«Падмануў спонсараў і набыў кватэру». Сацсеткі «Аршанскай газеты» зноў змясцілі паклёпніцкі допіс пра Ігара Казмерчака
Аднолькавыя тэксты пра стваральніка і рэдактара партала orsha.eu з’явіліся 29 жніўня на старонках «Аршанскай газеты» ў «Одноклассниках» і ў «ВКонтакте». У першай частцы допісаў паведамляецца пра тое, што рэсурсы orsha.eu прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем, і гэта аб’ектыўная інфармацыя. Другая ж частка тычыцца Ігара Казмерчака асабіста, і там напісана, паводле ягонай ацэнкі, «суцэльная хлусня».
У сацсетках «Аршанскай газеты», апрача звестак пра прызнанне экстрэмісцкім фарміраваннем «групы людзей, аб’яднаных пад назвай orsha.eu», землякоў яшчэ запалохваюць пакараннем за супрацоўніцтва з «экстрэмістамі». Маўляў, да 7 год пазбаўлення волі пагражае кожнаму, хто перадасць рэдакцыі нейкую інфармацыю.
«На гэтым «юрыдычная частка» паведамлення сканчваецца, і пачынаецца пераход уласна на маю асобу, — каментуе прачытанае Ігар Казмярчак. — Аказваецца, я вельмі заможны па аршанскіх мерках чалавек, бо здолеў усяго за некалькі артыкулаў на нашым сайце набыць сабе новую кватэру».
Аўтары допіса сцвярджаюць, што рэдактар партала «падмануў сваіх спонсараў» і за сродкі, нібыта выдаткаваныя на дэмакратычныя перамены, набыў у Оршы кватэру больш як за 40 тысяч еўра. І што «сябры і сваякі, якіх ён падмануў, будуць вельмі раззлаваныя».
Паводле Ігара Казмерчака, усур’ёз ставіцца да падобных прыдумак проста не мае сэнсу:
«Тут усё лухта ад пачатку да канца. Па-першае, я даўно не жыву ў Оршы і не маю намеру бліжэйшым часам туды вяртацца. Таму я фізічна не мог набыць там нейкае жытло. Афармляць пакупку на іншую асобу, перадаючы грошы з‑за мяжы, — гэта болей клопату, чым карысці. Бо, па-другое, кошты на нерухомасць у нашым горадзе падаюць, і зараз нешта купляць неразумна. І я мяркую, што тыя, хто гэта сачыняў, ніякай здаровай логікі не прытрымліваліся. Ім было важней напісаць нешта такое, каб прынізіць мяне ў вачах жыхароў Оршы, якія мяне добра ведаюць».
І гэта не першая падобная спроба, падкрэслівае журналіст: у канцы ліпеня сацсеткі дзяржаўнай «Аршанскай газеты» ужо пісалі нешта падобнае пра «падман польскіх куратараў» і «пяць тысяч еўра «на псеўдапраекты ад польскіх гаспадароў»».
Ігар Казмярчак насамрэч быў вымушаны пакінуць радзіму у 2021 годзе пад пагрозай крымінальнага пераследу. Але сайт orsha.eu ні на дзень не спыняў сваю працу, хаця рэдактар знаходзіўся за сотнік кіламетраў ад роднага горада. Сёлета 13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса — паводле частак 1 і 2 артыкула 361–4, а таксама паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Маёмасць Ігара Казмерчака ў Оршы арыштаваная, гаспадар абвешчаны ў міжнародны вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Паводле рашэннея суда Аршанскага раёна і горада Орша ад 18 чэрвеня партал оrsha.eu і афіляваныя з ім сацыяльныя сеткі і месенджары прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і ўнесены ў адпаведны спіс, які складае Міністэрства інфармацыі.