«У беларусаў тут няма столькі болю». Што ўбачыў Маляваныч у ЗША?
Аляксандр Ждановіч, акцёр тэатра, кіно і тэлебачання, вядомы беларусам як Маляваныч, вядоўца «Калыханкі», больш за месяц правёў у ЗША, дзе сустракаўся з мясцовай беларускай дыяспарай, паказваў сваю «Батлейку» ды адкрываў для сябе Амерыку. Пра сваё падарожжа спадар Аляксандр распавёў беларусам Батумі, для якіх таксама зладзіў прэзентацыю сваёй першай дзіцячай кніжкі «Кропля ў космасе». Сустрэчы адбыліся 19 і 20 красавіка ў прасторы «Аксяродак». Распавядаем, што ўразіла Маляваныча ў Злучаных Штатах Амерыкі.
Адваротны бок свабоды
У ЗША Маляваныч быў сёлета з сярэдзіны студзеня да канца лютага. Падарожжа адбылося па запрашэнні і пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў Амерыкі.
Спадар Аляксандр аб’ехаў 13 гарадоў: Нью-Ёрк, Філадэльфію, Мінеапаліс, Чыкага, Лос-Анджэлес, Сан-Францыска, Сіэтл, Портлэнд, Х’юстан, Осцін, Атланта, Маямі, Бостан. «Калі я пералічваў гэты спіс людзям, якія там жывуць па 20–30 гадоў, яны здзіўляліся і казалі, што самі палову гэтых гарадоў не бачылі», — зазначае акцёр.
Першым горадам, куды прыляцеў Маляваныч, быў Нью-Ёрк, які з аднаго боку ўразіў багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, а з іншага — «адваротным бокам свабоды» — колькасцю бяздомных.
«Тбіліскае метро ў параўнанні — узор чысціні і тэхнічнага прагрэсу. Я быў шакаваны, калі пабачыў чалавека, які на платформе метро ў Нью-Ёрку спраўляе сваю малую патрэбу, а людзі не звяртаюць увагу, нібы ён проста чхнуў. Кінулася ў вочы колькасць ментальна хворых людзей. Мне тлумачылі, што такое заўсёды ў вялікіх гарадах, але адначасова гэта праява свабоды, бо з гэтымі людзьмі без іхняга дазволу паводле закона не маюць права штосьці рабіць, таму яны так свабодна жывуць», — зазначае Аляксандр.
Амерыканскія сваякі
У Нью-Ёрку, паводле Маляваныча, багатая гісторыя беларускай прысутнасці. Там яму падарылі кнігу «Беларускі Нью-Ёрк», паказалі беларускую царкву.
«Я адкрыў для сябе, якімі свядомымі былі паваенныя эмігранты з Беларусі. Для іх было важным захаванне беларускай справы. Яны выкупілі будынак і зрабілі ў ім царкву, — кажа спадар Аляксандр. — Агулам, я прыйшоў да высновы, што царква заўсёды грала вялізную ролю ў гісторыі кожнай эміграцыі. Напрыклад, феномен Польшчы: там касцёл — адзін з чыннікаў, які дазволіў палякам захавацца як нацыі. Мне падаецца, нам цяпер не хапае царквы як аб’яднаўчага чынніка».
Паездка ў ЗША прынесла шмат неверагодных адкрыццяў і сустрэч, кажа Маляваныч:
«Я зразумеў, наколькі маленькі беларускі свет, хоць і раскіданы паўсюль. У мяне пыталіся: “Як табе Амерыка?”, “Што самае галоўнае?”. Я адказваў: “Мяне здзівіла, што так шмат нашых”. Было вельмі багата размоў. Можна было ці фільм зрабіць, ці кніжку напісаць, бо перада мной пранеслася столькі жыццёвых гісторый».
У Філадэльфіі спадар Аляксандр сустрэў сваіх сваякоў па галіне прапрадзеда, які на пачатку ХХ стагоддзя з’ехаў у Амерыку. «За пяць хвілін да выступу там да мяне падыходзіць амерыканец, працягвае аркуш паперы, і я разумею, што гэта мой траюрадны брат. Нашыя бабулі былі сёстрамі», — распавядае акцёр.
Патаемная мова
Асобным уражаннем у ЗША сталі дзеці беларусаў, зазначае Маляваныч:
«Я хваляваўся, ці зойдзе ім батлейка, думаў, што яны ўжо, напэўна, вельмі адарваныя ад сваіх каранёў. Але амаль у кожным горадзе былі 2–3 дзіцяці, якія шпараць па-беларуску лепш за мяне, і гэта ілюстрацыя таго, што сям’я — месца, дзе мова перадаецца лепш за ўсё. Большасць дзяцей усё разумеюць, але ёсць такія, якія размаўляюць з акцэнтам. Я ім казаў: давайце вы мяне будзеце вучыць англійскай, якую я не ведаю, а я вас — таемнай мове, бо ёсць такая краіна, якую захапіў адзін злы чараўнік, які хапае толькі смелых людзей, што асмельваюцца размаўляць на гэтай таемнай мове. І гэта адразу прыцягвала ўвагу дзяцей».
Паводле Маляваныча, феномен 2020 года спрацаваў і ў ЗША, дзе якраз у той час беларуская дыяспара пачала аб’ядноўвацца.
«У ЗША большасць беларусаў прыехалі да 2020 года, з розных прычын. Яны пераважна не ведалі адзін аднаго да 2020-га, а пасля пачалі аб’ядноўвацца, і гэтак жа, як і я здзіўляліся, што нашых так шмат. Людзі пачалі пераходзіць на беларускую мову і вучыць ёй дзяцей, якія нарадзіліся ўжо ў ЗША», — кажа акцёр.
Амерыка, паводле Маляваныча, краіна кантрастаў, а ў некаторых месцах нагадала яму Грузію.
«З аднаго боку, гэтая краіна — авангард цывілізацыі, развіцця, з іншага — там відавочна захоўваюцца традыцыйныя рэчы, — кажа спадар Аляксандр. — Там шмат сучаснага, але адначасова па ўсёй краіне стаяць драўляныя слупы, як і ў Грузіі».
Аляксандр Ждановіч: У тых, хто застаўся ў Беларусі, заціснуты рот, але не вочы
Амерыканцы нагадалі Маляванычу грузінаў унутранай свабодай:
«Напрыклад, калі гарыць чырвонае святло і няма машын, гэта ноч, амерыканцы ніколі не будуць стаяць і чакаць зялёнага, як палякі ці немцы, напрыклад. У іх больш свабоды, якая ідзе знутры. Гэтым яны мне нагадалі грузінаў».
Чаму галасуюць за Трампа?
Маляваныч сустрэў беларусаў, якія збіраюцца галасаваць за Дональда Трампа, і, кажа, даволі пераканаўча растлумачылі яму, чаму.
«Як я зразумеў, шмат каму «не заходзяць» дэмакраты, бо, як кажуць мясцовыя, гэта — «камуністы наадварот». Людзям не падабаецца, што значны адсотак падаткаў сыходзіць на беспрацоўных, на «сацыял», — распавядае спадар Аляксандр. — З іншага боку — папуліст Трамп. Сістэма ўсё больш палярызуецца апошнім часам, і нібыта напрошваюцца лагічныя змяненні. Але тут, як і ў многіх іншых рэчах, амерыканцы кажуць: выбарчую сістэму стваралі нашыя айцы-заснавальнікі, і змяняць яе мы не будзем».
Маляваныч убачыў ЗША як краіну з моцнай цягай да сямейных каштоўнасцяў. Беларусам, якіх сустракаў падчас паездкі, акцёр задаваў пытанне: што самае лепшае і самае горшае, на іх думку, у Амерыцы.
«Сярод лепшага на першым месцы быў адказ: “Краіна магчымасцяў”, — кажа спадар Аляксандр. — У Амерыцы ты можаш быць тым, кім хочаш. Яшчэ адзін наш хлопец сказаў: “Ты там можаш сустрэць такіх жа вар’ятаў, як ты сам. Калі, напрыклад, ты збіраеш запалкі, на цябе ніколі не будуць глядзець як на дзівака, ты абавязкова сустрэнеш такіх, як ты, і табе ніколі не будуць падкрэсліваць, што ты нейкі не такі. І гэта файна”».
Яшчэ з добрага называлі разнастайнасць прыроды і што гэта «краіна на любы густ — можна выбраць Каліфорнію, дзе ўсё, што хочаш, ці Тэхас, дзе далёка не ўсё, што хочаш і больш традыцыйныя каштоўнасці».
«Краіна эмігрантаў, дзе ўсе роўныя»
Сярод кепскага большасць называлі заблытанасць медычнага страхавання.
«Хоць адначасова хтосьці мне сказаў, што проста трэба добра разабрацца ў гэтым пытанні, — кажа акцёр. — Але тым часам амерыканцы ездзяць у Мексіку лячыць зубы, бо ў Амерыцы вельмі дорага. Яшчэ беларусам не падабаецца, што можна свабодна мець зброю і вялізная колькасць бяздомных і беспрацоўных».
Спадар Аляксандр прыехаў у Штаты з «нулявой англійскай», як ён кажа, але гэта ні разу не стала нагодай для нейкіх папрокаў ці незадаволенасці.
«Калі я спрабаваў штосьці сказаць, я нават ценю нейкай непавагі не ўбачыў ад таго, што не ведаю мовы. Краіна эмігрантаў, дзе ўсе роўныя», — зазначае ён.
Месцамі, якія ўразілі спадара Аляксандра, сталі тэатр Fox у Атланце, пабудаваны масонамі, Галівуд, Тэхас, які «вылучаецца сярод іншых штатаў сваім рэгіяналізмам», Ціхі акіян, які «зусім не ціхі», офісы Microsoft i Google ў Сіэтле.
У апошні хадзілі на абед. «Там супрацоўнікі могуць бясплатна есці што захочуць і колькі захочуць, а яшчэ і сяброў прывесці. Вось нашыя беларусы прывялі мяне», — распавядае Маляваныч.
Беларусы ў ЗША, паводле Маляваныча, больш спакойныя і ўнутрана разняволеныя, чым у іншых краінах. «У іх няма такога болю», — зазначае спадар Аляксандр.
Ці хочуць беларусы вярнуцца з Амерыкі на радзіму?
Ад тых, хто ў Штатах нядаўна, Маляваныч чуў пра мару вярнуцца ў Беларусь. Тыя, што там жывуць ужо даўно, казалі пра жаданне ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.
«У ЗША ўсё ж трапляе больш людзей энергічных, арганізаваных, дзейных — гэта адчуваецца. І я мяркую, яны ўкладуцца ў Беларусь капіталам, справай, будуць прыязджаць, але цалкам фізічна не думаю, што вернуцца, бо не ўяўляю, як гэта магчыма праз 10–20 гадоў».
Сам спадар Аляксандр не хоча пераязджаць у ЗША.
«Ёсць такі банальны панятак, як шчасце. Я дзецям кажу, што сэнс шчасця ў самім слове — быць часткай чагосьці. Быць патрэбным камусьці, — кажа акцёр. — Мне падаецца, што я буду больш патрэбны там, дзе больш беларусаў. Напэўна, і там знайшоў бы, што рабіць, але гэта не зрабіла б мяне шчаслівым, хоць, магчыма, там быў бы лепшы матэрыяльны дабрабыт. Таму жыць там я б не хацеў, а вось прыязджаць — так».
Асабліва Маляваныч хацеў бы зноў завітаць у Нью-Ёрк.
«Гэты горад, безумоўна, культурніцкі код Амерыкі, які хочацца больш адчуць, — кажа спадар Аляксандр. — Бруклінскі мост, Уол-Стрыт, Манхэтан, Цэнтральны парк… У творы майго ўлюбёнага Селінджэра «Над прорвай у жыце» ёсць пытанне: «Куды злятаюць качкі з Цэнтральнага парку зімой?». Калі я там пахадзіў, патаптаўся, гэтыя словы пачалі гучаць ужо зусім інакш».