• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістаў Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова будуць судзіць па артыкулах за ўдзел у экстрэмісцкім і ўзброеным фарміраваннях

    Пачатак судовага працэсу над журналістам Алесем Сабалеўскім і відэааператарам Яўгенам Глушковым прызначаны на 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе. Разбіраць аб’яднаную крымінальную справу ў дачыненні да іх прызначаны суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі.

    Яўген Глушкоў і Алесь Сабалеўскі

    Яўген Глушкоў і Алесь Сабалеўскі. Калаж: БАЖ

    Паводле інфармацыі з судовага раскладу, супраць абодвух высунутыя аднолькавыя абвінавачанні. Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

    - частак 1 і 3 артыкула 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім),

    - часткі 1 артыкула 361–3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу).

    Журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 снежня 2023 года, і ўжо назаўтра суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызначыў яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра другі адміністрацыйны суд, які адбыўся над Сабалеўскім ужо ў зняволенні, паведамілі магілёўскія праваабаронцы. Як ім стала вядома, Сабалеўскага асудзілі яшчэ да аднаго арышту за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі» паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП. Але на волю журналіст не выйшаў, на пачатку студзеня яго перавялі ў следчы ізалятар.

    Сабалеўскі і Глушкоў суд

    Скрыншот

    Паводле інфармацыі ад тых, хто знаходзіўся ў адной камеры з Сабалеўскім у ізалятары часовага ўтрымання, журналіста збівалі падчас допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК. На ягоным целе доўгі час былі відаць сляды катавання. Такім чынам вымагаліся прызнанні ў тым, што ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй 6tv.by — выданнем, якое 29 лістапада мінулага года было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». На момант затрымання Алесь Сабалеўскі не супрацоўнічаў са СМІ — ён адышоў ад журналістыкі і працаваў у сферы паслуг.

    Відэаператар-фрылансер Яўген Глушкоў быў затрыманы на пачатку студзеня 2024 года. Паколькі ён жыў адзін, то пра яго затрыманне стала вядома не адразу — знаёмыя распачалі пошукі, калі зразумелі, што ён ужо некалькі дзён не выходзіць на сувязь. Некаторы час пасля затрымання Глушкова ўтрымлівалі ў ІЧУ, а потым перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4.

    Яўген Глушкоў шмат гадоў працаваў на магілёўскім гарадскім тэлебачанні, на пачатку 2000‑х супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі. Але апошнім часам ніякай грамадскай ці журналісцкай дзейнасцю не займаўся і вёў даволі замкнёны лад жыцця.

    Падрабязнасці справы, дзе фігурантам з’яўляецца відэааператар-фрылансер Яўген Глушкоў, сталі вядомыя з відэа, што размяціў у сваёй стужцы блізкі да магілёўскіх міліцэйскіх структур тэлеграм-канал. У так званым «прымусова-пакаяльным» відэа затрыманы кажа, што з 2017 года супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова палітычнымі вязьнямі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці