• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактару «Народных Навінаў Віцебска» Сяргею Серабро пагражаюць судом за фотаздымак з трыма дзяўчатамі

    Сяргей Серабро напісаў артыкул «На Двине в Витебске начался паводок, затопит ли половодье Золотую рыбку на набережной?» і аздобіў тэкст уласнымі фотаздымкамі. Пасля таго, як артыкул — дарэчы, без аніякіх спасылак на аўтарства — трапіў у сацыяльную сетку «ВКонтакте», рэдактар сайта атрымаў спачатку прапановы выдаліць адно фота, а потым паведамленне пра заяву ў міліцыю.

    У артыкуле гаварылася пра вясновае падвышэнне ўзроўню вады ў Дзвіне. На адным з фотаздымкаў бачна, што вада падтапіла набярэжную: трое дзяўчат стаяць на борціку-парэнчах, які ўзвышаецца над хвалямі менш як на паўметры. 

    Сяргей Серабро кажа, што дзяўчаты бачылі, як ён фатаграфуе і іх, і навакольныя краявіды. І што ніхто не выказваў пратэстаў. Прэтэнзіі пачаліся пасля таго, як артыкул з фотаздымкамі быў перадрукаваны ў пабліку «Это Витебск, детка! [Типичный Витебск]», кажа аўтар:

    — На старонцы «ВКонтакте» мой артыкул быў перадрукаваны без спасылкі. Калі чытачы пачалі яго каментаваць, то аказалася, што частка каментароў прысвечана знешнасці дзяўчат. Пэўна, нетактоўныя і агрэсіўныя каментары іх і абурылі. Але гэта не мае дачынення да фота, а сведчыць хіба толькі пра культурны ўзровень каментатараў. Тым не менш, супраць іх дзяўчаты звяртацца ў суд не збіраюцца. Мне ж паведамілі, што хочуць ініцыяваць крымінальную справу супраць мяне паводле артыкула 179 «Незаконнае збіранне або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё».

    Рэдактар «Народных навінаў Віцебска» распавёў, што спачатку дзяўчаты патэлефанавалі і запатрабавалі выдаліць фотаздымак з артыкула. Ён адмовіўся гэта рабіць, бо не ўбачыў у патрабаванні аніякіх рацыянальных падставаў. Пазней адна з дзяўчат паведаміла, што напісала заяву ў міліцыю. Пра тое ж яна апавясціла  адміністратара суполкі «ВКонтакте».

    Пакуль што аніякіх дзеянняў з боку віцебскіх міліцыянтаў не было, — дадае Сяргей Серабро.

    “У дадзенай сітуацыі няма падстаў для прыцягнення да адказнасці паводле арт. 179 КК РБ. Размешчаны на сайце фотаздымак ніяк не ідэнтыфікуе асоб, якія на ім адлюстраваныя. І тым больш, не раскрывае ніякай таямніцы іх асабістага жыцця, — перакананы юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў.

    «Безумоўна ў журналіста ёсць абавязак атрымліваць згоду фізічных асоб на правядзенне аўдыё- і відэазапісу, кіна- і фотаздымкаў, за выключэннем іх правядзення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, на масавых мерапрыемствах, — зазначае юрыст Агееў. — Мяркуючы па фотаздымку, ён зроблены ў публічным месцы, адкрытым для масавага наведвання. На здымку адлюстраваныя пейзажы горада Віцебска. Таму ў дадзеным выпадку журналіст не абавязаны быў атрымліваць згоду людзей, якія патрапілі ў кадр».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці