• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рука Telegram»: роля мэсэнджэра ў сусьветнай палітыцы і ў Беларусі

    Telegram дапамагае свабодзе слова, але і дае магчымасьці «групам нянавісьці».

    Telegram стаў адметнай рысай падзеяў 2020-га, адыграўшы вялікую ролю ў беларускіх пратэстах і ў свабодным распаўсюдзе інфармацыю ў такіх краінах, як Расея і Іран. Але некаторыя кажуць, што адкрытасьць Telegram таксама дала плятформу групам нянавісьці і рэальным тэрарыстам.

    Telegram стаў важным інструмэнтам для апазыцыйных рухаў у такіх краінах, як Беларусь і Іран, і атрымаў велізарную перамогу, калі расейскія ўлады адмовіліся ад сваіх спробаў забараніць яго пасьля двух бясплённых гадоў, на працягу якіх высокапастаўленыя чыноўнікі працягвалі яго выкарыстоўваць.

    Нідзе рука Telegram не была больш заўважнай у 2020 годзе, чым у Беларусі, дзе актывісты і апазыцыйныя палітыкі выкарыстоўвалі плятформу, каб супрацьстаяць спробам уладаў кантраляваць абмен інфармацыяй у вырашальны год выбараў.

    Напярэдадні галасаваньня 9 жніўня ўлады Беларусі зрабілі ўсё магчымае, каб запалохаць адміністратараў Telegram. Калі ў чэрвені былі арыштаваныя тры апазыцыйныя блогеры, якія працуюць у Telegram, праваабарончая арганізацыя Amnesty Inter­na­tion­al асудзіла ціск на альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі.

    «Беларускія ўлады праводзяць поўнамаштабную чыстку ад нязгодных, выкарыстоўваючы рэпрэсіўныя законы для падаўленьня крытыкі напярэдадні выбараў», — заявіла прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Amnesty Inter­na­tion­al Аіша Юнг.

    Пасьля таго, як Лукашэнка заявіў, што ён выйграў шосты тэрмін запар, што выклікала масавыя пратэсты, якія працягваюць выводзіць людзей на вуліцы і цяпер, менавіта ўлады крычалі пра злачынства.

    «Разумееце: у нядзелю на вядомым канале намалявалі квадрат — ідзі туды. Яны пайшлі. Яны стаялі на гэтай плошчы», — сказаў Лукашэнка пасьля таго, як спробы заблякаваць сайты незалежных выданьняў вымусілі апазыцыянэраў зьвярнуцца да Telegram. «Яны намалявалі яшчэ — ідзі туды, а потым ідзі ў Палац Незалежнасьці. Вось як яны робяць».

    У лістападзе Сьледчы камітэт абвінаваціў стваральнікаў каналу навінаў Nex­ta ў арганізацыі так званых «масавых беспарадкаў». Пазьней у тым жа месяцы стваральнікі навіннага рэсурсу былі дададзены Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

    Заявіўшы, што да 15% жыхароў Менску выкарыстоўваюць Telegram і генэруюць ад 50 000 да 100 000 паведамленьняў у дзень у больш чым тысячы каналаў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта заявіў, што «гэта велізарныя лічбы, і мы ня маем права заплюшчваць на гэта вочы».

    Але да таго часу нават Лукашэнка ўжо даўно прыняў як дадзенасьць магутнасьць Telegram, выкарыстоўваючы нядаўна створаны там дзяржаўны канал для разьмяшчэньня ў жніўні відэаролікаў, у якіх ён размахвае АК-47 і выкрыквае загады сілавікам са свайго верталёту.

    Лукашэнка сказаў прадстаўнікам ляяльнай прэсы ў верасьні: «Як вы можаце спыніць гэтыя каналы Telegram? Ці можаце вы заблякаваць іх? Немагчыма. Ніхто не можа».

    Беларусь была не адзінай, хто неахвотна саступіў Telegram у гэтым годзе. Расея таксама пасьля двухгадовай барацьбы за забарону прыняла падыход «калі ня можаш перамагчы, далучайся да іх».

    «Раскамнагляд адмаўляецца ад патрабаваньняў абмежаваць доступ да месэнджэру Telegram па ўзгадненьні з генэральнай пракуратурай Расеі», — абвясьціў у чэрвені рэгулятар камунікацый краіны.

    Неўзабаве пасьля гэтага Міністэрства сувязі Расеі прызнала, што заблякаваць мэсэнджэр «тэхнічна немагчыма».

    Забарона, уведзеная пасьля таго, як Telegram адмовіўся выканаць патрабаваньні Расеі аб перадачы ключоў шыфраваньня для дапамогі ў барацьбе з тэрарызмам, так і не захавалася.

    Нягледзячы на афіцыйныя спробы заблякаваць яго, суды, палітычныя цяжкавагавікі і нават МЗС Расеі працягвалі выкарыстоўваць плятформу. Па словах заснавальніка Telegram Паўла Дурава, з моманту забароны колькасьць карыстальнікаў павялічылася ўдвая: 30 працэнтаў з 400 мільёнаў актыўных карыстальнікаў — з Расеі.

    У расейскага прадпрымальніка быў некаторы досьвед процідзеяньня Крамлю: ён стварыў і ўзначаліў сацыяльную сетку Вконтакте да таго, як быў звольнены з пасады генэральнага дырэктара ў 2014 годзе пасьля адмовы заблякаваць сайт лідэра расейскай апазыцыі Аляксея Навальнага і перадаць інфармацыю аб пратэстоўцах на Майдане ва Ўкраіне. 

    Пасьля таго, як Telegram быў разблякаваны, Дураў патлумачыў, што «на працягу апошніх двух гадоў нам даводзілася рэгулярна абнаўляць нашу тэхналёгію „разблякаваньня“, каб апярэджваць цэнзараў».

    Стратэгія ўключала стварэньне руху «Лічбавы супраціў», які выкарыстоўвае ратацыйныя проксі-сэрвэры і іншыя сродкі ўтойваньня трафіку для абыходу цэнзуры.

    «Прасьцей кажучы, забарона не спрацавала», — сказаў Дураў.

    &

    У тым, што Расея называла намаганьні па барацьбе з тэрарызмам прычынай увядзеньня забароны, была пэўная лёгіка, улічваючы, што яе першапачатковы запыт на ключы шыфраваньня быў выкліканы спробай расшыфраваць камэнтары, якія, паводле сьцьверджаньняў уладаў, былі зробленыя ў Telegram тэрарыстам-сьмяротнікам, які забіў 15 чалавек у Санкт-Пецярбургу ў 2017 годзе.

    У 2020 годзе Telegram ўсё яшчэ сутыкаўся з такой крытыкай, у тым ліку за тое, што ён недастаткова рабіў для прадухіленьня распаўсюджваньня інфармацыі экстрэмісцкімі групоўкамі, такімі як «Ісламская дзяржава».

    Сярод крокаў, прадпрынятых Telegram, было ўвядзеньне функцыі «Назіраньне за Ісламскай дзяржавай», якая заахвочвае карыстальнікаў паведамляць пра экстрэмісцкі кантэнт.

    Эўрапол нават пахваліў дзеяньні Telegram, заявіўшы ў канцы 2019 году, што «Telegram — ня месца для гвалту, злачыннай дзейнасьці і зламысьнікаў. Кампанія прыклала значныя намаганьні для выкараненьня зламысьнікаў, умацаваўшы свае тэхнічныя магчымасьці ў барацьбе са шкодным зьместам і ўсталяваньне цесных партнэрскіх адносінаў з міжнароднымі арганізацыямі, такімі як Эўрапол».

    Гэтыя намаганьні, а таксама роля Telegram ў якасьці грамадзкай службы падчас пандэміі каранавірусу, верагодна, паўплывалі на зьняцьце лічбавай блякады.

    Але яны не спынілі крытыку ў дачыненьні да таго, што небясьпечныя асобы ўсё яшчэ выкарыстоўваюць палітыку свабоды слова ў сваіх злачынных мэтах.

    Лютаўская стральба па расавых матывах, у выніку якой загінулі дзевяць чалавек каля Франкфурту ў Нямеччыне, выклікала новыя засьцярогі. Празь некалькі гадзін пасьля нападу маніфэст распаўсюджваўся правымі экстрэмісцкімі групамі ў Telegram.

    Дзясяткі групаў белых нацыяналістаў, паводле аналізу Vice News, перайшлі на Telegram пасьля таго, як іх выгналі з асноўных сацыяльных сетак, такіх як Face­book і Twit­ter.

    «Telegram мае вялікі сэнс для гэтых груп: аплікацыя дазваляе карыстальнікам загружаць неабмежаваную колькасьць відэа, малюнкаў, аўдыёкліпы і іншыя файлы, і яго заснавальнік неаднаразова пацьвярджаў сваю прыхільнасьць абароне дадзеных карыстальнікаў ад трэціх асобаў, у тым ліку ад ураду», — піша Vice News.

