• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Яшчэ не ўсё страчана». Журналіст Руслан Шошын атрымаў прэмію імя Мацея Плажыньскага

    Польская медыясупольнасць адзначыла журналіста выдання Rzecz­pospoli­ta Руслана Шошына  за цыкл тэкстаў пра працэс Анджэя Пачобута і за інтэрв’ю з Анжалікай Борыс.

    Руслан Шошын прэмія Мацея Плажыньскага

    Руслан Шошын атрымаў прэмію імя Мацея Плажыньскага. Фота: Anna Rezu­lak, Press Club Pol­s­ka

    Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Мацея Плажыньскага  прайшла днямі ў польскай Гдыні.

    Руслан Шошын ужо адзіннаццаць гадоў асвятляе беларускую праблематыку на старонках газеты Rzecz­pospoli­ta. Атрыманая ўзнагарода стала нагодай «распавесці пра ўсе жахі, пра вельмі змрочную беларускую рэчаіснасць, пра якую сталі ўжо ўсе забываць», распавёў журналіст у каментары Беларускаму «Радыё Рацыя».

    У 2020 годзе, пасля паўмільённых акцыяў пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі, «Беларусь стала такім пунктам нейкага вялікага зла ў Еўропе, дзе адбываюцца рэпрэсіі, дзе людзей садзяць у турмы, дзе вывозяць з краіны лідэрку апазіцыі, — патлумачыў  Руслан Шошын пра стаўленне да беларускай праблематыкі ў Польшчы. — Але пазней прыйшоў 2022 год, прыйшлі падзеі ва Украіне — расійская агрэсія, і ўсе беларускія падзеі на фоне таго, што адбывалася ва Украіне, яны адышлі ўжо не на другі, а можа нават на чацвёрты-пяты план».

    Руслан Шошын з жалем канстатуе, што беларуская тэма ў Польшчы даўно адышла на задні план, таму што «чытачы і гледачы тэлебачання і электронных медыяў прывыклі да крыві, што людзі паміраюць, што людзей забіваюць».

    Але гэта не нагода, каб перастаць услых расказваць пра беларускую трагедыю.

    — Пра тое, што ў Беларусі склалася таталітарная дыктатура, што там немагчыма існаваць, як у Польшчы, як у іншых свабодных краінах, мы павінны пісаць. Каб Беларусь не складвалі ў адзін кошык з Расіяй, маўляў, яна ўжо частка Расіі і ўсё страчана. Канешне, яшчэ не ўсё страчана: існуе вялікая розніца паміж Беларуссю і Расіяй, паміж ментальнасцю беларусаў і расіян, — заключыў Руслан Шошын.

    Руслан Шошын прэмія імя Мацея Плажыньскага

    Руслан Шошын з іншымі лаўрэатамі прэміі імя Мацея Плажыньскага. Фота: Anna Rezu­lak, Press Club Pol­s­ka

    Хто такі Мацей Плажыньскі, чыім імем названая прэмія

    Актывіст антыкамуністычнай апазіцыі, маршалак Сейма, віцэ-маршалак Сената, старшыня таварыства Wspól­no­ta Pol­s­ka Мацей Плажыньскі загінуў 10 красавіка 2010 года ў авіякатастрофе пад Смаленскам. У яго памяць заснавалі прэмію для журналістаў, якія пішуць пра палякаў за межамі Польшчы, паколькі значную частку свайго жыцця Мацей Плажыньскі прысвяціў будаванню сувязі паміж дыяспарамі і Польшчай.

    Лаўрэаты прэміі імя Мацея Плажыньскага атрымліваюць статуэтку і грашовую прэмію.

    Нагадаем, што беларусы ўжо атрымлівалі гэтую прэмію. Напрыклад, па выніках 2013 года найлепшым у катэгорыі «Журналіст палянійнага СМІ» стаў гродзенскі журналіст Анджэй Пісальнік. Прэмію прысудзілі за ягоныя артыкулы ў газеце Rzecz­pospoli­ta і ў выданнях Саюзу палякаў Mag­a­zyn Pol­s­ki i Głos znad Niem­na.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці