“Саргасава мора”: Новая кніга журналіста Сяргея Астраўцова
Сябра ГА “БАЖ” з Гродна, блогер “Радыё Свабода” і рэдактар гродзенскага альманаха “Новы Замак” Сяргей Астраўцоў прэзентаваў у гродзенскай арт-галерэі “Крыга” сваё “Саргасава мора”.
Кніга выйшла пад пісьменніцкім псеўданімам Сяргей Астравец.
Чым адметна выданне, спадар Сяргей распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ”:
– У кнізе 21 апавяданне, прычым апошняе – аж на 72 старонкі і нагадвае аповесць. Калі ў Саюзе пісьменнікаў мне прапанавалі пісаць кніжку, я выбраў гэтыя творы з апавяданняў, напісаных за апошнія 15 год. Некаторыя дапісваў, некаторыя перапрацоўваў. Ніколі не думаў, што сам гэтым буду займацца, але гэта аказалася даволі цікавым творчым працэсам.
– Пра што Вашы творы?
– У першым падзеі разгортваюцца ў горадзе Златаград, які хтосьці можа пазнаць і нават пераназваць для сябе… Другое пераносіць нас на Грунвальдскае поле. Адбываецца рэканструкцыя бітвы, падаюцца ўражанні “нашага” чалавека, рэдагуецца гісторыя. Для нас, беларусаў, Вітаўт быў там галоўным. А для палякаў – Ягайла. Тут падаецца, што Ягайла быў гаспадаром становішча. Але раптам яго панёс конь і скінуў…
– Кім Вы самі сябе лічыце – блогерам, журналістам, пісьменнікам, рэдактарам?
– Калі пішаш бадай кожны дзень для СМІ, часам хочацца паказаць сябе і з іншага боку. Я люблю працаваць на мяжы жанраў, на мяжы журналістыкі і літаратуры. У гэтай кнізе ёсць, дарэчы, і “газетныя” апавяданні, якія друкаваліся ў “Нашай Ніве”. Сёння прозу я пішу пад псеўданімам, блізкім да прозвішча. І радактарскую працу раблю таксама па псеўданімам “Астравец”.
Сяргей Астраўцоў больш вядомы ў Гродне сваёй журналісцкай дзейнасцю. Ён – адзін з пачынальнікаў газеты “Пагоня”, аўтар газет “Наша Ніва” і “Свабода”, журналіст “Радыё Свабода”.
Кніга “Саргасава Мора” выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка”, яе можна набыць у кнігарнях Гродна і Мінска, а таксама замовіць у аўтара.