“Рэпарцёры без межаў” заклікаюць вызваліць Эдуарда Пальчыса
“Рэпарцёры без межаў” заклікаюць беларускія ўлады забяспечыць празрыстасць у судовых працэдурах па справе Эдуарда Пальчыса, беларускага блогера і рэдактара 1863x.com, які знаходзіцца пад арыштам.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, змешчанай 28 ліпеня на сайце міжнароднай арганізацыі.
“Рэпарцёры” нагадваюць перадгісторыю справы:
Эдуард Пальчыс, які працаваў пад псеўданімам Джон Сільвер, правёў паўгады пад арыштам спачатку ў Расіі, а пасля ў Беларусі, пасля экстрадыцыі ў Мінск у чэрвені 2016-га.
Першапачаткова яго арыштавала беларускае КДБ у маі 2015. Пальчысу прызначылі судовую экспертызу, месяц ён быў пазбаўлены візітаў родных і доступу да гарачай вады.
Пасля вызвалення супраць Пальчыса завялі справу па наступных абвінавачаннях: “распальванне расавай варожасці” ў двух допісах у блогу (прадугледжанае пакаранне – ад штрафу да пяці гадоў зняволення) і за “распаўсюд парнаграфічнага кантэнту” ў калажы, які ілюстраваў яго іншы допіс (прадугледжанае пакаранне – ад 2 да 4 гадоў зняволення).
Асцерагаючыся адвольнага суда, Пальчыс пакінуў Беларусь у жніўні 2015 года і з’ехаў ва Украіну. Блогера арыштавалі ў студзені 2016-га падчас візіту ў Расію.
““Рэпарцёры” заклікаюць вызваліць Пальчыса, чыё прэвентыўнае ўтрыманне пад арыштам непрапарцыйна злачынствам, у якіх ён абвінавачваецца,” – заявіў Ёхан Бір, кіраўнік аддзела RSF па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
“Допісы ў блогу і ілюстрацыі павінны быць даследаваныя незалежнай арганізацыяй, – напрыклад, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У той жа час, заканадаўства Беларусі датычна злачынстваў у сферы СМІ павінна быць перагледжана. Пакаранне, якое можа быць ужыта, – асабліва ў выглядзе пяці гадоў турмы – абсалютна непрапарцыйна”, – кажа Ёхан Бір.
Пакуль што нікому не давалі доступу да матэрыялаў з блога і ілюстрацый, па якіх прад’яўлена абвінавачанне, таму незалежнай ацэнкі не было, – нагадваюць “Рэпарцёры”.
Беларусь знаходзіцца на 57‑м месцы са 180 у Індэксе свабоды прэсы “Рэпарцёраў без межаў”.