• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сацыяльныя і палітычныя кантэксты Гамбіі і Беларусі аказаліся блізкімі»: беларуска выкладала журналістыку ў Афрыцы

    Вольга Бубіч — лінгвіст і спецыялістка па замежных мовах (ангельскай і італьянскай), а працу з тэкстамі спалучае з куратарствам выстаў і распрацоўкай разнастайных фотапраектаў. Вольга доўгі час выкладала лінгвістычныя дысцыпліны ва ўніверсітэце, працавала журналісткай, зараз выбрала фатаграфію. Budzma пагутарыла з Вольгай пра працу выкладчыцай у БДУ, выхад фотакнігі і пра медыя. Перадруковаем самыя цікавыя моманты, датычныя журналістыкі.

    Вы выкладалі ва ўніверсітэце, паралельна займаліся журналістыкай. У які момант журналістыка ўвогуле прыйшла ў вашае жыццё?

    Пазней, чым фатаграфія. У БДУ выкладанне замежнай мовы мела два напрамкі: Gen­er­al (агульны) і ESP («Eng­lish for Spe­cial Pur­pos­es», гэта значыць англійская для будучых прадстаўнікоў пэўнай прафесіі). Я выкладала ў рамках абодвух, прычым спецыяльнасці, з якімі я працавала, былі вельмі рознымі: сацыёлагі, міжнародныя журналісты, і студэнты з блока так званай «інфармацыі і камунікацыі» (паралельна я яшчэ працавала ў БНТУ ў архітэктараў, але гэта ўжо іншая гісторыя — заробкі былі мізэрнымі).

    Па сутнасці, ESP уяўляў сабой выкладанне базавых рэчаў з усіх гэтых дысцыплін і, каб гэта зрабіць якасна, трэба было сур’ёзна ўглыбіцца ў прафесію. Пра сацыялогію і яе прафесійнае моўнае поле я мела нядрэннае ўяўленне, бо паралельна рабіла пераклады справаздач сацыялагічных даследаванняў, а вось вопыту стварэння журналісцкіх матэрыялаў на англійскай мове ў мяне на той момант не было.

    Маючы адукацыю лінгвіста і досвед працы з тэкстамі, уліцца было нескладана, і ніводзін рэдактар, з якімі мне давялося супрацоўнічаць, ніколі не пытаўся пра дыплом.

    Думаю, што ў такіх галінах, як журналістыка, хутчэй важныя прыроджаная любоў да мовы і яе бязмежнага патэнцыялу, практыка, гатоўнасць вучыцца і нейкае адчуванне стылю: напрыклад, стыль kyky (а мае першыя тэксты з’явіліся менавіта там) складана пераблытаць са стылем таго ж City­Dog.

    Стыль медыя, для якога ты пішаш, павінен быць табе блізкі (роўна як і яго каштоўнасці і адносіны да чытачоў).

    Наколькі складана было сумяшчаць тры такія розныя напрамкі: выкладанне, фатаграфія, журналістыка?

    Зусім не складана, бо ўсе гэтыя прафесійныя напрамкі звязаны з тым, каб дапамагаць фармуляваць правільныя пытанні аб навакольнай сацыяльнай рэчаіснасці, развіваць крытычнае мысленне.

    Мая дысертацыя прысвечана асобасна-арыентаванаму падыходу ў навучанні, і яго цэнтральныя паняцці разглядаюцца там праз ланцужок сумежных навук: ад псіхатэрапіі і псіхалогіі — да непасрэдна педагогікі. Заснавальнік гэтага кірунку, амерыканскі даследнік Карл Роджэрс, у чымсьці з’яўляецца выдатным прыкладам міждысцыплінарнага падыходу, і я, вядома, не бачу ў любым цэласным падыходзе ніякіх праблем ці супярэчнасцей. «No man is an island» (чалавек не востраў), пісаў брытанскі паэт Джон Дон. Педагогіка не існуе па-за палітыкай.

    А журналісту нядрэнна б ведаць асновы кампазіцыі ці герменеўтычнага аналізу.

    У 2012–2013 гадах Вы выкладалі курс па журналістыцы ў Гамбіі. Як Вам прыйшла ідэя рабіць такі курс, і чаму менавіта ў Гамбіі?

    Мяне запрасілі распрацаваць курс для будучых выкладчыкаў журналістыкі ў Gam­bia Press Union (Саюз журналістаў Гамбіі) трэнеры з Дацкага прэс-цэнтра, у прыватнасці вядомы журналіст і лектар Ларс Мёлер. Пазнаёміліся мы з ім у БДУ, дзе я перакладала яго майстар-клас для супрацоўнікаў універсітэта, дзе, як я зараз успамінаю, яго метады здаваліся старажылам журфака трошкі… дзікімі.

    Напрыклад, Ларс прапаноўваў не зачыняць дзверы ў лекцыйную залу пасля пачатку занятку, каб студэнты, якія спазняліся, не саромеліся зайсці ў аўдыторыю, думаючы, што лекцыя яшчэ не пачалася.

    Беларускія выкладчыкі, як вы разумееце, маюць іншы пункт гледжання — я ведаю гісторыі, калі прафесар зачыняў аўдыторыю знутры на ключ «са званком», тым самым як бы стымулюючы ў студэнтах дысцыпліну.

