• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Два самалёты ў розных паветраных калідорах. Сацыёлаг — пра незалежныя медыі і аўдыторыю ў Беларусі

    Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі ў новым выпуску «Мне таксама не падабаецца» распавёў пра тое, як змяніўся ўзровень даверу незалежным медыям і як паменшыць інфармацыйны разрыў паміж дыяспарай і беларусамі ўнутры краіны.

    Андрэй Вардамацкі. Скрыншот відэа ютуб-канала «Жыццё-маліна», крыніца: Наша Ніва

    — Верхнюю пазіцыю ў іерархіі тых СМІ, адкуль людзі атрымліваюць інфармацыю, усё ж займае тэлевізар — 41,5% рэспандэнтаў чэрпаюць навіны адтуль (гэта студзеньскія звесткі, у параўнанні з мінулым годам яны выраслі — было 30%). Затым ідзе YouTube, а далей — дзяржаўнае тэлебачанне Расіі, затым тэлеграм.

    Аднак я не стаў бы судзіць аб поспеху ўладаў у тэрмінах футбольнага рахунку, таму што сітуацыя складаней, і YouTube, які ў топе крыніц інфармацыі на другім месцы, у дамінанце сваёй не ёсць дзяржаўныя медыя.

    Незалежныя крыніцы займаюць досыць высокую пазіцыю, і ёсць вялікая колькасць сацыялагічных індыкатараў, якія пацвярджаюць іх значнасць. Гэта першы момант, які важна адзначыць. І другі — колькасць праглядаў, рэйтынг не азначае ўплыў.

    Згадайце зборы твораў Брэжнева, якія стаялі ў пазалочаных вокладках ва ўсіх высокіх кабінетах — а з другога боку былі зачытаныя да дзірак сшыткі з вершамі Высоцкага, якія аказвалі больш уплыву, чым увесь шматфінансуемы брэжнеўскі збор твораў.

    Сітуацыя такая, што Trust Index СМІ на дадзены момант роўны — індэкс даверу недзяржаўным медыя не менш, чым расійскім, якія цяпер інтэнсіўна пранікаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

    Разрыў ёсць, але ён нязначны. Гэта значыць меркаванне, якое цяпер існуе — што адбыўся рэзкі абвал даверу да незалежных медыя — не адпавядае рэчаіснасці.

    Чаму беларусы ў параўнанні з расіянамі не схільныя цалкам верыць дзяржТВ? На думку Андрэя Вардамацкага, на медыяпаводзіны ўплываюць некалькі прычын — у прыватнасці, большае пранікненне інтэрнэту ў Беларусі, а таксама неадпаведнасць «інфармацыйнага праменя», які транслюецца тэлебачаннем, менталітэту і чаканням грамадства.

    — Можна казаць пра павышэнне прагляду фонава-рэфлекторнага, — адзначае сацыёлаг, — «каб проста ішло». У свой час гэтую ж функцыю выконвала радыёкропка ў сельскай мясцовасці. Гэта не звязана з глыбіннымі патрэбамі, проста фон.

    Разважаючы пра тое, ці рэлевантны кантэнт незалежных медыя для беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, эксперт таксама не выказаў аптымізму:

    — Калі казаць увогуле — не. Праводзяцца рэгулярныя вымярэнні з базавым пытаннем: Якія асноўныя праблемы цяпер стаяць перад краінай. Мяркуючы па апошнім вымярэнні, гэта эканамічныя пытанні — рост коштаў, дабрабыт і г.д., а таксама рызыка прамога ўключэння Беларусі ў вайну з Украінай. Я не кажу пра тое, маюць рацыю людзі ці не ў сваіх ацэнках, але суб’ектыўна яны ўспрымаюць найважнейшыя праблемы так.

    А калі паглядзець на топ-праблем у тэматыцы недзяржаўных СМІ, то ён некалькі іншы. Таму адбываецца пралёт двух самалётаў у розных паветраных калідорах, і людзі ў кожным з іх не ведаюць, што робіцца ў тым, іншым самалёце.

    Зрэшты, мяркуе эксперт, ёсць і іншыя фактары, якія ўплываюць на зніжэнне рэйтынгу незалежных медыя, і справа не толькі ў блакаваннях і забаронах на «экстрэмісцкі» кантэнт.

    Гаворка пра немагчымасць практычнага выкарыстання той інфармацыі, у прыватнасці, палітычнай, якая паступае са СМІ. Хтосьці кажа, што людзі «стаміліся ад палітыкі», я б удакладніў: не тое каб стаміліся, а нічога не могуць змяніць, не могуць паўплываць на тое, што адбываецца.

    Яшчэ адзін выклік для медыя, на які не ўпершыню звяртае ўвагу Андрэй Вардамацкі — працэс «каканізацыі» інфармацыйных патокаў і светапоглядаў, рознасці паміж беларусамі ўнутры Беларусі і дыяспарай.

    — Упершыню гэта выявілася на прыкладзе стаўлення да вайны: «не вайне» і «няма вайны».

    Знутры Беларусі вайна ўспрымаецца як нешта вельмі далёкае, нерэальнае або маленькае, а звонку — як вялікае, важнае, катастрафічнае і звышдраматычнае. Гэтая розніца бачная і па геапалітычных арыентацыях — на Еўропу альбо на РФ, эканамічнаму самаадчуванню і г. д.

    Праблема ў тым, каб гэтыя коканы не «забетанаваліся», недзяржаўным медыя важна іх прабіваць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці