«Рэпартэры бязь межаў»: у 2018 годзе ў сьвеце забілі 80 журналістаў
З пачатку 2018 году ў сьвеце забілі ня менш за 80 журналістаў у сувязі зь іхнай прафэсійнай дзейнасьцю. Сьпіс апублікавала 18 сьнежня міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».
Больш за палову загінулых журналістаў прыпадае на пяць дзяржаваў — Аўганістан (15 чалавек), Сырыю (11), Мэксыку (9), Емэн (8) і Індыю (6). Пры гэтым Мэксыка зьяўляецца адзінай краінай з высокай колькасьцю забітых журналістаў, дзе няма ўзброенага канфлікту, адзначаюць праваабаронцы. Усяго ў зонах ваенных канфліктаў за 11 месяцаў 2018 году загінулі 44 журналісты.
Акрамя таго, цяпер у сьвеце 348 журналістаў знаходзяцца пад вартай. Паводле дадзеных міжнароднага Камітэту абарону журналістаў, ужо трэці год запар толькі ў дзяржаўных турмах за сваю прафэсійную дзейнасьць сядзяць больш за 250 журналістаў у сьвеце, у тым ліку 33 жанчыны.
«Чалавекам году», паводле вэрсіі амэрыканскага часопіса Time, у 2018 годзе стала група журналістаў. Яны былі ўганараваныя такім званьнем за адважную рэпартэрскую дзейнасьць.
У іх лік увайшлі забіты саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы, арыштаваныя ў М’янме журналісты Reuters, рэдакцыя амэрыканскай газэты The Сapital Gazette, на якую ў чэрвені напаў узброены мужчына, філіпінка Марыя Рэса, якая знаходзіцца пад пагрозай турэмнага тэрміну, намесьніца галоўнага рэдактара расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Тацяна Фельгенгаўэр, якая перажыла напад, ды іншыя.