    Ларс жа быў упэўнены, што самае галоўнае — факт, што студэнт прыйшоў на занятак і гатовы вучыцца. Я з ім згодна — дысцыпліны не можа быць без самадысцыпліны, а яна, у сваю чаргу, з’явіцца, калі будзе ўнутраная матывацыя да спазнання і развіцця.

    У зносінах на прафесійныя тэмы і абмеркаванні педагагічных і метадычных падыходаў мы высветлілі, што маем падобныя погляды на навучанне, і Ларс запрасіў мяне паспрабаваць папрацаваць у Гамбіі. Да таго ж, сацыяльныя і палітычныя кантэксты Гамбіі і Беларусі аказаліся значна бліжэй, чым кантэксты Гамбіі і Даніі. Працаваць у Гамбіі было складана, але цікава, хаця часам я сумавала па электрычнасці. Пасля дзвюх паездак (у прэс-цэнтры іх называлі «місіі») мяне запрашалі ў Гамбію на год, але, падумаўшы, я зразумела, што гэта ўсё ж вельмі адказнае рашэнне, і адмовілася.

    Калі фатаграфія стала Вашым асноўным відам дзейнасці?

    Я б не сказала, што гэта мой асноўны від дзейнасці. На маёй візітоўцы па-ранейшаму два словы, якія найлепшым чынам характарызуюць поле маіх прафесійных інтарэсаў і кампетэнцыі: «ФОТА» і «ТЭКСТ». І якія належаць да розных абласцей, але так здаецца толькі на першы погляд, бо абедзве, па сутнасці, з’яўляюцца мовамі, семантычнымі (знакавыми) кодамі нашага ўзаемадзеяння з рэальнасцю.

    Мой праект «Alter Locus» — адзін з прыкладаў таго, як тэкст і выява могуць дапаўняць і ўзбагачаць адно аднаго ў рамках аднаго візуальнага выказвання. Тэма дыптыхаў — крэслы беларускіх пісьменнікаў, паэтаў і літаратараў. У серыі я здымала як іх прадметы мэблі, так і творы на тэму крэсла (ці «працоўнага» зэдліка, як у Віктара Жыбуля, ці лавачкі ў любімым парку, як у Арцёма Кавалеўскага), напісаныя спецыяльна для праекта. Ці гаворыць нам нешта пра пісьменніка яго ці яе крэсла? А почырк? А тое, як тэкст кампазіцыйна размешчаны на плоскасці ліста? У 2012 годзе я гуляла з такімі пытаннямі.

    «Чытаем» мы не толькі кнігі і вершы, але і рэкламныя білборды, інстаграм-стужку знаёмых і незнаёмых людзей, фатаграфіі і фільмы. Мне падабаецца вывучаць мноства скрыжаванняў гэтых двух медыумаў, таму я, напрыклад, калекцыяную, ствараю, рэцэнзую і чытаю лекцыі пра фотакнігі (апошнюю прачытала ў музеі фатаграфіі і мультымедыя ў Тбілісі ў мінулым месяцы). Або прыдумляю канцэпцыі выстаў, дзе спрыяю старту палілогу паміж праектамі аўтараў з розных куткоў планеты.

    Напрыклад, зараз у берлінскай галерэі aff праходзіць фотавыстава на тэму цэнзуры памяці, якую я курырую з маёй сяброўкай і калегай Франкай Вольт. У ёй прымае ўдзел мой праект і фотакніга «Мастацтва (не) памятаць», а таксама візуальныя выказванні ганконгскага фатографа Дзіка Лау, сібірскай мастачкі Яніны Болдыравай і канадска-кітайскага фатографа Тэрэзы Энг. Вельмі розныя, тым не менш у адной семантычнай прасторы, яны прапануюць з розных пазіцый паглядзець на тэму зменлівай прыроды і патэнцыялу мастацтва ў тым, каб супрацьстаяць спробам рэпрэсіўных рэжымаў прымусіць нас памятаць сябе і сваю нацыю «па-іншаму».

    Вы называеце сябе таксама фотакрытыкам і фотакніжным аглядальнікам. Скажыце, што для Вас гэта значыць?

    Асабіста для мяне гэта значыць быць адкрытай, цікаўнай і чуйнай да таго, што адбываецца ў свеце фатаграфіі і фотакніг «here and now» (тут і цяпер). Гэта, вядома, вельмі абцяжарылі зачыненыя падчас пандэміі межы. Напрыклад, Ганконг — горад, які падарыў мне, мабыць, самую вялікую колькасць новых імёнаў і нечаканых фотакніжных рашэнняў, — зачынены для наведвання да гэтага часу.

    Цалкам тэкст можна пабачыць тут

    Чытайце яшчэ:

    «Надпіс PRESS не выратуе нас ад стрэлаў расійскіх салдат»: шчыры аповед украінскіх журналістаў пра працу на вайне

    «Это светлый человек». Уехавшая из Беларуси мать-героиня рассказала, как сидела в СИЗО с главредом TUT.BY Мариной Золотовой

    Палітзняволеная эурналістка Ксенія Луцкіна: «Збіраюся з сіламі для таго, каб ісці далей»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці