Сайт Orsha.eu прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем
У «пераліку экстрэмісцкіх фарміраванняў» на афіцыйным сайце МУС інфармацыі пра гэта няма (на 16.30 29.08.2024). Аднак Telegram-канал t.me/guBAZA сцвярджае, што «рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў экстрэмісцкім фарміраваннем прызнана і забаронена дзейнасць на тэрыторыі Беларусі групы грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Orsha_eu» на ўсіх інтэрнэт платформах».
Дата, калі было прынята адпаведнае рашэнне, не паведамляецца. Але тлумачацца падставы для такога рашэння — «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў».
Стваральнік і рэдактар партала Orsha_eu Ігар Казмерчак ужо некалькі гадоў жыве ў замежжы. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай крымінальнага пераследу: супраць яго распачалі некалькі крымінальных справаў, у тым ліку за абразу Аляксандра Лукашэнкі, і наклалі арышт на ягоную аршанскую кватэру.
Але на радзіме ягоная журналісцкая дзейнасць па-ранейшаму не дае спакою ні сілавікамі, ні нават калегам з дзяржаўных СМІ. Сёлета ў ліпені на старонках «Аршанскай газеты» у сацыяльных сетках з’явіліся допісы пра тое, што Ігар Казмерчак знаходзіцца ў вышуку і што ён атрымлівае «тысячы ёўра ад польскіх гаспадароў».
На думку журналіста, такая ўвага да ягонай персоны выклікана тым, што аршанскі партал ні на дзень не спыняе свае працы і публікуе праўдзівую інфармацыю пра жыццё рэгіёна. 20 чэрвеня Міністэрства інфармацыі ўключыла ў спіс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» сайт і сацсеткі выдання оrsha.eu. Адпаведнае рашэнне 18 чэрвеня прыняў суд Аршанскага раёна і г. Орша.