«Рэпарцёры без межаў» ставяць сумнеў абставіны затрымання Чудзянцова
Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" (RSF) ставіць пад сумнеў абставіны затрымання Уладзіміра Чудзянцова, які ўдзельнічаў у стварэнні дакументальнага фільма з крытыкай прэзідэнта Лукашэнкі.
Уладзімір Чудзянцоў збіраўся перасекчы польскую мяжу цягніком 21 лістапада, калі ён быў затрыманы за захоўванне наркотыкаў беларускімі мытнікамі.
Паводле супрацоўнікаў мытні, яны знайшлі 0,87 грама марыхуаны ў вопратцы Чудзянцова, рэдактара незалежнага інтэрнэт-агенцтва навінаў by24.org . Супрацоўнікі міліцыі, якія правялі ператрус у яго кватэры ў той жа дзень, сцвярджаюць, што наркотыкі былі знойдзены і там.
Па словах адваката, аналіз крыві Чудзянцова не выявіў у яго ніякіх слядоў наркотыкаў. Зараз ён знаходзіцца ў папярэднім зняволенні, і яму пагражае тэрмін ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў захоўванні і перавозцы наркотыкаў. Дата судовага пасяджэння пакуль не вядомая.
«Абставіны затрымання Уладзіміра Чудзянцова выклікаюць пытанне, чаму быў праведзены дагляд, у той час, калі беларускія мытнікі рэдка правяраць пасажыраў на выездзе з краіны», — кажа прадстаўнік Бюро па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі «Рэпарцёраў без межаў».
«Акрамя таго, дзіўна, што журналіст, вядомы сваёй разважлівасцю, будзе правозіць наркотыкі, асабліва ўлічваючы суворае антынаркатычнае заканадаўства Беларусі. Калі гэта справа была сфабрыкаваная, прымяненне такіх метадаў у дачыненні да журналіста будзе азначаць трывожную эскалацыю падаўлення свабоды распаўсюду інфармацыі ў Беларусі».
Да 2013 г. Чудзянцоў працаваў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, а пазней стварыў by24.org, грамадска-палітычны сайт з жорсткай крытыкай прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і яго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна.
Нядаўна ў супрацы са Сцяпанам Святловым, блогерам, вядомым пад нікам NEXTA, ён прыняў удзел у стварэнні дакументальнага фільма з крытыкай Лукашэнкі, фільм сабраў больш за 1,8 мільёнаў праглядаў на YouTube. Пасля затрымання Чудзянцова NEXTA размясціў на YouTube відэа ў яго падтрымку.
Калі NEXTA арганізаваў акцыю ў Мінску 8 лістапада, беларуская міліцыя затрымала карэспандэнта нямецкай тэлекампаніі грамадскага тэлебачання ARD і яго каманду на больш чым дзве гадзіны, каб не даць ім здымаць падзею.
Беларусь займае 153 месца з 180 краін у Сусветным рэйтынгу свабоды прэсы 2019, які складаюць «Рэпарцёры без межаў».