    Counter Extrem­ism Project, міжнародная палітычная арганізацыя, створаная для барацьбы з экстрэмісцкімі ідэалёгіямі, паведаміла ў траўні, што яна ўсё яшчэ знаходзіць прапаганду «Ісламскай дзяржавы» ў Telegram.

    Акрамя таго, у праекце гаворыцца, што ў Telegram выяўленыя «некалькі груп прыхільнікаў перавагі белай расы і нэанацыстаў», якія сьвяткуюць забойства няўзброенага чарнаскурага чалавека ў Злучаных Штатах, а таксама якія падтрымліваюць масавыя расстрэлы і гвалт супраць афраамэрыканцаў.

    Хуткае азнаямленьне з некаторымі з найбольш агіднымі адкрытымі каналамі у Telegram паказвае, што гэта месца для гвалту, злачыннай дзейнасьці і гвалтаўнікоў, незалежна ад таго, што кажа Эўропол.

    На некалькіх каналах трансьлююцца поўнамэтражныя відэаролікі без цэнзуры, у якіх паказаная страляніна ў мячэці Крайстчэрч у Новай Зэляндыі ў 2019 годзе, у выніку якой 51 чалавек загінула і 40 параненыя.

    Даступна мноства відэаролікаў са стральбой ў школах, а таксама паўсюдна распаўсюджаныя відэаролікі, на якіх людзям наносяць нажавыя раненьні, страляюць, зьбіваюць або калечаць.

    Там вы можаце паглядзець кампрамэтуючыя сэкс-відэа расейскіх знакамітасьцяў і палітыкаў, а таксама нядаўні сьмяротны інцыдэнт у прамым эфіры, у якім папулярны відеоблёгер, як паведамляецца, прыняў грошы за тое, каб выгнаць сваю дзяўчыну на вуліцу пры мінусавай тэмпэратуры.

    На фоне нядаўніх баявых дзеяньняў на тэрыторыі Нагорнага Карабаху на відэазапісах, відавочна, зробленых аэербайджанскімі салдатамі і распаўсюджаных у Telegram, паказаныя пакараньні, у тым ліку абезгалоўліваньне, а таксама іншыя злоўжываньні ў дачыненьні да ваеннапалонных. Гэтыя відэаролікі паслужылі падставай для расьсьледаваньня Рады Эўропы, вядучага эўрапейскага назіральнага органу ў галіне правоў чалавека.

    З набліжэньнем новага году барацьба за Telegram працягваецца і пашыраецца.

    У Беларусі ўлады працягваюць вылучаць абвінавачваньні супраць блёгераў Telegram, якіх яны абвінавачваюць у распальваньні беспарадкаў з нагоды вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні. Сярод іх Ігар Лосік, адміністратар Telegram-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і мэдыя-кансультант Радыё Свабода. У сярэдзіне сьнежня Лосік абвясьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць абыходжаньня зь ім і патэнцыйнага васьмігадовага турэмнага зьняволеньня.

    У Іране пакараньне сьмерцю актывіста і журналіста Рухалы Зама выклікала міжнароднае абурэньне. Зам займаўся каналам Amad­News, які быў прыпынены Telegram у 2018 годзе за публікацыю інфармацыі аб кактэйлях Молатава, але адрадзіўся пад іншай назвай. Яго вінавацілі ў арганізацыі антыўрадавых пратэстаў у 2017 годзе.

    В Иране казнили оппозиционного журналиста

    А ў Кітаі, дзе Telegram забаронены, у аплікацыі зьявіўся ўсплёск мільёнаў новых карыстальнікаў, паколькі іншыя плятформы абмену паведамленьнямі пацярпелі.

    У апошнія гады Іран і Кітай сталі ў цэнтры ўвагі прыхільнікаў свабоды слова, уключна з намаганьнямі па распрацоўцы такіх тэхналёгій, як Sig­nal і Tor, якія дазваляюць людзям атрымліваць доступ да Інтэрнэту і мець зносіны канфідэнцыйна.

    «Мы ня хочам, каб гэтая тэхналёгія іржавела і састарэла. Вось чаму мы вырашылі накіраваць нашыя антыцэнзурныя рэсурсы ў іншыя месцы, дзе Telegram ўсё яшчэ забаронены ўрадамі — такія месцы, як Іран і Кітай», — напісаў Дураў пасьля таго, як Расея разблякавала Telegram. «Мы просім адміністратараў былых проксі-сэрвэраў для расейскіх карыстальнікаў засяродзіць свае намаганьні на гэтых краінах».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці