Шэсць тыповых выпадкаў парушэння аўтарскага права ў СМІ і як іх пазбегнуць
У Беларусі большасць пытанняў аўтарскага права вызначаюцца законам “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”. Пра шэсць тыповых выпадкаў парушэння аўтарскага права ў СМІ і тое, як іх пазбегнуць, распавядаюць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Адяксандр Жук і вядомы беларускі адвакат Сяргей Зікрацкі.
Аляксандр Жук лічыць, што базавыя веды па аўтарскім праве неабходныя і журналісту-штатніку, і фрылансеру: на этапе падрыхтоўкі матэрыялу яны дапамогуць не парушыць правы іншых аўтараў, а калі тэкст апублікаваны, то дазволяць пераканацца, што правы самога журналіста не парушаюцца. Сяргей Зікрацкі адзначыў: “Дзе два юрысты, там тры меркаванні”, таму варта разумець, што па некаторых пытаннях не будзе адназначнага талкавання Закона аб аўтарскім праве. Аляксандр Жук кажа, што паспрачаўся б нават з некаторымі тэзамі з ўласных артыкулаў трохгадовай даўніны, апублікаванымі на сайце БАЖ, хаця па-ранейшаму рэкамендуе іх прачытаць. Зрэшты, у выпадках, калі заканадаўчая база не дае адназначных адказаў, не варта забывацца на журналісцкую этыку.
Дык якія ж тыповыя парушэнні аўтарскага права дапускаюць беларускія СМІ і што з гэтым рабіць?
Неадпаведна падпісаныя фотаздымкі
Частая практыка — выкарыстанне ў адным інтэрнэт- ці друкаваным артыкуле ілюстрацый з розных крыніц і пералік аўтараў у канцы тэкста.
На думку Сяргея Зікрацкага, гэта парушэнне аўтарскага права. Аўтарства і/ці крыніца, адкуль узятая выява, павінны быць пазначаны ля кожнай ілюстрацыі, каб чытач дакладна ведаў, дзе чый фотаздымак. Больш за тое, нават калі выкарыстаны фота толькі аднаго аўтара ці з адной крыніцы, лепш, каб гэта было таксама адлюстравана каля кожнай выявы, хаця такі падыход можа здавацца збыткоўным. У той жа час кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын трактуе такія выпадкі па-іншаму: добра было б, калі б так падпісвалі, але практыка склалася недасканалая, і на выпадак узнікнення судовай спрэчкі мы не можам апеляваць да Закона аб аўтарскім праве: там пазначана, што аўтар мае права на імя, але не пазначана, якім жа дакладна чынам гэтае права павінна здзяйсняцца. Таму мы маем справу з тым самым выпадкам, дзе варта кіравацца журналісцкай этыкай ды інтарэсамі чытачоў, якія, напэўна, хацелі б мець дакладныя звесткі пра аўтарства здымкаў ды крыніцу іх паходжання.
Няправільнае разуменне пазнакі “для некамерцыйнага выкарыстання”
Любое выкарыстанне кантэнту ў СМІ лічыцца камерцыйным! Нават калі артыкул — на сацыяльную тэматыку і не мае ніякіх прыкметаў рэкламы. Падчас семінару агучвалася некалькі кейсаў. Напрыклад, СМІ мае падпіску на Flickr, за якую плаціць штомесяц. Выявы з пазнакай “для некамерцыйнага выкарыстання” яно ў такім выпадку ўзяць не можа, ці можа толькі за дадатковую плату, варта глядзець, як пазначана аўтарам выявы. Тое ж датычыцца матэрыялаў, што распаўсюджваюцца па ліцэнзіях Creative Commons, што ўлучаюць такую пазнаку. Пра Creative Commons можна пісаць асобна і шмат, тут адзначым, што бывае шэсць відаў ліцэнзій, і толькі творы, якія распаўсюджваюцца па трох з іх, падыходзяць для выкарыстання ў СМІ.
Неадпаведнае выкарыстанне кантэнту з сацыяльных сетак
Ва ўмовах Facebook пазначана, што, змяшчаючы кантэнт на яго старонках, карыстальнік пагаджаецца з вольным распаўсюдам яго ў межах сацсеткі. Але толькі ў межах сацсеткі! Таму ўставіць на старонку СМІ код, які адсылае да допісу ў Facebook, можна, а сцягнуць кантэнт без згоды аўтара і запампаваць на сайт СМІ — ужо будзе парушэннем аўтарскага права.
Youtube дазваляе для кожнага з запампаваных ролікаў абраць ліцэнзію, па якой кантэнт распаўсюджваецца. Стандартная ліцэнзія Youtube дзейнічае прыкладна так жа, як і правілы Facebook. Можна абраць адну з ліцэнзій Creative Commons, і тады ўжо СМІ павінна ўпэніцца, што праваўладальнік дазваляе камерцыйнае выкарыстанне роліка.
Vkontakte дазваляе толькі некамерцыйнае выкарыстанне змешчанага там кантэнту, то бок у СМІ яго выкарыстаць без згоды аўтара нельга.
Сяргей Зікрацкі прытрымліваецца думкі, што калі няма пазнакі аб вольным карыстанні, згоду аўтара варта пытаць, і прапануе наступную схему:
- Вызначыць умовы карыстання (памер узнагароджвання/бязвыплатнасць)
- Указаць першакрыніцу інфармацыі (гіперспасылкай ці іншым шляхам, вызначаным праваўладальнікам)
- Указаць імя ці псеўданім аўтара
Гэту схему можна выкарыстаць не толькі для кантэнту з сацсетак.
Занадта вялікія цытаты з чужых твораў
Аб’ём цытавання павінна быць апраўданы яго мэтай. Канечне, гэта ацэначная катэгорыя: што апраўдана, а што не. Таму, цытуючы, варта задаць сабе два пытанні: 1) А ці не занадта шмат скрадзена чужога матэрыялу? І 2) Ці можна было працытаваць менш? Калі на абодва пытанні журналіст сам сабе адказаў “Не”, то, мабыць, неабходны аб’ём цытавання не перавышаны.
Перакананне, што значок © і подпіс “Усе правы абароненыя” і праўда іх абараняе
Пасля значка капірайту звычайна пазначаецца праваўладальнік і год стварэння аб’екта аховы аўтарскага права (напрыклад, “© Алена Ляшкевіч, 2017”). Але такія пазнакі носяць дэкларатыўны характар і ў выпадку ўзнікнення судовай спрэчкі журналісту давядзецца даказваць сваё аўтарства. Звычайна доказам слугуюць звесткі пра найбольш раннюю дату публікацыі.
Подпіс да артыкулаў кшталту “Прэс-служба” ці “Рэдакцыя”
Аўтарам можа лічыцца толькі фізічная асоба. Арганізацыя (рэдакцыя) ці індывідуальны прадпрымальнік не могуць быць аўтарамі. Тэхнічная дапамога не вядзе да ўзнікнення суаўтарства. Аўтарства не вызначаецца прыналежнасцю фізічнага носьбіта, на якім зафіксавана інфармацыя.
Асабістыя немаёмасныя аўтарскія правы неадчуджальныя, не могуць быць перададзеныя ці прададзеныя. Аўтар мае права на імя, і ў той жа час можа сам вырашыць, хоча ён апублікаваць матэрыял пад уласным імём, пад псеўданімам ці ананімна. Праўда, па Бернскай Канвенцыі 1886 г., якая з’яўляецца адным з самыз старых дзейсных міжнародных прававых актаў, навіны і інфармацыйныя зацемкі не ахоўваюцца аўтарскім правам. Такая ж норма адлюстравана ў Грамадзянскім Кодэксе Расіі і Украіны. У беларускім Законе аб аўтарскім праве гэта не прапісана. Калі выкарыстоўваць такую логіку, то ці варта лічыць аб’ектамі аўтарскага права прэс-рэлізы, якія таксама звычайна выходзяць ананімна? А рэпартажы, якія звычайна падпісваюцца? Аб’ект аўтарскага права адрозніваюць такія прыкметы, як творчасць (“стварэнне чагосці новага, чаго раней не было”) і ўвасобленасць у нейкай аб’ектыўнай форме, якую можна ўспрыняць хаця б адным з ворганаў пачуццяў. Таму прастора для інтэрпрэтацый досыць шырокая.
Калегам можна параіць у спрэчных выпадках кіравацца журналісцкай этыкай, ды памятаць, што па дапамогу можна звярнуцца да юрыстаў ГА «БАЖ» праз адрас арганізацыі.