Шчыракова і Чайчыц распавялі еўрапейскім палітыкам і журналістам пра сітуацыю ў медыясектары Беларусі
Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Чайчыц і Ларыса Шчыракова наведалі Парыж і Брусель, каб распавесці еўрапейскім палітыкам і журналістам пра рэальную сітуацыю ў медыяпрасторы ў Беларусі, прыцягнуць увагу да пераследу беларускіх журналістаў ды разам пашукаць магчымыя шляхі вырашэння праблемаў. Візіт быў арганізаваны SNJ, SNJ-CGT, CFDT (Французскім нацыянальным саюзам журналістаў, Французскім нацыянальным прафсаюзам журналістаў) пры падтрымцы Еўрапейскай і Міжнароднай федэрацый журналістаў, а таксама ГА "БАЖ".
У межах візіту адбыліся сустрэчы з палітыкамі і чыноўнікамі структур Еўразвяза і Францыі — прадстаўнікамі Еўрапарламента, офіса ў справах палітыкі добрасуседства, праграмы «Усходняе партнёрства», офіса Савету Еўропы, з дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Францыі.
Падчас гэтага візіту былі арганізаваныя круглыя сталы ды прэс-канферэнцыі, сустрэчы з французскімі і бельгійскімі журналістамі, сябрамі і кіраўнікамі шматлікіх асацыяцый, арганізацый журналістаў.
Журналісты-фрылансеры паўночных краін Еўропы выступілі ў падтрымку беларускіх калегаў
Ларыса Шчыракова і Вольга Чайчыц супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», таму ім было пра што распавесці ў звязку з прафесійнай дзейнасцю. Пра перажыты ціск, бясконцы судовы пераслед, велізарныя штрафы, затрыманні і перашкоды падчас збору інфармацыі, пагрозы забраць дзяцей, беспадстаўны пераслед судовымі выканаўцамі, псіхалагічныя атакі, дэманстрацыю таго, што праслухоўваюць ды сочаць за імі.
Журналісткі распавялі і пра агульны стан свабоды слова ў Беларусі. Былі згаданыя перашкоды ў працы тэлеканала «Белсат», блакаванне ў пачатку года сайтаў «Хартыя’97» і belaruspartisan.org, крымінальныя справы супраць блогераў, «справа БелТА».
Стан са свабодай слова ў Беларусі адчувальна пагаршаецца, пры тым, што падтрымка Аляксандра Лукашэнкі еўрапейскімі палітыкамі ўзрастае, жорсткіх патрабаванняў перад кіраўніком дзяржавы цяпер ніхто не ставіць.
Унутры Беларусі механізмы для абароны журналістаў не дзейнічаюць — судовая і праваахоўная сістэмы не працуюць, Канстытуцыйны суд не прызнае, што правы журналістаў парушаюцца.
«У такой сітуацыі лагічным мог быць ціск з боку еўрапейскіх палітыкаў на беларускія ўлады, але гэтага не адбываецца. Размовы з палітыкамі вяліся не пад запіс, таму перакажу агульны сэнс, — распавядае Вольга Чайчыц. — Новую стратэгію еўрачыноўнікі тлумачаць тым, што Еўропа ўжо праходзіла праз выказванне патрабаванняў ды санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Але гэта прывяло да яшчэ большай ізаляцыі Беларусі, збліжэння і ўтварэння палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі. У такой сітуацыі ЕС не меў ніякай магчымасці ўплываць на тое, што адбываецца ўнутры краіны. Перыяды пацяплення, але з прынцыповымі патрабаваннямі таксама не давалі вынікаў. Бо выкананне патрабаванняў для ўладаў азначае стварэнне небяспечных умоваў для саміх сябе. Галоўная ж задача еўрапалітыкаў — наладзіць кантакт і сувязі, каб хаця б у будучым была мажлівасць уплываць на дэмакратызацыю краіны і паступова, крок за крокам, павялічваць тут сваю сферу ўплыву.
Палітыкі адзначалі, што кіраўнік Беларусі працягвае руку з такім імпэтам, з якім раней ніколі гэтага не рабіў. І яны гатовыя ісці на саступкі, працягнуць у адказ руку падтрымкі, у тым ліку фінансавай — дзяржаўным структурам, інстытутам і арганізацыям.
Палітыкі ЕС добра разумеюць, у якім стане знаходзіцца дэмакратыя і свабода слова ў нашай краіне, але адзначаюць, што высоўванне чарговых патрабаванняў — гэта крок у нікуды, чарговая сцяна перад уцягваннем краіны ў еўрапейскую прастору. Менавіта таму еўрачыноўнікі плануюць шэраг сустрэчаў, адукацыйных праграм, фінансаванне шматлікіх праектаў, і спадзяюцца, што дзякуючы гэтым праграмам удасца змяніць свядомасць тых чыноўнікаў, якія маюць уплыў у Беларусі».
Падчас круглых сталоў і сустрэчаў з журналістамі абмяркоўвалася, што можа зрабіць журналісцкая еўрапейская супольнасць, каб пытанне Беларусі заставалася ў парадку дня, каб беларуска-еўрапейскія дачыненні шырока абмяркоўваліся як у еўрапейскіх медыях, так і ў еўрапейскім грамадстве. Каб з’явілася рэальная цікавасць да таго, што адбываецца ў Беларусі.
Прэс-канферэнцыі, якія прайшлі ў Парыжы і ў Бруселі выклікалі цікавасць еўрапейскіх журналістаў — праблемы беларускіх медыяў абмяркоўвалі ў прэсе. Але галоўнае пытанне ў тым, як зрабіць так, каб цікавасць да Беларусі не знікала?
Фота з Facebook