• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Чым далей 2020 год, тым радзей у сусветных медыях згадваюць пра памкненне беларусаў да свабоды і пра мірныя пратэсты ў Беларусі. Як вярнуць у міжнародны парадак дыскурс пра палітвязняў, рэпрэсіі, жаданне актыўнай часткі беларускага грамадства жыць у дэмакратыі? У Сейме Літвы разгарнулася дыскусія паміж палітыкамі і журналістамі.

    «Часам можна пачуць: Літва для літоўцаў. Аднак мы павінны змагацца»

    Не ўлічваць рэгіянальны і міжнародны кантэкст немагчыма. Гэта было агульным меркаваннем удзельнікаў дыскусіі. Многія пагадзіліся, што вызваленне Беларусі ад дыктатуры магчымае толькі пасля перамогі Украіны.

    — У наступным годзе ў некалькіх краінах прызначаныя выбары, паралельна ідуць войны, — нагадаў старшыня Камітэта па міжнародных справах Сейма Літвы, кіраўнік парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантас Павілёніс. — Пуцін не можа перамагчы Украіну, таму будзе спрабаваць гэта зрабіць у сталіцах Еўропы, у тым ліку ў Вільні. Як вядома, перад выбарамі павялічваецца колькасць прыхільнікаў ізаляцыянізму. Часам і тут можна пачуць: «Літва для літоўцаў». Ну дык давайце зачынімся і схаваем галаву ў пясок! Але мы павінны з гэтым змагацца, паколькі аўтакратыі выступаюць як вось зла. Яны хочуць, каб мы спалохаліся, і тады яны разбяруцца са сваімі асноўнымі мэтамі.

    Палітык выказаўся супраць разлучэння з суседзямі, якія шчыра выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасці і супраць агрэсіі Крамля.

    — Цяпер многае залежыць ад Украіны. Пераможа яна ці не? Ці будзе раўнавага? Ці запросяць краіну ў Еўрасаюз? Ці з’явяцца тролі Пуціна, якія заблакуюць гэтую ініцыятыву? Такая ж гульня ідзе ў ЗША, — заўважыў ён.

    Таксама Жыгімантас Павілёніс звярнуўся да дзіцячых успамінаў, калі за савецкім часам ягоны дзядуля прапанаваў прачытаць кнігу па гісторыі Літвы. Ён гартаў старонкі са слязьмі на вачах, разважаючы, ці вернуцца тыя славутыя часы. А потым здарыўся 1991 год, літоўцы выйшлі на вуліцы, каб вярнуць незалежнасць.

    — Хоць тады нас угаворвалі застацца з Гарбачовым, — звярнуў увагу ён. — Цяпер таксама ёсць палітыкі, якія мяркуюць, што ў Расіі і Беларусі ўсё скончылася. Але я спрабую пераканаць, што гэта не так. Нам таксама некалі не верылі… Пасля беларускай рэвалюцыі прайшло тры гады. Хтосьці прапануе пабудаваць «Вялікую Кітайскую сцяну», а я кажу: не. Як жа быць са студэнтамі, журналістамі, якія нясуць слова праўды? Ці можам мы іх пакінуць на разарванне Пуціну і Лукашэнку?

    Звяртаючыся да беларусаў, літоўскі парламентарый заклікаў дэманстраваць падтрымку Украіне, гучна заяўляць пра жаданне ўступіць у Еўрасаюз і НАТА.

    — Я таксама стаяў перад савецкімі танкамі і не баяўся. Разумеў, што магу памерці. І другі бок гэта зразумеў. У выніку 13 студзеня [1991 года] стаў самым выдатным днём у маім жыцці, — скончыў на эмацыйнай ноце Жыгімантас Павілёніс.

    «Людзям на Захадзе складана растлумачыць, што такое сучасная Расія і як жыць у Беларусі»

    Геапалітычная рэальнасць і ўяўленне пра яе грамадства ў тых ці іншых краінах немінуча адлюстроўваецца ў мясцовых медыя.

    — Лягчэй трымаць фокус увагі да Украіны, чым да Беларусі і Расіі, — прызнае рэпарцёр з велізарным стажам і прадстаўнік Саюза журналістаў Эстоніі Аго Гашкаў. — Ключ ўсіх праблем знаходзіцца ў Кіеве. Калі ўкраінцам атрымаецца перамагчы, тады вырашыцца праблема з Беларуссю. Мы гэта разумеем, але растлумачыць гэта Захаду вельмі складана. Калі ў Іспаніі ўкраінская тэма знікла з першых палос, то вельмі цяжка пераканаць людзей, што канфлікты вырашаюцца не ў Палестыне, а менавіта вайна ва Украіне зменіць большую частку свету.

    Тым не менш украінская тэма паступова саступае месца іншым публікацыям. Адбываецца тое, чаго асцерагаліся многія прыхільнікі Кіева — руцінізацыя вайны.

    Інтарэс аўдыторыі вяртаецца, як правіла, на фоне гучных навін з фронту, якіх стала істотна менш пасля правалу контрнаступу ЗСУ і скандальных лакальных гісторый, што трапляюць у СМІ.

    У Эстоніі такая гісторыя адбылася нядаўна. Платформа Toeta.me збірала ахвяраванні для Украіны. Адгукнуліся каля чатырох тысяч чалавек. Як анансавалася, сродкі планавалі накіраваць на закупку дронаў. Але пасля заканчэння кампаніі арганізатары не змаглі атрымаць доступ да 220 тысяч еўра. Пасля гэтага пракуратура распачала справу ў дачыненні да адзінага чальца праўлення платформы Хенры Лаўпмаа.

    — Людзям на Захадзе складана патлумачыць, як жыць у Беларусі, чаму такія падзеі адбываюцца ў Арменіі, што такое сучасная Расія. Нам трэба звярнуць увагу заходняй аўдыторыі на гэтую праблему. Пераканаць, што ад гэтага залежыць іх будучае жыццё. Тым жа іспанцам нагадаць, што, калі Расія наважыцца напасці на яшчэ нейкую краіну, ужо ім давядзецца прымаць уцекачоў, магчыма, з Германіі, — падсумаваў Аго Гашкаў.

    «З дапамогай беларускіх журналістаў можна знайсці герояў для цікавых публікацый»

    Пасля 2020 года ўтрымаць увагу да беларускай тэмы складана, пагадзілася галоўная рэдактарка радыё Unet Вольга Сямашка

    — На першыя палосы сусветных газет трапляе толькі рэжым, калі прымусова пасадзяць самалёт ці арганізуюць наступ на Украіну з тэрыторыі нашай краіны, — адзначыла журналістка.

    Паводле яе, не трэба чакаць эксцэнтрычных выхадак рэжыму, а неабходна супрацоўнічаць з мясцовымі журналістамі і аўдыторыяй па актуальных пытаннях. Да прыкладу, цяпер нелегальная дэпартацыя дзяцей з Украіны выклікае вялікі рэзананс, і супрацоўнікі беларускіх медыяў могуць дапамагчы аб’ектыўна разабрацца ў сітуацыі.

    — Беларусь добра разумеюць суседзі, але ў Германіі ці Францыі цяжка расказваць пра праблему з беларускім пашпартам і легалізацыяй. У такім выпадку трэба распавядаць асабістыя гісторыі, якія добра заходзяць, — падкрэсліла Вольга Сямашка.

    Яна таксама лічыць, што Літве і Латвіі трэба сур’ёзна ацэньваць, што кажа беларуская прапаганда, і даступна тлумачыць сваім грамадзянам, чым можа быць цяпер небяспечная паездка ў РБ.

    — Многія краіны ўступілі ў палітычныя кампаніі, — прапанавала ўлічваць і гэты фактар рэдактарка радыё Unet. — Асабіста мне не вельмі падабаецца, як беларуская тэма падаецца ў літоўскіх медыях. Рэгулярна гучыць наратыў пра пагрозу нацыянальнай бяспецы. Аднак абсалютная большасць беларусаў, якія прыехалі сюды, — выдатныя, адукаваныя і дэмакратычныя людзі. З дапамогай беларускіх журналістаў можна знайсці герояў для цікавых публікацый і зламаць негатыўны трэнд.

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON

    «Мяне вельмі раздражняе такі падыход. Мы падманваем людзей»

    Шэраг складаных і балючых пытанняў, якія баяцца задаваць адзін аднаму многія палітыкі, узняў кіраўнік Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус.

    — Колькі была ў фокусе ўвагі на Захадзе [савецкая] акупацыя краін Балтыі? Не была, — нагадаў ён. — У міжнародным фармаце гаварылася, як жыць Захаду і Усходу, але Літва не была тэмай для міжнароднай супольнасці. Я баюся, што акупацыя Беларусі можа працягвацца яшчэ 50 гадоў, пакуль Расійская Федэрацыя не разваліцца.

    Паводле яго, нязручныя пытанні баяцца задаваць, бо няма праўдзівых адказаў. А калі б яны былі, то давялося б сур’ёзна ўзбройвацца. Іншы момант, ці трэба задаваць такія пытанні палітыкам ці пакінуць на водкуп журналістам?

    — Пасля 2020 года рэжым у Беларусі вымусіў з’язджаць людзей, — закрануў ён адчувальную тэму для многіх беларусаў. — Мы глядзім на гэта і думаем, што беларускія праблемы вырашаюцца ва Украіне. Але ў такім выпадку адбываецца аб’ектывацыя. Ад людзей быццам бы нічога не залежыць, мы спісваем іх і аддаем на волю Пуціна. Мяне вельмі раздражняе такі падыход. Мы падманваем людзей.

    Развіваючы сваю ідэю, ён задаўся пытаннем: ці вераць журналісты, палітыкі, грамадства, што пасля адваявання Украінай сваёй тэрыторыі вайна скончыцца і што больш не будуць ляцець снарады?

    — Мы баімся сказаць слова эскалацыя, каб вайна не пашырылася, — прызнаў Дайнюс Радзявічус. — Але праўда ў тым, што як толькі ты дазваляеш дыктатару заваяваць частку тэрыторыі, ён адразу пачынае планаваць наступны вайсковы паход. Як можна ўтрымліваць увагу аўдыторыі ў такіх шызафрэнічных устаноўках? На месцы чытача я б паслаў усё да чорта і стаў рыхтавацца да Калядаў.

    «Некаторыя рэжымы цяпер падаюцца ненармальнымі, але некалі яны былі нормай»

    Прыклад таго, як можа быць уладкаваная праца для незалежных журналістаў, якія апынуліся ў выгнанні, — Медыя Хаб Рыга (Латвія). Ён стаў домам для супрацоўнікаў незалежных медыяў з Беларусі і Расіі. Ініцыятар яго стварэння Сабіне Сіле распавяла пра сваё бачанне:

    — Вельмі важна, каб у дэмакратычных сістэмах бераглі каштоўнасці, нават калі паблізу адбываецца вайна. Падчас крызісных сітуацый становіцца больш жорсткай цэнзура, пра якую мы памятаем з савецкіх часоў. Мы ведаем, што такога не павінна быць. Няўрадавы сектар мусіць супрацоўнічаць з іншымі арганізацыямі, каб ведаць, як гарантаваць бяспеку журналістаў. Інакш іх эфектыўная праца немагчымая.

    Менавіта некамерцыйныя арганізацыі, падкрэсліла Сабіна Сіле, павінны зрабіць усё для аказання дапамогі незалежным журналістам у выгнанні — падтрымаць у пытаннях легалізацыі, фінансавання і гэтак далей.

    — На адным з семінараў у нас адбылася дыскусія пра карупцыю са следчым з Швецыі. Ён казаў: трэба бачыць перспектыву. Цяпер хабарніцтва ўспрымаецца як несправядлівасць, але гістарычна гэта было нормай. Сапраўды, гэтак жа некаторыя рэжымы цяпер здаюцца ненармальнымі, але некалі яны таксама былі нормай. А цяпер адбываецца іх трансфармацыя. Паглядзіце, якога прагрэсу за апошнія 10–20 гадоў дамагліся краіны Балтыі. Мы бачым пазітыўныя змены, і пра гэта павінна чуць наша аўдыторыя, — звярнулася да журналістаў прадстаўніца Латвіі.

    Чытайце яшчэ:

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Раўнабедраны трохкутнік. У Вільні праходзіць форум свабоднай журналістыкі

    Даследаванне: каля 30% беларускіх і расійскіх журналістаў пасля эміграцыі сышлі з прафесіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці