• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара «Витебского курьера news» Аляксандра Корнышава аштрафавалі за рэпосты са свайго ж выдання

    Рэдактара рэгіянальнага анлайн-выдання «Витебский курьер news» прызналі вінаватым у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адміністрацыйную справу паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП суддзя Першамайскага раёна Віцебска Вераніка Барысава разглядала ў адсутнасць адказчыка — у лістападзе 2020 года Корнышаў вымушана з’ехаў з Беларусі.

    Аляксандр Корнышаў «Витебского курьера news» штраф

    Аляксандр Корнышаў. Скрыншот відэа

    У судзе разбіралі адразу два адміністрацыйныя пратаколы — ад 30 красавіка і ад 13 траўня. Іх змест практычна аднолькавы: міліцыянты з Першамайскага РАУС Віцебска заўважылі некалькі спасылак на «Витебский курьер news», размешчаных у «ВКонтакте» на асабістай старонцы рэдактара выдання. Складзеныя пратаколы Аляксандру Корнышаву даслалі таксама праз гэтую сацыяльую сетку ў асабістых паведамленнях, бо выклікаць яго ў пастарунак не атрымалася.

     «Выклікаў у суд было таксама два, на 16 і на 20 траўня. Гэтыя даты прызначыла міліцыя, але ў раскладзе судовых пасяджэнняў майго прозвішча ні на адну, ні на другую дату не было», — распавёў Аляксандр Корнышаў.

    Судовы працэс у выніку адбыўся 20 траўня і скончыўся штрафам памерам 20 базавых велічынь (800 BYN), на аплату якога дадзены адзін месяц. 

    Праз тры дні пасля суду міліцыянты прыходзілі з ператрусам па месцы рэгістрацыі рэдактара. Іх цікавіла, як даўно Корнышаў займаецца журналістыкай, пра што піша, як фінансуецца і дзейнічае «Витебский курьер news». Паводле Аляксандра Корнышава, падобныя візіты пасля ягонага ад’езду з Беларусі здараліся і раней. Але рэгулярны характар набылі з тае пары, як сёлета ў лютым журналіст узяў удзел у праграме «Беларус беларусу» на тэлеканале «Белсат».

    10 траўня рэдактар выдання «Витебский курьер news» даведаўся, што яго ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс» на сайце МУС — як удзельніка перадвыбарчай ініцыятывы «Еўрапейскі выбар», абвешчанай уладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем». 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці