Серж Харытонаў: «Ніводны беларускі палітык не абараняе маіх інтарэсаў, бо іх інтарэсы — у нафталіне 1990‑х»
З рэдактарам інтэрнэт-часопісу #RFRM і беларускім масонам Сержам Харытонавым гаворым пра тое, што дае заходняя адукацыя, чаму цікавыя «лонгрыды», чаму ня трэба надта фіксавацца на 90-х гадах, і хто яны, новыя героі Беларусі. З размовы мы выбралі сем фактаў пра Сержа Харытонава.
1. Жыў у Літве, Эстоніі, Катары, Ірляндыі, Вялікай Брытаніі, Расеі і Ізраілі
— Серж, вы — гарадзенец. Мае сябры і калегі, якія нарадзіліся ў Горадні, часта кажуць, што гарадзенцы — іншыя, адрозьніваюцца і ад менчукоў, і ад жыхароў іншых гарадоў. Ці пагадзіліся б вы з гэтым?
— Ёсьць такі жарт, што гарадзенцы ня любяць астатніх беларусаў, і менчукоў, але гэта толькі жарт. Кожны гарадзенец разумее гэты выраз, і ня будзе яго сур’ёзна ўспрымаць. Для нас Беларусь — адзіная краіна, непадзельная, і людзі зь Віцебску і з Магілёву для нас, безумоўна, усё адно такія ж беларусы са знакам якасьці. Я лічу, што ў Менску цяпер найбольш цікавае жыцьцё, бо сюды зьяжджаюцца найбольш выбітныя людзі з усёй краіны з тых, што не эмігравалі дагэтуль. Зараз у Горадні я сябе адчуваю крыху няёмка хіба… таму што амаль усе мае сябры адтуль зьехалі, бывае так нават, што і пагаварыць няма зь кім, калі прыеду. Але захаваліся добрыя ўспаміны пра старую Горадню, Горадню да рэканструкцыі, якую кожны гарадзенец любіць і захоўвае ў сваім сэрцы.
Праз 10 год вярнуўся ў Беларусь, якая зьмяняецца.
Я нарадзіўся і пражыў у Горадні да 18 гадоў. Пасьля жыў у многіх краінах — у Катары, Ізраілі, Ірляндыі, амаль год у Эстоніі і столькі ж у Расеі, у Вільні — амаль пяць гадоў, у Брытаніі — паўтара гады. У той самы час я браў удзел у адукацыйнай праграме Qatar Foundation у Катары і займаўся разьвіцьцём аднаго са сваіх прадпрымальніцкіх праектаў, таму жыў на тры гарады — Доху, Лёндан і Бірмінгем. І вось, праз 10 год вярнуўся ў Беларусь, якая зьмяняецца. Зьмяняецца павольна і балюча, але гэта адбываецца нашмат хутчэй, чым калі я адсюль зьяжджаў. Самае добрае ў гэтым — перамены ствараюць простыя людзі, якім надакучыла заўжды спадзявацца на дзяржаву, бо зразумелі, што патэрналізм прыкладна тры гады таму стаў сьмяротна хворы.
2. Адчуў сябе беларусам у Вялікабрытаніі
— А як вы сябе ідэнтыфікуеце? На сваёй старонцы ў Фэйсбуку прадставіліся як «бедны габрэй»...
— У кожным жарце ёсьць доля жарту. Па маці я сапраўды габрэй. Гэта неяк уплывае на маю ідэнтычнасьць, бо дазнаўся аб гэтым я ў даволі сталым узросьце. Але цяпер цяжка сказаць, хто ты паводле нацыянальнасьці. Усё перамяшалася. Мяне зразумеюць людзі, чый лёс падобны на мой: калі вельмі часта мяняеш гарады і краіны, больш за ўсё ідэнтыфікуеш сябе як «чалавека».
Нядаўна я рабіў для «Рэфармацыі» інтэрвію са сваім калегам па тэлеканале «Прямий», славутым украінска-расейскім журналістам Матвеем Ганапольскім. І, сярод іншага, мы зь ім абмяркоўвалі такі тэрмін як «глякалізацыія». Ёсьць такая ідэя, што чым болей сьвет становіцца глябалізаваным, тым больш ён становіцца лякальным. Само па сабе, гэта супрацьлеглыя трэнды, але чым далей ты зьяжджаеш за мяжу ад Беларусі, тым больш сябе адчуваеш беларусам. Пачытайце, інтэрвію выйдзе на сайце «Рэфармацыя» ў гэтыя выходныя.
Добры прыклад фэномэну «глякалізацыі» — музыка Пётр Клюеў, які распавядаў мне ў нядаўнім інтэрвію, што пачаў гаварыць па-беларуску, калі пераехаў у Аўстрыю. Гэтаксама і ў мяне найбольшае адчуваньне сябе беларусам адбылося ў Вялікабрытаніі, калі я бачыўся зь айцом Надсанам, мясцовымі беларусамі з эміграцыі, езьдзіў у Скарынаўскую бібліятэку і заходзіў пабачыцца зь дыяспарай ва ўніяцкай царкве беларусаў Лёндана. Менавіта там я канчаткова пераканаўся, што беларусы — ня той народ, які стэрэатыпічна корпаецца ў бульбе, і нічога ня можа зрабіць за гады свайго існаваньня на Зямлі.
3. Хоча зрабіць вялікае інтэрвію з Алексіевіч і Лукашэнкам
— Я зь цікавасьцю чытаю вашы вялікія інтэрвію зь адметнымі людзьмі для інтэрнэт-часопісу RFRM (Рэфармацыя) — зь Мікалаем Халезіным, Сашам Філіпенкам, Аляксандрам Фядутам, Пятром Клюевым і многімі іншымі. Паводле якога крытэру вы выбіраеце суразмоўцаў (яны даволі вядомыя ў Беларусі людзі і падаецца, што пра іх шмат вядома), празь які ракурс на іх глядзіце?
— Праект «Рэфармацыя» — гэта спроба распачаць перазагрузку мэнтальнасьці людзей, разуменьня сваёй радзімы як несавецкай краіны. Таму даволі часта мае героі — ня толькі вельмі таленавітыя людзі, але і злосныя антысаветчыкі. Праз іх я паказваю, што беларусы — гэта народ, які мае права выкінуць на сьметнік памяць аб камуністычным праўленьні і пачаць жыцьцё, што называецца, нанова. Можна сказаць, што мы фармулюем ідэйную базу для пакаленьня людзей, якія дакладна разумеюць, што яны — не палякі і не расейцы, не «савецкі Франкенштэйн», а самастойны эўрапейскі народ з крэатыўным духам і жаданьнем рухацца наперад, назаўжды разьвітаўшыся з савецкім мінулым. Нам патрэбныя маладыя героі і праз гэты праект я фармулюю погляды на краіну, у якой я застаюся жыць.
— Менавіта маладыя героі?
— Вы, напэўна, заўважылі, што большасьць маіх суразмоўцаў — даволі сталыя людзі. Калі я шукаю герояў для інтэрвію, найвялікшая праблема — знайсьці маладых людзей, якія могуць добра і аргумэнтавана распавесьці пра сваё бачаньне будучыні нашае краіны. Беларусы, як мне здаецца, занадта багата глядзяць у мінулае і занадта зафіксаваныя на 1990‑х гадах. Бо там і бел-чырвона-белы, і «Пагоня», і Зянон у пінжаку і на кані. Той час у мінулым.
Але героі, якіх мы бачым сёньня ў якасьці так званых «лідэраў думак» — той самы Статкевіч — гэта ў асноўным людзі, што былі выбітнымі палітыкамі ці грамадзкімі лідэрамі ў 1990‑х.
Яны па інэрцыі цягнуць нас у мінулае гэтаксама, як гэта робіць старая намэнклятура кляну «аграгаспадароў» ва ўладзе. Абое рабое, што называецца. Ніводны беларускі палітык — у тым ліку апазыцыйны — не абараняе маіх інтарэсаў, бо іх інтарэсы захаваныя ў нафталіне 1990‑х. Новае пакаленьне, людзі майго ўзросту, амаль ніяк не ангажаваныя ў беларускую палітыку, па-першае з той прычыны, што гэта нецікава, бо прыносіць не дывідэнды і рэалізацыю мараў, а толькі праблемы і агульную апатыю. Па-другое, у нас няма ані палітыкі, ані базавага парлямэнтарызму і дыскусіі. Грамадзтва і дзяржава існуюць амаль аўтаномна і перасякаюцца толькі тады, калі грамадзтву трэба атрымаць даведку ці па нырках, а дзяржаве трэба атрымаць падаткі ці плацяжы за камуналку. Мне хацелася б, каб у Беларусі зьявілася новае пакаленьне папулярных маладых журналістаў, што пішуць пра беларускую справу і палітыку.
Такія людзі зараз ёсьць, канечне, але мне цяжка сказаць, што гэта мэйнстрым, што маладых журналістаў такога кшалту, хіба апроч Шрайбмана, ведаюць людзі на вуліцах. Палітычна-грамадзкая журналістыка ў Беларусі пакуль што ня можа быць камэрцыйна цікавай, бо канфлікт інтарэсаў пакуль што захаваны, у асноўным, на ўзроўні дзяржава-грамадзкасьць. У журналістыцы і мэдыях пакуль не зарабляюць грошы і трэба разумець, што ў гэтай краіне на журналістыку можна толькі выдаткоўваць. Я бачу, як моладзь працуе ў журналістыцы ці займаецца грамадзкімі справамі ў суседніх краінах. Там гэта сапраўды прэстыжна і ў людзей, якія займаюцца гэтымі справамі, больш пэрспэктываў, чым у нас. У Беларусі гэта хутчэй пакліканьне, чым жаданьне зарабіць грошы. Пакуль што.
Пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў рынак журналістыкі ў Беларусі зьменіцца непазнавальна.
Бо па маіх назіраньнях, за апошнія некалькі год сфармаваўся цэлы набор канфліктаў унутры беларускага чынавенства, бізнэсу і сілавікоў — разам і паасобку — і яны ўсе пачынаюць разумець моц незалежных мэдыяў. У тым ліку неабходнасьць стварэньня «сваіх» папулярных мэдыяў для стварэньня нацыянальнай павесткі дня і абароны сваіх інтарэсаў. Я не футуроляг, канешне, але маю адчуваньне, што пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў рынак журналістыкі ў Беларусі зьменіцца непазнавальна — і гэта будзе найцікавейшы час за апошнія 25 год.
— Каго марыце запрасіць на інтэрвію, але пакуль не атрымалася?
— Амаль год я спрабую пагаварыць са Сьвятланай Алексіевіч, якая некалькі разоў пацьвердзіла інтэрвію, але неяк усё не атрымоўваецца ў нас арганізаваць лягістыку. Можа, праз рэдакцыю «Свабоды» нагадаю ёй, што я з імпэтам чакаю гэтае размовы, тым больш, што да гэтага часу ўсе апублікаваныя на «Рэфармацыі» інтэрвію былі толькі з мужчынамі. Мне цікава было б пагаварыць з тымі, зь кім ужо немагчыма пагаварыць, напрыклад з Быкавым. Ягоны сын дагэтуль сябруе з маім бацькам, таму ў мяне на памяць захавалася фотакартка, якую Васіль Быкаў-старэйшы, наш славуты пісьменьнік, падпісаў мне ў 2001 годзе, калі ён жыў у Фінляндыі: «Сержуку Харытонаву ў сьвята Новага году». Тады я быў малы і ня меў часу запытацца яго пра тое, што мяне цяпер цікавіць… На жаль.
4. Дзяцінства прайшло ў рэдакцыі газэты «Пагоня» пад кіраўніцтвам Міколы Маркевіча
— Дарэчы, а чаму Серж? Чаму не Сяргей, Сярожа, Сяржук?
— Дома мяне звычайна называюць Серж. Быў такі жарцік с часоў майго беларускамоўнага садку, а пасьля зачапілася, і зараз амаль усе мае сябры так мяне называюць. Сержуком мяне называюць зараз толькі, хіба, старыя сябры з Горадні — з той суполкі, якая існавала вакол грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша» і газэты «Пагоня». Калі я быў пяціклясьнікам, праводзіў у гэтай рэдакцыі кожны дзень (дарэчы, у тым жа будынку была сядзіба БНФ, «Маладога фронту» і камуністаў). Можна сказаць, што маё дзяцінства прайшло ў рэдакцыі газэты «Пагоня» пад кіраўніцтвам Міколы Маркевіча, і тая атмасфэра найбольш паўплывала на мяне як журналіста. Дарэчы, я вельмі ўдзячны Юлі Дарашкевіч, бо яна была першым чалавекам, які правёў для мяне нейкія журналісцкія курсы. Яна дапамагла мне стварыць першую ў сваім жыцьці газэту. Было гэта напачатку 2000‑х. Юля, дзякуй.
— Вы кажаце, што шукаеце для інтэрвію маладых людзей, каб празь іх погляд пабачыць новую Беларусь. А калі б была магчымасьць зрабіць інтэрвію з палітыкам, які прыйшоў да ўлады ў тыя самыя 1990‑я гады? Ці хацелі бы вы ў Лукашэнкі інтэрвію ўзяць? Ці хацелі б размаўляць зь ім у звыклым для яго стылі, калі звычайна ці маналёг адбываецца, ці ён спрабуе яго ператварыць у спрэчку з журналістам.
— Я б зь вялікім задавальненьнем пагаварыў зь ім, бо праз кожнае інтэрвію я спрабую зразумець свайго суразмоўцу. Даволі многа герояў, зь якімі я размаўляю, гавораць маналёгамі. Мне гэта цікава, бо інтэрвіюера павінна быць мала ў інтэрвію, мяне там увогуле амаль не павінна быць заўважна. У інтэрвію заўжды два аўтары, але галоўны з іх — герой інтэрвію. Гэта ён найперш цікавы, а не я. Тое самае з прэзыдэнтам Беларусі. Маналёг? Хай сабе. Для мяне галоўнае — атрымаць зьмястоўныя адказы на свае пытаньні. Было б цікава зь ім пагаварыць, бо для многіх людзей у гэтай краіне (і не толькі) гэта досыць папулярны герой. Пазытыўны ці нэгатыўны — іншая справа. Мая справа задаваць добрыя пытаньні, а ацэньваць герояў — справа аўдыторыі.
5. Лічыць важным ствараць і чытаць «лонгрыды»
— Цяпер назіраецца тэндэнцыя, калі многія СМІ арыентуюцца на кароткія формы, каб у адной карцінцы ці на адной старонцы, ці ў кароткім відэа перадаць галоўнае і зразумела для кожнага. У «Рэфармацыі» вы сьвядома зрабілі стаўку на даўгія тэксты, «лонгрыды». І, гледзячы па ўсім, гэтая стратэгія спрацоўвае. Патлумачце, як вы прымалі рашэньне, якія чыньнікі адыгралі ролю?
— Гэтую ідэю мы ў камандзе даволі доўга абмяркоўвалі. Стала заўважна, што некаторыя людзі, як і мы, хочуць падумаць над тым, што яны чытаюць. Мы ўсьведамляем, што сьвет стаў вельмі хуткі, што мы ня маем часу прыпыніцца на хвілінку і падумаць над нейкімі важнымі тэмам. І гэтыя важныя тэмы мы вырашылі ўзьняць, але такім чынам, каб людзі маглі прачытаць тэкст і зразумець нейкі фэномэн «ад альфы да амегі». Як Беларусі абараніцца ад сэпаратызму на ўсходзе ці захадзе? Чаму патрэбна абараняць Курапаты? Чаму «беларусізацыя», пра якую распавядаюць СМІ, насамрэч фэйк? Навошта Беларусі моцная армія? Чаму расейскія ўлады распачалі траўлю Алексіевіч? Мы адказваем на гэтыя пытаньні для тых, хто насамрэч жадае разабрацца ў праблемах сучаснай Беларусі і яе суседзяў — і даем моцныя аргумэнты для дыскусіі.
Што не разумеюць пра ВКЛ у Расеі? Здаецца, тэма старая і простая, што клямка. А па праглядах і камэнтах у нашай Facebook-суполцы атрымоўваецца, што тэкст папулярны і тэзісы новыя, але вельмі запатрабаваныя. Людзі жадаюць, каб для іх сфармулявалі ідэі, якія яны адчуваюць на кончыках пальцаў. Калі ўсе пісалі, што Асмалоўку трэба захаваць, мы вырашылі паглядзець, як гэтая сытуацыя можа разглядацца ў міжнародным кантэксьце, і што значыць прыватная ўласнасьць для людзей па-за межамі Беларусі. Атрымаўся вельмі рэзанансны тэкст. Тое самае было з расьсьледаваньнем пра маёмасьць былога рэктара ЭГУ, якое не перадрукавалі толькі самыя лянівыя СМІ Беларусі.
Адна з самых вялікіх праблемаў беларускіх мэдыяў, як мне падаецца, ў тым, што Беларусь не разглядаецца ў міжнародным кантэксьце, нашая журналістыка вельмі зачыненая на сябе — бо чытачы прызвычаіліся да простых адказаў. Мы існуем адначасова ў расейскім інфармацыйным полі, а таксама ў інфармацыйным полі, дзе Беларусь — гэта канец сусьвету, і па-за яе межамі амаль нічога няма. Хіба што Расея. Але, як вы ведаеце, сьвет зусім не такі. Трэба адкрываць Беларусь для саміх сябе як інтэграваны ў сьвет край, бо праблемы, зь якімі мы сутыкаемся, ня толькі нам уласьцівыя. І, канешне, трэба менш арыентавацца на навіны і праекты з Расеі — калі б толькі «Советская Белоруссия» ці папяровая «Наша Ніва» пачалі друкаваць па 4 старонкі добрых перакладных тэкстаў з эўрапейскіх, амэрыканскіх, польскіх ці, прасьці Божа, украінскіх СМІ раз на тыдзень, узровень дыскусіі ў Беларусі падскочыў бы за наступныя 7 дзён — бо стандарты і тэмы, якія цікавяць вольных людзей, зусім іншыя, чым тыя, да якіх нашыя мэдыя прызвычаілі аўдыторыю праз цэнзуру ды — што нашмат горш — самацэнзуру.
6. Лічыць, што ў Беларусі людзі з заходняй адукацыяй могуць добра рэалізаваць сябе
— Штогод сотні ці ня тысячы беларусаў едуць вучыцца за мяжу, і пераважаная большасьць робіць усё дзеля таго, каб там застацца. Вы вярнуліся пасьля жыцьця і вучобы ў розных краінах. Чаму? Сьвядома ці вымушана? Як заходняя адукацыя прыдалася ў рэалізацыі ў Беларусі, а ў чым адчуваеце сябе крыху іншым?
— Я вярнуўся ў Беларусь таму, што мне вельмі не хапала адчуваньня дома і сяброў. Я вандраваў амаль 10 год і на некаторы час вырашыў пераехаць у Менск, бо мне стала цікава зразумець, што адбываецца ў краіне, дзе я скончыў школу. Вельмі добрую гарадзенскую школу, якая дала мне веданьне ангельскай мовы і шлях у сьвет бязь межаў. У мяне ў Беларусі ёсьць адчуваньне дому, але мяне вельмі пужае, што гэты край можа рассыпацца з прычыны праблемаў, якія многа год кансэрваваліся ў нашым грамадзтве. Даволі доўгі час я думаў, што хачу зьехаць зь Беларусі назаўжды, бо тут «дно». Цяпер я разумею ўсё больш, што на самой справе ў Беларусі ня ўсё так дрэнна, як падавалася ў мае 18 год.
Людзі «паліваюць» усю нашую краіну лайном, бо кожную ейную вуліцу, дом і чалавека зьвязваюць з дыктатурай. У нас і праўда вельмі сур’ёзныя праблемы з выкананьнем абавязкаў дзяржавы па абароне правоў чалавека, праблемы з выбарчай і судовай сыстэмай. Тым ня менш, многія праблемы беларусаў ня толькі ад дзяржавы — але і ад нявыхаванасьці і неадукаванасьці грамадзян. Рэчы пазнаюцца ў параўнаньні, і паглядзеўшы амаль 30 краінаў сьвету, я магу сказаць, што ў Беларусі ня так ужо і блага, але многія нашыя праблемы застаюцца ня вырашанымі, у тым ліку, празь млявасьць людзей, адсутнасьць ініцыятывы і веры ў сябе. Дзяржава не дапаможа табе стаць моцным. Нам можна спадзявацца толькі на сябе — і чым больш людзей гэта зразумеюць, тым хутчэй жыцьцё ў нашым краі палепшае. На Беларусі ёсьць даволі многа рэчаў, якіх не хапае за мяжой — для мяне гэта мае сябры і тое, што я магу зрабіць, каб нешта важнае для мяне мянялася ў сьвеце. «Рэфармацыя» — адзін са спосабаў данесьці свае думкі да астатніх.
— Серж, вам 28 гадоў. Ці вы ўжо сфармулявалі, якая ваша галоўная амбіцыя? На колькі працэнтаў вы ўжо рэалізаваліся, а колькі наперадзе?
— Думаю, што вельмі мала рэалізавана таго, што хацелася б зрабіць. У нас зь Пятром Клюевым, пра якога я ўжо казаў сёньня, вельмі падобныя біяграфіі. Ён сказаў, што недзе на 19 адсоткаў рэалізаваў сябе. Я думаю, што мой рэалізаваны патэнцыял недзе на такім жа ўзроўні, а мо, нават, і значна менш. Ёсьць некалькі цікавых праектаў, якімі я зараз займаюся, але «Рэфармацыя» на дадзены момант самы «драйвовы». У Беларусі можна вельмі добра рэалізаваць сябе, калі маеш заходнюю адукацыю ці нават проста доўгі досьвед жыцьця на Захадзе. Тут катастрафічна не хапае людзей, для якіх сьвет не скачваецца межамі Саюзнай дзяржавы.
Дзяржава ня ёсьць рэжым.
Зараз беларусы ўсё ж пачынаюць разумець, што мы — эўрапейскі народ, што мы — не расейцы, што мы — больш ня частка СССР. Мне вельмі цікава глядзець на трансфармацыі, як людзі пачынаюць цаніць сваю дзяржаву, што маюць, нягледзячы на эканамічныя праблемы, на дурных начальнікаў. Мне вельмі сумна ад таго, што беларусы даволі жорстка ставяцца адзін да аднаго. Яны гэтага не заслугоўваюць, і я думаю, што нам трэба навучыцца любіць адзін аднаго нягледзячы на ідэалягічныя канфлікты, але гэта вельмі доўгі шлях, які мы толькі распачалі.
Дзяржава ня ёсьць рэжым. Мне здаецца, што зараз у Беларусі вельмі цікавы час, час пераменаў. Не хачу паказацца папулістам і казаць аб пераменах у фармаце «Хартыі», быццам заўтра ўсё зьменіцца, дыктатар тое, крывавы рэжым сёе… «Хартыя» — гэта трухлявы шоўбіз, а я ўсё ж хачу захаваць сябе ў мэдыйным арт-хаўсе. І ня толькі я. У Беларусі ёсьць вельмі многа герояў, пра якіх мы нават ня ведаем. І слова «героі» я выкарыстоўваю ні ў якасьці сродку міталягізацыі. Для мяне ў тым кантэксьце, які мы абмяркоўваем зараз, гэтае слова не нясе аніякай эмацыйнай адзнакі. Героі — гэта тыя людзі, што добра робяць сваю справу. Нам патрэбныя такія героі, а ня тыя, хто дзень і ноч марыць кінуцца на амбразуру — амэрыканскую, расейскую ці яшчэ якую. Калі дайшло да герояў на амбразуры — хана. Кожны беларус варты таго, каб захаваць сваё жыцьцё, і для мяне вось гэта самае важнае. Вялікая толькі тая краіна, якая не рыхтуе герояў для амбразуры. Беларусі патрэбныя героі адукацыі, навукі і бізнэсу. Усё астатняе — прапаганда.
7. Гаворыць на сямі мовах
— Два гады таму вас прынялі ў масоны ў Вялікабрытаніі. Тады ў інтэрвію вы казалі пра тое, што не сустракалі беларуса-масона. А што цяпер? У якой ступені масонства ўплывае на вашае жыцьцё і працу?
— Ужо сустракаў. Масонства — гэта найперш удасканаленьне сьвету і наколькі я магу, я спрабую ўдасканаліць яго ў меру свайго разуменьня.
— Колькі моваў ведаеце?
— Украінскую, беларускую, польскую, расейскую, ангельскую, літоўскую, і крыху францускую, якую ўжо пачынаю забываць. Хацеў бы вывучыць нідэрляндзкую.