• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сербскія журналісты папрасілі ўлады сваёй краіны не экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь

    Незалежная асацыяцыя журналістаў Сербіі зрабіла заяву ў абарону беларускага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта. Калегі заклікаюць сербскія ўлады не экстрадаваць Гнёта ў Беларусь.

    экстрадыцыя Андрэя Гнёта ў Беларусь

    Андрэй Гнёт. Фота: асабісты архіў

    Незалежная асацыяцыя журналістаў Сербіі звярнулася ў Апеляцыйны суд у Бялградзе з просьбай адмяніць рашэнне Вярхоўнага суда і вызваліць Андрэя Гнёта. У заяве журналісты звяртаюць увагу на сумнеўныя абвінавачанні ў адрас Андрэя Гнёта і на тое, што ў Беларусі ён будзе падвергнуты бесчалавечнаму абыходжанню і катаванням у турме. 

    «Мы таксама звяртаемся да міністра юстыцыі Маі Поповіч з тым, каб, калі апеляцыйны суд пацвердзіць рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь, яна выкарыстала свае законныя магчымасці і выратавала журналіста», — гаворыцца ў заяве.

    Паводле Сербскай асацыяцыі журналістаў, адвакат Андрэя Гнёта Філіп Сафіяніч у панядзелак, 17 чэрвеня, падае апеляцыю ў Апеляцыйны суд. Канкрэтных тэрмінаў для прыняцця рашэння няма, але адвакат чакае, што гэта адбудзецца на працягу паўтара месяца. У выпадку адмовы апошнім сродкам прадухіліць экстрадыцыю будзе рашэнне міністра юстыцыі, які можа не падпісаць дакумент.

    Таксама 14 чэрвеня стала вядома, што сумесную заяву ў абарону Андрэя Гнёта апублікавалі на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека 12 праваабарончых арганізацый.

    41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем»

    Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года пагранічнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці