэтым у медыяпрасторы дамінуюць дзяржаўныя СМІ. Альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі ажыццяўляюць вяшчанне з суседніх краінаў. Тым не менш, паводле некаторых суразмоўцаў МНВ АБСЕ/БДІПЧ, журналісты сутыкаюцца з цяжкасцямі ў атрыманні акрэдытацыі дзеля таго, каб мець магчымасць працаваць на замежныя СМІ і могуць быць аштрафаваныя за працу без акрэдытацыі, што лічыцца абмежаваннем права на свабоду слова і распаўсюд інфармацыі.

    Інтэрнэт з’яўляецца пляцоўкай, якая набывае ўсё большую важнасць у доступе да незалежных пунктаў гледжання. Аднак свабода слова анлайн была абмежаваная папраўкамі да Закону аб СМІ, прынятымі ў 2014 годзе, у выніку якіх існуючыя абмежаванні для традыцыйных СМІ былі распаўсюджаныя на інтэрнэт-СМІ, уладальнікі якіх цяпер нясуць адказнасць за любы размешчаны кантэнт, у тым ліку, патэнцыйна, каментарыі карыстальнікаў, блогі і сацыяльныя сеткі. У выпадку меркаванага парушэння Міністэрства інфармацыі мае права закрыць вэб-сайты па рашэнні суда. Калі інфармацыя мае дачыненне да канкрэтных крымінальных злачынстваў альбо разглядаецца як “шкодная для інтарэсаў Беларусі”, знікае неабходнасць у судовым рашэнні. Гэта дае органам улады непажаданыя магчымасці ў плане тлумачэння зместу і прыняцця адвольных рашэнняў па закрыцці СМІ, як было адзначана суразмоўцамі МНВ АБСЕ/БДІПЧ і міжнароднымі назіральнікамі за СМІ.

    Свабода слова гарантуецца Канстытуцыяй, якая забараняе цэнзуру і вызначае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд грамадзкай інфармацыі. Нягледзячы на гэта, некаторыя дзяржаўныя ўстановы працягваюць практыку сартыроўкі грамадсказначнай інфармацыі насуперак пункту 9.1 Капенгагенская дакумента АБСЕ 1990 года і іншым міжнародным стандартам і нормам і добрасумленнай практыцы.52 22 верасня ЦВК адхіліла запыт журналіста на атрыманне падрабязнай інфармацыі аб выбарчых фондах кандыдатаў, растлумачыўшы гэта тым, што СМІ не маюць права на атрыманне гэтай інфармацыі.

    У мэтах выканання сваіх юрыдычных абавязацельстваў ЦВК прыняла пастанаўленні, якія гарантуюць усім кандыдатам роўны доступ да дзяржаўных СМІ праз выдзяленне бясплатнага эфірнага часу без цэнзуры, што было прызнана кандыдатамі ў прэзідэнты. Нягледзячы на абмежаваныя ўмовы выкарыстання СМІ, кандыдаты мелі магчымасць данесці свае ідэі да грамадства пры дапамозе двух тэлевізійных блокаў і двух радыёблокаў на тэлеканале “Беларусь 1” і “Першым нацыянальным канале Беларускага радыё” працягласцю па 30 хвілін кожны.

    Дзеючы прэзідэнт адмовіўся ад магчымасці скарыстацца бясплатным эфірным часам. Трэцяга кастрычніка адбыліся палітычныя дэбаты паміж выбарчымі штабамі.

    53 У адпаведнасці з пастанаўленнем ЦВК, усе газеты, якія фінансуюцца дзяржавай і якія былі прааналізаваныя МНВ АБСЕ/БДІПЧ, апублікавалі выбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў. Кандыдаты не скарысталіся платнай палітычнай рэкламай, хаця гэта было дазволена.

    Папярэднія вынікі маніторынгу СМІ, які ладзліла АСБЕ/БДІПЧ, паказваюць, што дзеючаму прэзідэнту было прысвечана значна больш эфірнага часу. Працоўныя мерапрыемствы з ягоным удзелам празмерна асвятляліся дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, а сюжэты фарміраваліся такім чынам, каб перадаць палітычныя пасланні на ягоную карысць.54 У перыяд з 7 верасня па 7 кастрычніка вяшчальныя СМІ прысвяцілі 47% палітычных рэпартажаў дзеючаму прэзідэнту, 9% было прысвечана сп-ні Караткевіч, 7% – сп-ру Гайдукевічу, 7% Улаховічу, 22% – іншым значным палітычным дзеячам і 8% – ЦВК. Друкаваныя СМІ прысвяцілі 34% сваіх палітычных артыкулаў сп-ру Лукашэнку, 14% – сп-ні Караткевіч, па 11% – сп-ру Улаховічу і сп-ру Гайдукевічу, 21% – іншым значным палітычным дзеячам і 9% – ЦВК. Вэб-старонкі прыватнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН былі часова недаступныя 3, 4 і 5 кастрычніка, як мяркуецца, па прычыне масіўных кібер-атак.

    ЦВК прызначыла Назіральны савет па кантролю за агітацыяй у СМІ з мэтай кантролю за асвятленнем кампаніі ў СМІ. Ён складаўся з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ і працаваў пад кіраўніцтвам намесніка міністра інфармацыі. Савет не ажыццяўляў сістэматычнага маніторынгу за СМІ і выконваў выключна дарадчую ролю. Падчас кампаніі Савет разглядзеў і адхіліў адну скаргу, звязаную са СМІ. Апроч таго, МНВ АБСЕ/БДІПЧ стала вядома, што ЦВК атрымала яшчэ дзве скаргі, якія мелі дачыненне да СМІ і якія не абмяркоўваліся Саветам, і па адной са скаргаў было вынесенае нефармальнае папярэджанне па тэлефоне без далучэння Савета”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці