Сайт Orsha.eu заблакавалі, бо публікавалі інфармацыю, якая негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля выбараў 2020 года
Па рашэнні пракурора Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да незалежнага інфармацыйнага сайта оrsha.eu.
Абмежаванне дзейнічае з канца лістапада 2021 года. Цяпер сувязь з чытачамі рэдакцыя падтрымлівае праз каналы ў Telegram і YouTube, старонкі ў “Одноклассниках”, на Facebook і ў Instagram, — кажа заснавальнік і рэдактар сайта Ігар Казмярчак.
Паводле ягоных звестак, праверку дзейнасці незалежнага сайта праводзіла пракуратура Віцебскай вобласці.
У афіцыйным заключэнні гаворыцца, што з боку рэдакцыі аршанскага рэгіянальнага партала оrsha.eu меліся значныя парушэнні Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі». У прыватнасці, былі выяўленыя факты размяшчэння на сайце інфармацыі, зместам якой была нанесеная шкода нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь — нібыта ў некаторых артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, якая негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля заканчэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года.
Віцебская абласная пракуратура палічыла, што гэтая інфармацыя была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнасці прэзідэнта РБ, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, бо на інтэрнет-рэсурсе “сістэматычна размяшчаліся публікацыі, якія матывавалі грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”.
Але ў высновах па выніку праведзенай праверкі так і не было ўказана, у якіх канкрэтна матэрыялах парушанае патрабаванне пп. 1.3 п. 1 арт. 38 Закона аб СМІ. Тым не менш, Віцебская абласная пракуратура звярнулася ў Міністэрства інфармацыі, вынікам чаго стала абмежаванне доступу карыстальнікаў да сайта orsha.eu.
Заснавальнік і рэдактар оrsha.eu падкрэслівае, што такім чынам парушанае права чытачоў на атрыманне інфармацыі.
“Вось і нашу працу “ацанілі” — рэгіянальны партал трапіў у пералік “небяспечных” сайтаў, якія пазбаўленыя магчымасці працаваць і распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю. Зрэшты, гэта не стала нечаканасцю пасля ўсяго, што сталася з незалежнымі СМІ апошнім часам”, — зазначае Ігар Казмярчак.
У ліпені 2021 года ў памяшканні рэдакцыі сайта сілавікі правялі ператрус, таксама ператрусы прайшлі дома ў рэдактара Ігара Казмерчака і фатографа сайта Дзяніса Дубкова. Міліцыянты шукалі доказаў, ці не з’яўляюцца супрацоўнікі рэдакцыі датычнымі да з’яўлення ў Оршы “апазіцыйных” надпісаў. Рэдактар нават быў падазраваным у крымінальнай справе паводле арт. 341 КК (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці), але праз некалькі месяцаў справу супраць яго спынілі.