• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактары форумаў беларускіх СМІ: шмат прарасійскага флуду (+апытанне)

    TUT.BY: Каментары сталі больш жорсткімі

    Адразу пасля прыняцця зменаў у Закон аб СМІ ў 2015 годзе каментары Tut.by пераехалі на асобную пляцоўку Talks.by. З гэтага часу адказнасць за размешчаную інфармацыю пачало несці ААТ “ІнтэрнэтСфера” – адмыслова створанае, каб адвесці магчымую пагрозу ад асноўнага сайта.

    Нагадаем, што на пачатку мінулага года Лілія Ананіч прыстрашыла ўладальнікаў рэсурсаў папярэджаннямі, калі ў каментарах чытачоў на сайце з’явіцца забароненая, непраўдзівая альбо абразлівая інфармацыя.

    Мадэрацыяй каментарыяў на Talks.by кіруе Вольга Сыцько.

     

    – За дзень на форумы да навінаў Tut.by прыходзіць блізу 15 тысяч каментароў. Гэтая лічба практычна не змянілася з пераходам на асобную пляцоўку форумаў – праўда, у дні грамадска значных падзеяў колькасць допісаў значна ўзрастае. У такія моманты людзі заўсёды пішуць на форумах вельмі шмат і часта дзеляцца негатыўнай рэакцыяй на нейкія навіны.

    Я б не сказала, што са зменамі заканадаўства каментатары сталі больш усведамляць сваю адказнасць за напісаныя словы. Наадварот – каментары сталі больш жорсткімі. Да таго ж, мы назіраем вялікую колькасць палітычнага флуду, які ўсімі сіламі імкнецца забіць любое меркаванне, што адрозніваецца ад ангажаванага дадзенай групай.

    Што тычыцца адказнасці за каментары, то ў сувязі са зменамі заканадаўства мы сталі яшчэ хутчэй выдаляць усе парушэнні, якія з’яўляюцца ў допісах. Але мы па-ранейшаму захавалі ў сябе пост-мадэрацыю, калі карыстальнік спачатку публікуе каментар на форуме, а толькі потым мадэратар можа яго праглядзець.

    Карыстальнікі ў асноўным здзяйсняюць вельмі простыя парушэнні: хамства, абразы, мат. Але з часам гэтага становіцца менш, а больш – палітычнага флуду.

    Не магу сцвярджаць, што гэтым займаюцца прадстаўнікі нейкіх палітычных арганізацый, але відавочна, што тая ці іншая палітычная думка пачынае прасоўвацца адначасова дзясяткамі людзей. Вельмі часта прыходзяць 20–30 чалавек і прасоўваюць нейкае палітычнае меркаванне, якое я магу вельмі лёгка ўбачыць і сфармуляваць. Звычайна прасоўваецца некалькі асноўных ідэй. Актыўна працуюць людзі прарасійскай палітычнай скіраванасці. Гэта ж бачыць і любы іншы карыстальнік Talks.by. Мне здаецца, існуюць групы, якія спрабуюць павярнуць вектар дыскусіі ў бок Расіі…

    А ў астатнім у нас на форумах усё вельмі проста. За парушэнне правілаў каментар  выдаляецца. Калі чалавек сістэматычна выкарыстоўвае мат, абразы і гэтак далей – выносіцца папярэджанне. Тры папярэджанні на працягу месяца цягнуць за сабой аўтаматычны бан. Нас за гэта можна любіць, можна не любіць, але правілы такія.

     

     

    NN.BY: Калі ўкраінцаў называюць “хахламі”, палякаў – “пшэкамі”, рускіх – “маскалямі” – такі каментар выдаляецца

    У “Нашай Ніве” за мадэрацыю каментароў на сайце адказвае сам шэф-рэдактар выдання Андрэй Дынько.

    – У дзень праз нашу прэмадэрацыю праходзіць ад 400 да 600 каментароў. Найбольш каментароў традыцыйна збіраюць самыя гарачыя матэрыялы на тэму дня, самыя лепшыя, самыя рэзанансныя артыкулы. Мы, у адпаведнасці з правіламі, выдаляем каментары, якія парушаюць беларускае заканадаўства альбо агульнапрынятыя нормы маралі і этыкі. На сёння такіх каментароў 15–20%, і з кожным годам гэты працэнт павялічваецца.

    Самае галоўная прычына, на мой погляд, у тым, што некаторыя дзяржавы ўкладаюць вялікія рэсурсы ў працу ботаў – людзей, якія адмыслова на сайтах змяшчаюць каментары пэўнага зместу. І акурат допісы ботаў складаюць вялікую частку каментароў, якія мы вымушаныя выдаляць. У гэтых каментарах часта ідуць абразы па нацыянальнай прыкмеце, заклікі да зменаў існуючых межаў і г. д.

    Калі ў каментарах украінцаў называюць “хахламі”, палякаў – “пшэкамі”, рускіх – “маскалямі ”, такі каментар выдаляецца. Калі ў каментары ёсць мат, нецэнзурныя словы, каментар выдаляецца. Мы, канешне, маем магчымасць паглядзець, з якой краіны прыходзіць да нас той ці іншы каментар, але мы гэтага не робім. Усе рашэнні прымаюцца толькі залежна ад зместу паведамлення.

    Ёсць таксама каментары, якія пішуцца відавочна людзьмі з псіхічнымі захворваннямі. Па змесце такіх допісаў бачна, што чалавек не разумее магчымай адказнасці за свае словы. Такія каментары таксама даводзіцца выдаляць. Канешне, камусьці не падабаецца, што яго каментар не быў апублікаваны. Але людзям трэба разумець, што яны таксама могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Таму ў нейкай ступені мы нават іх ратуем.

    Адметна, што нашыя правілы не сталі больш жорсткімі пасля зменаў у Законе аб СМІ. Нашыя нормы і раней дазвалялі выдаляць падобныя каментары.

     

    Naviny.by: Мы практыкуем дэмакратычны падыход да каментароў карыстальнікаў

    – Сярэднюю лічбу каментаў у дзень назваць цяжка, бо шмат залежыць ад падзей, што асвятляюцца на сайце ў канкрэтны момант. Наогул, наш форум не вельмі актыўны, і, калі нічога рэзананснага за дзень не адбываецца, то з паўсотні паведамленняў – гэта нармальна, – гаворыць галоўны рэдактар Naviny.by Аляксандр Зайцаў.

    – Але трэба адзначыць, што форум за апошнія гады стаў падобным да нефармальнага клуба, з’явілася група карыстальнікаў, якія стабільна, амаль кожны дзень, чытаюць нашы навіны, каментуюць іх, ствараюць палеміку.

    Наш форум постмадэруецца, але мы патрабуем ад карыстальнікаў рэгістрацыі на сайце. Гэтыя тры клікі і дзве хвіліны шмат каго спыняюць, але мы лічым, што такім чынам адфільтроўваем выпадковых каментатараў, тых, каму на самой справе няма чаго сказаць. Хай засмечваюць эфір дзе-небудзь у іншым месцы.

    Мы практыкуем дэмакратычны падыход да каментароў карыстальнікаў. І калі яны не супярэчаць правілам нашага форуму, дык і мы не маем падставаў нешта рэзаць ці выдаляць. Такім чынам, каментары, якія не адпавядаюць рэгламенту форума, складаюць не больш за 10%. Да гэтай лічбы трэба адносіць і спам.

    Ці ёсць нейкія тэмы, дзе прыходзіць найбольш нецэнзурных ці абразлівых каментаў? Сёння гэта тэма вайны на Данбасе, анексіі Крыму і ў цэлым узаемаадносін Расіі і Украіны. Пад навінамі менавіта на гэтую тэму разгортваюцца самыя гарачыя дыскусіі, якія часьцяком ператвараюцца ў сварку з выкарыстаннем абразаў. Гэтая тэма таксама найбольш прываблівая для троляў як з беларускага, так і расійскага боку, – канстатуе рэдактар Naviny.by.

    Kyky.org: Аўтар сам сочыць за каментамі пад сваім матэрыялам

    – Нельга сказаць пра нейкую сярэднюю колькасць каментаў у дзень, бо ўсё залежыць ад матэрыялаў. Бывае некалькі дзясяткаў, а бывае, каментары сыплюцца сотнямі. Толькі паспявай іх праглядаць, – гаворыць адзін з рэдактараў Kyky.org Павел Свярдлоў.

    Куку карыстаецца сістэмай «Dis­qus», якая дазваляе чытачам зарэгістравацца ў ёй альбо пакідаць каментары пад уласнымі логінамі Face­book, Twit­ter альбо ад Google-акаўнта. Такія каментары трапляюць на сайт без прэмадэрацыі. Каментары можна пакідаць і ананімна, але тады перад публікацыяй яны абавязкова праходзяць ухваленне мадэратарам.

    – Аўтары матэрыялаў на KYKY.org абавязаныя самі сачыць за дыскусіяй пад сваім артыкулам, за выкананнем правілаў і рэдагаваць альбо выдаляць каментары ў выпадку парушэнняў.

    Мы выдаляем альбо рэдагуем каментары, калі ў іх утрымліваецца лаянка, абразы, нейкія паклёпніцкія звесткі. Калі, да прыкладу, у вялікім сэнсоўным каменце недзе ў чалавека прабегла мацернае слова, мы выдаляем не ўвесь каментар, а толькі гэтае слова.

    Улічваючы патрабаванні заканадаўства, мусім сачыць за дыскусіяй і аператыўна пазбаўляцца ад таго, што парушае заканадаўства. У дзень толькі мне пад сваімі матэрыяламі даводзіцца выдаляць некалькі каментаў цалкам, яшчэ некалькі — рэдагаваць.

    Што тычыцца тэмаў, то найбольшыя халівары звычайна адбываюцца пад матэрыяламі пра стыль жыцця сучаснага чалавека альбо пад матэрыяламі пра палітычныя дачыненні з Расіяй, Украіну, Крым. У адзін момант у нас было нават падазрэнне, што на нашым сайце пачалі працаваць так званыя боты. Але зараз мы ад іх ужо пазбавіліся.

    І яшчэ вельмі часта абразлівыя каментары з’яўляюцца пад матэрыяламі пра нейкіх вядомых асобаў. Прыкладам, Сашу Варламава ці Люсю Лушчык. За такімі матэрыяламі даводзіцца сачыць найбольш пільна. Але наогул мы зацікаўленыя ў тым, каб людзі прыходзілі, чыталі і каментавалі матэрыялы на нашай пляцоўцы, – падсумоўвае Павел Свярдлоў.

    Хто каментуе навіны і навошта?

    Адказнасць за каментары: што збіраюцца рабіць рэдакцыі сайтаў?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці