Рэдакцыя «Новага Часу» тэрмінова просіць падтрымкі
Далейшае існаванне выдання апынулася пад рэальнай пагрозай. На платформе BYSOL адкрыты збор для рэдакцыі «Новага Часу».
Журналісты «Новага Часу» вымушаны звярнуцца па дапамогу праз рэзкае скарачэнне фінансавай падтрымкі.
«З 2002 года выданне «Новы Час» бесперапынна працавала для вас.
Больш за 20 гадоў мы публікуем важныя інтэрв’ю, рэзанансныя расследаванні, палітычную аналітыку, а таксама гістарычныя артыкулы. «Новы Час» — адно з нешматлікіх цалкам беларускамоўных медыяў.
Пасля пагрому рэдакцыі ў 2021 годзе і спынення выпуску друкаванай версіі газеты мы не здаліся. Кожны дзень на сайце novychas.online з’яўляюцца захапляльныя артыкулы нашых аўтараў.
Сёння ў кіпцюрах рэжыму застаюцца 2 журналісты «НЧ» — Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок.
Мы вымушаныя звярнуцца да вас па дапамогу! Рэдакцыя спрабуе вырашыць праблемы, але наўпрост зараз сітуацыя крытычная. Без фінансавага ўдзелу чытачоў далейшае існаванне выдання зробіцца немагчымым. Мы вельмі хочам працаваць для вас далей, таму звяртаемся па тэрміновую падтрымку», — гаворыцца ў звароце рэдакцыі.
Сума збора — 24 тысячы еўра. Грошы неабходныя, каб выплаціць затрыманыя заробкі супрацоўнікам «Новага Часу» за тры месяцы і працягнуць далейшую працу выдання да атрымання сродкаў з іншых крыніц.