• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэйдэрскі захоп «БелГазеты»? Што вядома пра скандал вакол выданьня

    • Як стала вядома 21 студзеня, незалежнае выданьне «БелГазета» ўзначаліў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён запэўніў, што за рэдакцыйную палітыку па-ранейшаму будзе адказваць рэдакцыя, умешвацца ў яе праваабаронца ня будзе, а будзе займацца толькі камэрцыйнымі пытаньнямі, «паставіць газэту на нармальныя эканамічныя рэйкі».

    • У той жа дзень былы дырэктар і асноўны ўладальнік (75%) выданьня Кірыл Жываловіч напісаў у камэнтарах да гэтай навіны на фэйсбуку журналіста Паўлюка Быкоўскага: «Гэта рэйдэрскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога ёсьць Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасьці будуць у сераду».

    Андрэй Бандарэнка, 2017 год

    • Бандарэнка адказаў у камэнтары «Эўрарадыё» на камэнтар Жываловіча: «Ніхто нічога не захопліваў». Паводле Бандарэнкі, Жываловіч «год не зьяўляўся на працы», а «ў сьнежні паўстала пытаньне, што газэта больш ня будзе выходзіць». Зьмена дырэктара была законнай, а «захопліваць прадпрыемства зь вялікімі стратамі — як мінімум бязглузда».

    • Жываловіч у камэнтары Свабодзе не пагадзіўся са сказаным Бандарэнкам, але пракамэнтаваць усю гісторыю паабяцаў пазьней.

    • Сузаснавальнік і ўладальнік чвэрці акцыяў Ігар Высоцкі адмовіў Свабодзе ў камэнтары аб сытуацыі вакол газэты — параіў зьвяртацца да Бандарэнкі. «Мне зусім фіялетава, — сказаў Высоцкі. — А пэрсанаж Жываловіч нецікавы зусім. Ні зь якіх пазыцыяў. Яго няма, ён нуль! Тэлефануйце Бандарэнку».

    • На тэлефанаваньні ў рэдакцыі не адказваюць ні па якіх нумарах.

    • «БелГазета» была заснаваная ў 1995 годзе пасьля расколу «Белорусской деловой газеты» як «Белорусская газета» (зьмяніла назву ў 2005‑м). Выходзіць штотыдзень на паперы на расейскай мове, наклад на момант публікацыі — 8100 асобнікаў. Таксама вядзе сайт Belgazeta.by.

    • Былы палітвязень Бандарэнка вядомы як заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» (іншых праваабаронцаў, «Вясну» ён крытыкаваў за «манапалізацыю»). Раней Бандарэнка не займаўся СМІ і выдавецкай справай.

    • За два тыдні да прызначэньня Бандарэнкі ў «БелГазету» ад ягонага імя па рэдакцыях СМІ рассылалася прапанова ўзяць расейскі грант на 101 тысячу даляраў «на правядзеньне ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі» (ад расейскага «фонду „Открытая Белоруссия“» — раней пад такой назвай фігураваў латвійскі фонд, які згадваўся збольшага толькі на старонках выданьня Reg­num). Бандарэнка заявіў «Нашай ніве», што ня мае да гэтага дачыненьня, але «валодае інфармацыяй, якая ўказвае на чалавека, які займаецца гэтай лухтой».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці