• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара газеты «Новы Час» Аксану Колб затрымалі на 10 сутак

    Сёння да Аксаны Колб прыйшлі сілавікі і звезлі яе на допыт.

    Каля 15 гадзін Аксана Колб патэлефанавала блізкім і паведаміла, што яе змяшчаюць у ІЧУ да 10 сутак. З якой нагоды і па якой справе — невядома.

    Як паведамілі блізкія Аксаны Колб, група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала сёння ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку «Новага Часу» на допыт у СК. Па якой справе і ў якім статусе — невядома.

    Нагадаем, газета «Новы Час» са жніўня 2021 года не выходзіць, сайт novychas.by быў заблакаваны ў Беларусі ў кастрычніку 2021 года.

    Цяпер у няволі ў Беларусі знаходзяцца 25 прадстаўнікоў медыя.

    «Новы час» чытае як мінімум тысяча зняволеных: размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб

    «Новы Час» — беларуская агульнапалітычная штотыднёвая газета. Заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, спадкаемца газеты «Згода». Выдаецца з сакавіка 2002.

    У лістападзе 2020 года падчас асвятлення пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя фотакарэспандэнты газеты. Адну з іх — Яну Трусіла — затрымлівалася два разы і агулам яна была пакараная 28 суткамі адміністрацыйнага арышту. Фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева таксама неаднаразова затрымлівалі. 9 жніўня 2020 га яго затрымалі падчас працы на выбарчым участку з прымяненнем гвалту. Затым яго некалькі разоў затрымлівалі ў кастрычніку, а ў лістападзе пасля чарговага затрымання прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

    5 жніўня 2021 года рана раніцай у дом Дзмітрыя прыйшла міліцыя. Фатографа забралі на допыт, у той жа дзень адбыўся суд. Дзмітрыева прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «супраціў супрацоўнікам міліцыі».

    12 сакавіка 2021 года арыштавалі журналіста выдання Дзяніса Івашына. Дзяніс Івашын — аўтар цыклу артыкулаў-расследаванняў «Каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі». Івашына абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса (ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Журналіст прызнаны палітычным зняволеным. Пазней Івашыну прадхявілі абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве.

    20 кастрычніка 2021 года сілавікі прыйшлі ў «Новы Час», былі затрыманыя рэдактар Аксана Колб і намеснік рэдактара Сяргей Пульша. Пасля ператрусаў і допытаў рэдактараў вызвалілі.

    14 студзеня 2021 года стала вядома, што «Белсаюздрук» разрывае дамову з рэдакцыяй аб распаўсюдзе яе выдання ў сваіх кіёсках з 1 лютага. З гэтага моманту газета распаўсюджвалася толькі па падпісцы. 7 чэрвеня «Белпошта» праінфармавала рэдакцыю, што газета выключаная з падпіснога каталога на другое паўгоддзе. Рэдакцыя самастойна рассылала газету падпісчыкам. Цяпер газета не выходзіць на паперы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці