• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якімі былі медыя ў 90‑я?

    Немагчыма ахапіць у адным тэксце цэлае дзесяцігоддзе, але разам са сведкамі эпохі мы згадаем найбольш яркія падзеі і персон, якія задавалі часу рытм і пісалі гісторыю. "Наша Ніва" прапанавала ўспомніць ззянне рок-зорак, шалёныя фестывалі, беларускамоўнае тэлебачанне, «Музычную газету» і прарыўное радыё «101.2» Мы выбралі для вас самае цікавае, што датычыцца медыясектара таго часу.

    Якім было ТБ і газеты?

    БТ у той час мела некалькі годных перадач, вядучыя якіх станавіліся зоркамі. У 1997‑м з’явілася моладзевае ток-шоу «5х5». Гэта была самая вострая перадача на беларускім тэлебачанні. Падлеткі ў жывым эфіры вольна абмяркоўвалі патрэбнасць фізкультуры ў школе і стасункі з настаўнікамі, месца жанчыны ў сям’і і здрады, наркаманію, падлеткавую злачыннасць і цяжарнасць.

    Адна з былых супрацоўніц тэлебачання тых часоў (яна папрасіла захаваць яе ананімнасць) згадвае, што калі тады і існавала цэнзура ў культурных перадачах, то найперш якасці праграмнага і музычнага матэрыялу.

    «З таго, што можна назваць прарывам, хочацца адзначыць перадачу «Крок» — наш варыянт «Взгляд». Увогуле, усе аўтары паспелі наглядзецца, як рабіць «фірму», таму імкнуліся штомоцы рабіць нешта цікавае і незвычайнае. Было шмат арыгінальных лакацый: нехта з кавярняў трансляцыі вёў, нехта з падвалаў.

    Аксана і Анатоль Вечар, Аксана Лявіцкая, Ларыса Грыбалёва, Тамара Лісіцкая, Каця Дзямчук, Сяргей Філімонаў, Алесь Круглякоў, Алег Лукашэвіч, Віталь Сямашка, Ягор Хрусталёў і першае ток-шоу з інтэрв’ю «Карамболь» — усе яны былі прафесіяналамі ў сваім кірунку.

    Паветра было перанасычана ідэямі. Раніцай прачнуўся — о, добрая ідэя прыснілася. Увечар ужо расказваеш яе некаму з калег. Усе гэта было вельмі дынамічна, гарэзліва…»

    Адчуванні супрацоўніцы тэлебачання пацвярджаюцца ўспамінамі Таццяны Заміроўскай, якая тады была актыўнай глядачкай кантэнту, што вырабляўся яе кумірамі. 

    «Па беларускім тэлебачанні штодзень паказвалі нешта цікавае: Ларыса Грыбалёва з яе «Усё нармальна мама», «Акалада» пра вядомую музыку і гурты Аксаны і Анатоля Вечар, «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонава пра цікавосткі са свету шоўбізу. Вельмі шмат моладзі ў эфіры, неверагодныя вядучыя — Тамара Лісіцкая і Кірыл Слука, якія імкнуліся прасоўваць у эфіры сваё, кліпы айчынных гуртоў…

    Гэта быў час фармавання музычнага густу праз медыя, і менавіта дзякуючы тым прыкладам я сама захацела стаць журналісткай. Гэта быў час тытанічных зрухаў усяго — яно адчувалася фізічна: што вось зараз тут усё будзе класна. І гэта я зараз кажу так не таму, што вось падтрымліваю беларускае радыё і ТБ часоў дыктатуры, якая хутка разгарнулася. А таму, што пэўны час там паспелі папрацаваць самыя клёвыя, крэатыўныя антыдыктатурныя чувакі». 

    Таццяна расказвае, што для яе стала мэтай трапіць на працу менавіта ў газету «Імя», выдаўцом якой разам з «Беларускай дзелавой газетай» быў Пётр Марцаў.

    «Я дагэтуль памятаю, як кожны тыдзень у родным Барысаве проста бегла да шапіка з прэсай, каб набыць «Імя», дзе для мяне адкрываўся чароўны сусвет з крутымі журналістамі, якія пішуць пра шоўбіз. Калі я паступала на журфак, то ва ўступным сачыненні напісала, што для мяне сапраўдная журналістыка — пра Халіп, Халезіна і ўсе, хто робіць газету «Імя». Мае бацькі плакалі двое сутак пасля гэтага, казалі што мяне ніхто не возьме на журфак з такім падыходам, што трэба было пісаць пра «СБ».

    Але тады журфак быў ліберальным і мне паставілі найвышэйшы бал. Праўда, калі я нарэшце прыйшла працаваць, пазнаёмілася з Ірынай Халіп, прынесла ёй свой першы артыкул пра канцэрт The Rolling Stones у Маскве, «Імя» зачынілі. Так на адной публікацыі для мяне ўсё там і скончылася».

    Ужо пазней за навіны музыкі суцэльна пачне адказваць «Музычная газета» з яе паўнавартаснымі аглядамі і прафесійнай крытыкай. Трапіць на вокладку «МГ» ці стаць аб’ектам рэцэнзіі, хай нават і ў негатыўным кірунку з лаянкай — было за шчасце (тым больш, што ў лепшыя часы яна прадавалася не толькі ў Беларусі, але і Расіі, Украіне і нават Казахстане). Выданне ў тым ліку было ў пэўным сэнсе правобразам сацсетак: праз яго абменьваліся вокладкамі, фотаздымкамі, знаходзілі сяброў і нават каханне па ліставанні. 

    «МГ» выпускалася выдавецтвам «Нестар», заснаваным Анатолем Кірушкіным, і было там не адзіным суперпаспяховым і якасным выданнем. Адтуль жа вырас вузкаспецыялізаваны часопіс «Джаз квадрат» і адно з першых айці-выданняў у Беларусі «Камп’ютарная газета».

    90‑я таксама сталі эпохай росквіту «Прэсбола» з новай, цікавай падачай навінаў пра спорт, папулярнасці выдавецкіх праектаў дэпутата-апазіцыянера Ігара Герменчука (дзіка хадавой на той час газеты «Свабода» (пазней — «Навіны»)), з’яўлення палітыка-сатырычнай газеты «Навінкі» і мінскага перараджэння «Нашай Нівы».

    Радыёстанцыя «101.2»: кароткая гісторыя і моцны ўплыў на ўсю сферу

    У 90‑х жа быў афіцыйна зарэгістраваны «Восьмы канал» — першае недзяржаўнае тэлебачанне. Адной з самых папулярных праграм там была «Foxy music» з Тамарай Лісіцкай: «Мяне на 8 канал запрасіў Іван Беладубенка, даў поўную волю, мантажку, аператара. Так і атрымалася «Foxy music». Па сённяшніх мерках стандартная музычная праграма — напаўголая вядучая ў студыі, музычныя навіны, кліпы, пазней я пачала запрашаць гасцей, рабіць гутаркі. Але тады такіх праграм было вельмі мала, і гэта карысталася вялікім поспехам. Мы пратрымаліся два гады. Потым у маім жыцці з’явіўся тэлечасопіс «12, ці на ноч гледзячы» на БТ. Кожная праграма павінна была сканчвацца новым кліпам, таму я адна з першых самастойна пачала здымаць «бетакамныя» кліпы нашым музыкам, прычым абсалютна задарма», — згадвае вядучая.

    Прагрэсіўным было і радыё. Пасля рэтрансляцыі «Радыё Рокс», на FM-частотах у 1993 годзе запрацавала першая прыватная станцыя «Радыё Бі Эй», зрабіўшы сапраўдны фурор. Але, відаць, самай прарыўной для свайго часу на той момант стала камерцыйная незалежная беларускамоўная FM-радыёстанцыя «101.2» (першапачаткова яна мела ў назве дадатак «Адраджэнне»).

    Аснову калектыву станцыі склалі журналісты і гукарэжысёры, якія ў 1994 годзе не па сваёй волі пакінулі дзяржаўную радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная», якую ліквідавалі па загадзе пракамуністычнага Кебіча напярэдадні першых у незалежнай Беларусі прэзідэнцкіх выбараў — рэдактарка Жанна Літвіна выказвала здагадку, што гэта помста за тое, што радыё не падтрымала Кебіча як кандыдата.

    Тэхнічнае абсталяванне для станцыі дазволіў закупіць атрыманы ад яшчэ існуючага Фонда Сораса грант, таму ў стварэнні не было задзейнічана ні капейчыны дзяржаўных грошай. Радыё было нонканфармісцкім, чыста беларускамоўным і з мудрай палітыкай менеджараў, якія прыдумалі добрыя рэкламныя кампаніі і крэатыўныя прапановы бізнэсам, што адразу дазволіла ім самаакупляцца. Сярод імёнаў, якія гучалі ў эфіры і былі сапраўднымі радыёзоркамі, — Ірына Курапаткіна і Вольга Бабак, Кася Камоцкая і Лявон Вольскі, Вольга Гардзейчык і Севярын Квяткоўскі, Зміцер Лукашук і іншыя. 

    Аляксандр Памідораў жыў непадалёк ад офіса рэдакцыі на Рэвалюцыйнай і часам прымаў удзел у запісах некаторых праграм.

    «Гэта была ўнікальная станцыя па многіх прычынах: досыць сучаснае тэхнічнае абсталяванне, навінкі музыкі з падпісак на міжнародныя каталогі, заняткі англійскай мовай на прыкладзе сучасных трэкаў. У ранішнім эфіры не проста размаўлялі дыджэі, а былі цэлыя шоу з нейкай актуалачкай і прыколамі. Напрыклад, пра курс даляра расказвалася на прыкладзе коштаў на семкі на Камароўцы. Ну, і досыць жорсткія жарты, якія і прывялі да прымусовага закрыцця ў жніўня 1996-га».

    Свабода вяшчання скончылася тым, што 30 жніўня 1996 года ў офісе рэдакцыі вылез факс, у якім, нават без подпісу, паведамлялася, што нібыта «з прычыны перашкодаў, якія ладзіць перадатчык на частаце 101.2 мегагерц для канала ўрадавай сувязі «Алтай», эксплуатацыя перадатчыка спыняецца з 31 жніўня 1996 года».

    Пасля закрыцця студыя станцыі яшчэ працягвала генераваць творчае: тут, напрыклад, быў запісаны музычны праект «Народны альбом». Потым жа частату 101.2 FM перадалі для вяшчання іншым: у прыватнасці, БРСМ і іх радыё «Стыль». Пазней тут жа запрацавала «Пілот ФМ», уладальнікам якой таксама з’яўляецца БРСМ. Але «101.2» так ці інакш паўплывала на якасць эфіраў калег. На яе ж падмурках паўстала «Радыё рацыя» ў замежжы.

    Больш працяглай, але таксама сумнай аказалася гісторыя яшчэ адной незалежнай радыёстанцыі — «Аўтарадыё». Там з 1992-га таксама ратыраваліся беларускія музыкі. Вядомымі вядучымі былі Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр. У 2011‑м радыё анулявалі ліцэнзію ў сувязі з «публічнымі заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці» — пад гэтым меліся на ўвазе выступы незалежных кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі-2010.

    Цалкам матэрыял можна прачытаць тут

    Чытайце яшчэ:

    Кацярына Раецкая — пра вайну, дыскрымінацыю беларусаў і тое, што зараз адбываецца ў шоў-бізнесе

    «Я спрятала ноутбук от талибов, чтобы записать для вас эту историю». Репортаж журналистки, сбежавшей из Афганистана

    «Хвароба — душ, які змывае з цябе ўсё лішняе». Каця Пытлева і яе шчыры аповед пра рак

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці