Рыгор Азаронак будзе здымаць дакументальныя фільмы пра падзеі 2020 года
Адыёзнага тэлепрапагандыста і ютуб-блогера Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм» у якасці рэжысёра дакументальнай студыі «Летапіс». Пра гэта Еўрарадыё расказалі крыніцы з асяроддзя дзяржкінастудыі.
Азаронак там здыме два праекты, звязаныя з падзеямі 2020 года. Магчыма, гаворка ідзе пра тыя пераломныя падзеі з пазіцыі рэжыма. На студыю Азаронак трапіў праз пратэкцыю сённяшняга гендырэктара Юрыя Аляксея.
Прапагандыст не аднойчы абураўся, што “Беларусьфільм” не здымае фільмы пра тое, як рэжым задушыў пратэсты ў 2020 годзе. І таму было тлумачэнне — у Мінкульт не дасылалі ідэі і сцэнары фільмаў на гэтую тэматыку.
На «Беларусьфільме» цалкам звольнілі кіраўніцтва студыі, якая здымала дакументальнае кіно
Рыгор Азаронак працягне сямейную традыцыю — яго бацька Юрый Азаронак стаў знакамітым праз прапагандысцкія тэлестужкі ў 1990‑я гады. У сваіх працах ён выкрываў ва ўсіх грахах апазіцыйныя сілы, што дазволіла яму ўвайсці ў давер да Лукашэнкі.
Малодшы Азаронак, як і бацька, скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр”. Дыпломнай працай Рыгора стаў фільм “Салдат Хрыста. Юрый Вараб’ёўскі”, прысвечаны аднайменнаму праваслаўнаму пісьменніку і канспіролагу з Расіі.
З таго моманта Рыгор Азаронак больш кіно не здымаў, але цяпер у яго з’явіўся шанец рэалізаваць аўтарскія амбіцыі.