• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Родным журналіста Дзяніса Івашына пагражаюць за распаўсюд інфармацыі пра яго

    Блізкім палітзняволенага гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына пагражаюць спыненнем камунікацыі з ім: «абяцаюць» пазбавіць званкоў, ліставання і спатканняў, у тым ліку з абаронцам. Прычына такога ціску — распаўсюд імі інфармацыі пра стан спраў палітвязня.

    Пра гэта паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына: ёй і бацькам Дзяніса перадаюць пагрозы і «просьбы» з патрабаваннем перастаць пісаць пра яго.

    У адваротным выпадку супрацоўнікі магілёўскай папраўчай калоніі №15, дзе зараз адбывае зняволенне журналіст, пагражаюць пазбавіць яго тэлефанаванняў, лістоў і спатканняў нават з адвакатам, а таксама змясціць журналіста ў штрафны ізалятар ці памяшканне камернага тыпу.

    Аднаго доўгатэрміновага і некалькіх кароткатэрміновых спатканняў Дзяніса ўжо пазбавілі, гэта здарылася адразу пасля этапавання яго ў Магілёў.

    Родныя журналіста ўспрынялі пагрозы цалкам сурʼёзна, але паддавацца на шантаж не збіраюцца.

    «Мы абсалютна сур’ёзна ставімся да такіх пагрозаў, тым больш, што пра падобныя ўльтыматумы кажуць і іншыя сваякі палітвязьняў. <…> Але ў такіх умовах пагаджацца на запалохваньне — значыцца даваць ім у рукі інструмант для далейшага шантажу й ціску. Таму хай не спадзяюцца, калі мелі такі намер», — паведамляе Вольга Івашына.

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве». Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяц зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў. Пры канцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без задавальнення. Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі з турмы №1 Гродна ў папраўчую калонію №15 Магілёва, дзе для яго прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.

    Чытайце яшчэ:

    Дзіяна Флеер. Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

    Найлепшыя беларускія інстачасопісы

    Ласма Антоневича: Журналисты из Беларуси демонстрируют энтузиазм, но их слабая сторона — неверие в собственные проекты

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці