Шэсць пратаколаў склала гомельская міліцыя ў дачыненні да журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай
Яшчэ ўвечары 24 сакавіка супрацоўнікі Гомельскага РАУС сцераглі журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову каля яе дома, каб уручыць позву: 25 сакавіка а 10-й раніцы быць у райаддзеле міліцыі, а пасля і ў пракуратуры.
“25 сакавіка — выходны дзень, ніхто не мае права пазбаўляць яго. Тым больш, што ў мяне былі іншыя планы на гэты дзень. Натуральна, я пайшла на Дзень волі. Пасля акцыі мяне затрымлі ў народным рэстаране “Бацькі” міліцыянты Ігар Новак і Сяргей Касакевіч, адвезлі ў гарадскую пракуратуру. Там мне ўручылі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”, падпісанае намесніцай пракурора Ірынай Макарэвіч. Потым мяне павезлі праз увесь горад у Гомельскі РАУС адразу да начальніка аддзелу Васіля Краўцова. Той стаў пытацца: дзе гэта я ночыла?”.
У міліцыі на Шчыракову склал спачатку два пратаколы: няяўка па позве і незаконны выраб прадукцыі СМІ (22.9 КаАП). У дадатак выпісалі позву: 26 сакавіка зноў быць у міліцыі а 10‑й гадзіне.
“У недзелю я ледзь ад’ехала на аўтамашыне ад дому паўкілометра, як мяне запынілі інспектары ДАІ. Сказалі, што паводле заявы маёй маці я лічуся зніклай. Пакуль гутарылі, я крыху спазнілася ў РАУС. Сяргей Касакевіч склаў на мяне цэлых два пратаколы — за несваочасовую яўку ў міліцыю, а яшчэ за пясок каля майго дома, прывезены чатыры дні таму, і за незарэгістраванага сабаку. Але гэта ўжо, відаць, паводле поклічу душы”.
Былі і яшчэ пратаколы: Рустам Цітоў аформіў пратакол за нібыта незаконную працу 25 сакавіка на “Маршы недармаедаў‑2”, а Сяргей Жураў з Рэчыцкага РАУСу — за сюжэт з Рэчыцы, дзе камунальныя дамы не рамантуюцца па сорак гадоў (22.9 КаАП). Сэжэт гэты паказаны быў на “Белсаце”.
Шчыракова дадае, што начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых Дзмітры Волкаў пагражаў забраць у яе дзесяцігадовага сына на той падставе, што яна нібыта яго не гадуе.
“Калі ўлічыць, што праз Гомельскі РАУС мяне вінавацілі ў крадзяжы грошай у пенсіянеркі з вёскі Раманавічы, то чарговыя шэсць пратаколаў — гэта, канечне, помста, гэта грубыя, няўклюдныя спосабы адбіць жаданне займацца журналісцкай працай”, — мяркуе Ларыса Шчыракова.