• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Саркафаг накрыў атамны рэактар, а Беларусь — раўнадушша. У Мінску гаварылі пра Чарнобыль

    У Мінску адбылася прэзентацыя нямецкамоўнай версіі кнігі журналіста і пісьменніка Аляксандра Тамковіча «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі», а таксама дыскусія з удзелам некаторых суаўтараў выдання.

    У кнізе “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да сада надзеі” расказваецца пра дабрачынныя праграмы, якія дапамаглі тысячам пацярпелых беларусаў прайсці аздараўленне пасля чарнобыльскай катастрофы. І ў першую чаргу — пра дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля”, заснаваны Генадзем і Ірынай Грушавымі.

    Да слова, Генадзь Грушавы пайшоў з жыцця, калі яму было 64 гады пасля працяглай хваробы на рак крыві.

    Чаму кніга пра Чарнобыль і дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля” выйшла па-нямецку? Бо Германія, яе грамадзяне рэалізавалі мноства сацыяльна значных праграм па пераадольванні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

    “Мы праехалі амаль 5 тысячаў кіламетраў па Чарнобыльскай зоне. Мяне вельмі ўразіла, што прайшло ўжо 30 гадоў пасля катастрофы, а яны дапамагаюць», — расказаў Аляксандр Тамковіч.

    Першым з прысутных гасцей узяў слова кінарэжысёр і акцёр Вячаслаў Нікіфараў. Ён адным з першых спрычыніўся да дапамогі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС.

    “Раней філосафы казалі: “Калі сонца мільёны гадоў усходзіць і заходзіць, гэта не азначае, што заўтра яно падымецца яшчэ раз”. Бяспечных АЭС проста не існуе. Варта прызнаць, што мы знаходзімся пад пагрозай. Якім чынам нешта можа здарыцца? Мы не ведаем. Але такія акцыі, кнігі, якія дазваляюць думаць і разважаць, нам патрэбныя”, — сказаў спадар Нікіфараў.

    Урач з Буда-Кашалёва Валянціна Смольнікава, якая змагаецца з дзіцячымі ракавымі хваробамі, распавяла, што ад выбуху на ЧАЭС прайшло больш за 30 гадоў, але наступствы гэтай катастрофы для жыхароў Беларусі нікуды не зніклі.

    «Дзеці з чарнобыльскімі захворваннямі, якіх мы адпраўляем зараз на лячэнне за мяжу, не могуць расказаць сваім прыёмным сем’ям пра тое, што тут сапраўды адбылося. А тым часам, няма ніводнага беларуса, у каго б у арганізме не было чарнобыльскіх радыёнуклідаў. Як саркафаг накрыў атамны рэактар, так у Беларусі тут стаў саркафаг над думкамі, над сэрцам чалавека, і наступіла раўнадушша», — адзначыла Валянціна Смольнікава.

    Яна распавяла, што нядаўна знайшла тых людзей, якія ў юнацтве ці дзяцінстве перанеслі рак шчытападобнай залозы, аперацыі. Гэтыя людзі жывыя, але ўсе яны —інваліды. Некаторыя з іх маюць сем’і. А ў некаторых праз інваліднасць няма ні працы, ні сям’і. Некаторыя адмаўляюцца афармляць інваліднасць, бо тады шанцы працаўладкавацца моцна змяншаюцца.

    Таксама Валянціна Смольнікава распавяла, што летась абследавалі групу дзяцей:

    “Мы пабачылі, што ўнутры нашых дзяцей хаваецца ўся табліца Мендзялеева:  і стронцый, і цэзій… І здароўе нашых дзяцей пагаршаецца адназначна. Нас не пускаюць у школы, нам не даюць чытаць лекцыі. Дзеці і бацькі вяртаюцца з‑за мяжы з паніжаным узроўнем радыяцыі. І наша арганізацыя распаўсюджвае інфармацыю пра тое, што мусяць рабіць сем’і, каб узровень радыяцыі знізіўся”.

    Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч — адна з суаўтараў кнігі «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі». Падчас дыскусіі яна сказала, што тэма Чарнобыля як агульнай бяды магла б аб’яднаць людзей, але ўлады ўсяляк замоўчвалі гэтую праблему, што працягваецца і па сёння.

    «На маю думку, адно са злачынстваў улады — тое, што Чарнобыль не стаў з’явай, якую б абмяркоўвалі. У гэтым выпадку мы маглі б лепей супрацьстаяць катастрофе. А так мы пакінулі ўсё для нашчадкаў. Калі не даць людзям новых ведаў, яны і будуць жыць па-старому», — сказала Святлана Алексіевіч.

    «Улада ж разумее, што ў нашай дзяржаве з такім досведам Чарнобыля, канешне ж, не трэба было б рызыкаваць і будаваць новую атамную станцыю. Можна было б выкарыстаць вопыт скандынаўскіх або іншых краінаў, шукаць іншыя, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Але ж для гэтага патрэбна іншае мысленне, чалавек павінен быць культурным. Любая аўтарытарная ўлада, гэта, як правіла, малакультурная ўлада», — заўважыла Алексіевіч.

    Святлана Алексіевіч таксама падкрэсліла, што вырашэнне многіх сацыяльных, грамадскіх праблем у краіне магчыма праз развіццё агульнага культурнага фону ў дзяржаве:

    — Нам сапраўды з Чарнобылем жыць вечна з пункту нашага чалавечага жыцця. І калі дзяржава гэтым не займаецца, значыць, гэтым павінны займацца мы. Нікога іншага няма.

    Многія з вас былі за мяжой, і галоўны досвед, які адтуль можна вынесці, што людзі не чакаюць дзяржаўнай дапамогі. Калі ўзьнікае нейкая праблема, людзі вырашаюць гэта самі, гэта і ёсць грамадзянская супольнасць. Калі што прывозіць з Захаду, то не барахло нейкае ці электроніку, а прывозіць менавіта ідэі, іншы погляд на жыццё.

    Яны ж свабодзе вучыліся 200–300 гадоў. А мы жылі ў лагеры; можна сказаць, што мы ўсе лагерныя людзі. І нельга зачыніць вароты лагера і тут жа мы будзем свабодныя. Нічога падобнага, лагерны чалавек, калі ён выйшаў з лагера, ён паняцця не мае, што такое свабода. Многія нашы праблемы гэта праблемы культуры. Таму што жыццё ў нас нічога не каштуе. ГУЛАГ, вайна — гэта ўсё ўрэзалася ў нашу свядомасць. Ну, падумаеш, там хворыя дзеці. З погляду дзяржавы гэта няшмат каштуе.

    Што мяне ўразіла, калі я пісала кнігу… Было багата забруджанага мяса, дык яго дабаўлялі ў дарагую каўбасу. Я пыталася, чаму ў дарагую? А таму, што дарагой людзі многа не купяць. Вось гэта езуіцтва, якое ў нас на кожным кроку забяспечваецца тым, што мы самі не цэнім сваё жыццё. 

    Нягледзячы на тое, што мы адносімся да эпохі войнаў і рэвалюцый і для нас важныя барыкады, майдан (усё гэта, безумоўна, вельмі важна), але самае галоўнае — гэта Чарнобыль. Гэта галоўная падзея. І вось вельмі шкада, што мы гэтага не зразумелі.

    Ангела Гесляр — прадстаўніца фонда дапамогі дзецям Чарнобыля з нямецкага горада Ротвайля адмыслова прыехала ў Беларусь са сваімі суайчыннікамі, якія шмат год дапамагаюць у Беларусі пераадольваць наступствы выбуху на ЧАЭС. Яна адзначыла, што ў іх ініцыятывы ёсць мэта: каб пра Чарнобыль не забыліся.

    “Чарнобыль не прайшоў і не скончыўся, і ён адбыўся не на адным месцы, але датычыцца ўсіх ва ўсім свеце», — падкрэсліла спадарыня Гесляр.

    Кніга «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі» выйшла невялікім накладам.

    Больш падрабязна пра кнігу “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да сада надзеі” ў эксклюзіўным інтэрв’ю аўтара нашаму сайту

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці