• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэпарцёраў Заміроўскага, Спевак і Зарубіна за іх працу закінулі на Акрэсціна. Расказваем, чым яны вядомыя

    У суботу сілавікі забралі траіх з нашых шэрагаў. Спачатку — «для праверкі дакументаў», якая ў Беларусі можа цягнуцца невядома колькі. Але хутка высветлілася, што ўсё яшчэ горай: супраць іх пачалі «адміністратыўны працэс», мінімум да панядзелка яны будуць сядзець у чаканні суда на Акрэсціна. Хто яны — людзі, якія робяць карцінку і здабываюць інфармацыю ў немагчымых умовах?

     

    Вадзім Заміроўскі, фатограф Tut.by і БелаПАН

    Вадзім Заміроўскі — адзін з найвядомейшых і найпаспяховейшых фатографаў Беларусі, хоць сам мае армянскія карані. У Мінск Вадзім прыехаў у 1991 годзе, з таго часу тут і жыве. З жонкай Марынай гадуе сына Яна, якому няма яшчэ і годзіка. 

    Пакуль тата на Акрэсціна, Марына вымушана спраўляцца сама: «Вадзік, мы чакаем цябе. Дзякуй за праўду! Ты не баішся, ты ідзеш і робіш сваю работу. Ты наш герой!»

    Вадзім вядомы ў Беларусі найперш як фатограф найпапулярнейшага беларускага партала Tut.by, для якога ён здымае апошнія сем гадоў. Заміроўскага з камерай можна ўбачыць паўсюль, дзе адбываецца штосьці важнае. Але хіба найбольш яго хвалююць чалавечыя праблемы ў кропках канфліктаў. Людскі боль не дае яму спакою. Ён і на Данбас у 2017‑м паехаў, каб зафіксаваць, як працуюць медыкі на фронце, «Наша Ніва» друкавала гэты спецрэпартаж.

    Вадзім — адзін з нямногіх фатографаў, якога мінчукі пазнаюць на вуліцах, да якога падыходзяць і дзякуюць за працу. Але сам Вадзім надзвычай сціплы чалавек, ён не імкнецца да нейкіх самасцвярджэнняў, апроч як кудысьці паехаць і зрабіць фотарэпартаж.

    Здымкі Вадзіма разлятаюцца па ўсім свеце. Адзін з апошніх кадраў, які абляцеў планету, — з мінскага пратэсту. Дзяўчына сядзіць на зямлі перад сілавікамі, у вачах — адчай. Фота ўвайшло ў топ-20 найлепшых здымкаў тыдня The Guardian. І такіх кадраў у Вадзіма шмат.

    Каб не Вадзім, можа, не было б і найпрэстыжнейшага конкурсу для беларускіх фатографаў «Прэс-фота Беларусі». Вадзім шмат гадоў быў шчыра адданы гэтаму праекту.

    Усевалад Зарубін, відэааператар Tut.by і БелаПАН

    Відэаператар Усевалад Зарубін нарадзіўся ў Германіі, а пасля з бацькамі вярнуўся ў Беларусь і правёў дзяцінства ў Брэсце. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў. Хлопец любіць усё, што звязана з тэхнікай, і асвойвае ўсе навінкі, якія толькі з’яўляюцца. Ён, дарэчы, адным з першых набыў 3D-прынтар.

    У камандзе Tut.by Усевалад з 2017 года. У відэаадзеле яго называюць тэхнічным гуру. Хлопец любіць актыўны рытм жыцця і кайфуе ад сваёй працы. Ездзіў у камандзіроўкі не толькі па Беларусі, але і ў Грузію, Украіну.

    Дома яго зараз чакаюць жонка Ганна і дачка-школьніца Варвара.

    Дар’я Спевак, рэпарцёрка Onliner.by

    Дар’я Спевак — журналістка «Анлайнера». Сама яна са Светлагорска. Тры гады таму скончыла Інстытут журналістыкі БДУ, працавала ў «Звяздзе».

    Вучылася таксама на розных курсах для журналістаў, ездзіла на стажыроўку ў Вялікабрытанію. Для «Анлайнера» яна рыхтавала серыю душэўных сюжэтаў пра доўгажыхароў у глухіх вёсках, рэпартаж з чарнобыльскай зоны. 

    У вольны час Дар’я падарожнічае па закутках Беларусі і чытае Караткевіча з Барадуліным. Горача любіць свайго ката. Гэта смелая дзяўчына з вострым пачуццём гумару. 

    У мінулыя выходныя журналістку затрымалі падчас працы ў Гродне, але праз некалькі гадзін адпусцілі. На гэты раз сілавікі заламвалі ёй рукі, калі вялі да машыны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці