Рудкоўскі: «Пастаянны паток высокаградуснай прапаганды контрпрадуктыўны — прыносіць эфект, адваротны да задуманага»
Палітолаг — пра тое, ці перамаглі ўлады ў інфармацыйнай барацьбе.
Абноўленая снежаньская метадычка для ідэолагаў, якую апублікавалі днямі Мінгарвыканкам і іншыя дзяржустановы, у тым ліку вядучыя ВНУ краіны, прысвечаная палітыцы ў сферы інфармацыйнай бяспекі.
У дакуменце, удзел у падрыхтоўцы якога традыцыйна бяруць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Лукашэнкі, МУС, Мінінфармацыі, Мінабароны, Следчы камітэт і Акадэмія кіравання, нямала цікавых лічбаў і ўстановак, якую інфармацыйна-прапагандысцкія групы мусяць даводзіць да беларусаў.
Стварэнне альтэрнатыўнай рэальнасці
Напрыклад, аўтары сцісла распавядаюць гісторыю інфармацыйнага супрацьстаяння Беларусі і Захаду, якая нібыта бярэ пачатак з часоў халоднай вайны — а на цяперашнім этапе, як сцвярджаецца, дайшло да стварэння адмысловых кібервойскаў у складзе НАТО.
Паведамляецца нават, колькі «калектыўны Захад» выдаткоўвае на стварэнне фэйкаў і «распаўсюд дэзінфармацыі супраць Расіі і Беларусі». Па звестках Лігі бяспечнага інтэрнэту, штодзённыя (!) выдаткі на гэтую кампанію, маўляў, складаюць 25 мільёнаў долараў ЗША».
Зрэшты, просты фактчэкінг паказвае, што «Ліга бяспечнага інтэрнэту» — каляўрадавая расійская арганізацыя, створаная ў 2011 годзе пры падтрымцы МУС для цэнзуравання сеціва (у прыватнасці, Ліга датычная да распрацоўкі агульнага Рэестру забароненых сайтаў у РФ).
Заснавальнік яе — фонд Свяціцеля Васіля Вялікага, заснаваны адным з фінансістаў «рускага свету» Канстанцінам Малафеевым, а цяперашні кіраўнік — Кацярына Мізуліна, дачка скандальна вядомай сваёй барацьбой за «традыцыйныя каштоўнасці» сенатаркі. Словам, давер да арганізацыі, а таксама да любых агучаных ёй звестак, пад вялікім пытаннем — але, відаць, мяркуецца, што беларускія ідэолагі ім не зададуцца.
У метадычцы сцвярджаецца таксама, што праз маніпуляцыю грамадскай свядомасцю, напрыклад, праз выдачу «патрэбных» вэб-рэсурсаў у пошукавіках, адбываецца «размыванне нацыянальнага менталітэту», «дыскрэдытацыя структур улады», «уцягванне грамадзян у тэрарыстычную дзейнасць», «скажэнне гістарычнай праўды». І нават прыпыненне членства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце, маўляў, з той жа оперы «гібрыднай вайны».
«Гэта ўсё фэйкі»
Каб супрацьстаяць такой навале, у Беларусі, нагадваюць аўтары, яшчэ тры гады таму была створаная Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі (не зразумела, праўда, чаму так позна, калі інфармацыйная вайна з Захадам доўжыцца ўжо больш чым паўстагоддзя?).
З падачы ўладаў прымаюцца рэпрэсіўныя законы ў сферы інфармацыі, з’яўляецца ўсё больш «выкрывальніцкіх» рубрык як у цэнтральных, так і ў рэгіянальных СМІ, а паралельна МУС і іншыя сілавыя структуры займаюцца «практычнай» часткай — забараняюць, абмяжоўваюць доступ і прызнаюць «экстрэмісцкімі» незалежныя медыя, тэлеграм-каналы і нават асобныя дваровыя чаты.
У прыватнасці, за апошнія два гады «экстрэмісцкім» прызналі кантэнт 778 тэлеграм-каналаў і іншых рэсурсаў. Як вялікае дасягненне сілавікоў, паведамляецца, што з восені мінулага года «колькасць адпісак ад асноўных экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў і чатаў, якія спецыялізуюцца на беларускай павестцы, перавысіла 500 тысяч».
Толькі за няпоўны 2022 год улады абмежавалі доступ да 3002 інтэрнэт-рэсурсаў. Што адметна, гэта ў 5 разоў больш, чым існуе ў Беларусі дзяржаўных СМИ — друкаваных, тэлерадыёвяшчальных і сеткавых, а таксама інфармагенцтваў (413, 116, 31 і 2 адпаведна). Гэта нават удвая больш, чым усіх афіцыйна зарэгістраваных у краіне медыя.
Ці могуць гэтыя лічбы сведчыць, што рэжым не спраўляецца і, нават нягледзячы на фінансавыя ўліванні і выкарыстанне рэсурсу расійскай прапаганды, прынамсі не выйграе ў незалежных медыя ў тым, што сам называе інфармацыйнай вайной?
— У тых самых «Матэрыялах» заўважана, што агульная колькасць падпісчыкаў на беларускія «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы» складае каля 2 мільёнаў. Гэта больш за чвэрць насельніцтва Беларусі, — зазначае ў каментары «Филину» палітолаг, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі. — А гаворка ідзе толькі пра «экстрэмісцкія» каналы ў Тэлеграме і пра «падпісантаў».
Але ёсць яшчэ мноства людзей, якія з мэтаў бяспекі адпісваюцца ад каналаў, але пры гэтым рэгулярна іх чытаюць. А ёсць жа яшчэ апазіцыйныя каналы, якія (пакуль што) не прызнаныя экстрэмісцкімі. А апроч Тэлеграма ёсць жа яшчэ сацсеткі, юцюб і рознага роду мэсенджары.
Карацей кажучы, самі ідэолагі ўскосна прызнаюць, што ўплыў альтэрнатыўных крыніц інфармацыі ўсцяж каласальны. І гэта нягледзячы на жорсткія забароны, прасоўванне ўласных рэсурсаў і прадукаванне вось такіх «метадычак».
«Усё роўна, што спрабаваць кіёчкам заблакаваць паток вялікай ракі»
— Ці будзе перамогай рэжыму, калі, умоўна кажучы, назваць «экстрэмісцкімі» ўсе недзяржаўныя рэсурсы — медыя, тэлеграм-каналы, чаты і г.д.?
— Ключавое пытанне: што будзе дадзена ўзамен. Шмат што ўказвае на тое, што попыт на альтэрнатыўную інфармацыю ў краіне вялікі, што і не дзіўна: ёсць пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і ёсць трывога з‑за вайны ва Украіне. Нават тыя, хто не цікавяцца такімі рэчамі, як правы чалавека або дэмакратыя, выразна адчуваюць уплыў гэтых двух фактараў (эканоміка і вайна).
Каб эфектыўна змагацца з недзяржаўнымі рэсурсамі, трэба ў нейкім сэнсе самім імі стаць: перастаць праслаўляць уладу і пачаць гаварыць пра рэальныя праблемы. Зрабіўшы так, можна як мінімум 50% аўдыторыі перацягнуць да сябе. А спроба дзейнічаць забаронамі ў эпоху інфармацыйнай адкрытасці — гэта ўсё роўна, што спрабаваць кіёчкам заблакаваць паток вялікай ракі.
— У метадычцы заяўлена, што прыярытэтнай задачай для рэдакцый дзяржСМІ з’яўляецца стварэнне «якаснага і аргументаванага контрпрапагандысцкага кантэнту». На вашу думку, ці можа ў цяперашніх умовах дзяржава выдаваць такі кантэнт, калі яе пераважная аргументацыя — называць чорнае белым?
— Пакуль «зоркамі» рэжымных СМІ застаюцца такія персанажы, як Азаронак або Пуставы, то ні пра якую якасць ды аргументаванасць не можа быць мовы.
Яны — майстры негатыўных эмоцый, але негатыўныя эмоцыі хутка вычэрпваюць псіхіку і ад іх людзі хутка стамляюцца. Пару месяцаў таму сігналізаваў пра гэта былы кіраўнік СТВ Кірыл Казакоў — чалавек, які сам курыраваў і арганізоўваў працу прапагандыстаў. Але нават ён даў зразумець, што пастаянны паток высокаградуснай прапаганды контрпрадуктыўны — прыносіць эфект, адваротны да задуманага.
Чытайце яшчэ: