Рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі, ён будзе змешчаны ў СІЗА
Заблакаваны беларускі партал "Ежедневник" (ej.by). У яго рэдактара, журналіста-расследвальніка Сяргея Сацука прайшоў вобшук і допыт у Следчым камітэце.
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, Сяргея Сацука ўзялі пад варту пасля допыту па старой справе аб атрыманні хабару.
Ён будзе змешчаны ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску.
Падчас вобшуку былі канфіскаваныя тэлефоны і ноўтбукі. Асабісты нумар Сяргея Сацука дасяжны, але на званкі ніхто не адказвае.
Сайт ej.by не адкрываецца ні з тэрыторыі Беларусі, ні з‑за мяжы.
«За некалькі дзён да таго «Ежедневник» пачаў праект пра беларускіх «тэрарыстаў». Магчыма, новы ціск на партал звязаны менавіта з гэтым. А магчыма, проста прыйшла чарга», — каментуе Аляксандр Сацук.
Нагадаем, 25 сакавіка 2020 года Сяргея Сацука затрымлівалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Журналіста падазравалі ў атрыманні хабару.
У эфіры БТ быў паказаны момант, як галоўны рэдактар партала «Ежедневнік» Сяргей Сацук бярэ канверт у дзялка ад медыцыны Віктара Мядзведскага.
Сацук расказаў «Нашай Ніве», як ацэньвае гэтую сітуацыю сам.
«Ён цяпер будзе казаць, што там $5000, я — што $100 долараў, вер каму хочаш.
Але сітуацыя была такая: я рыхтаваў расследаванне пра пастаўкі тавараў медыцынскага прызначэння па завышаных коштах і з махінацыямі. Мядзведскі мне дапамог з інфармацыяй. Усё.
Потым ягоная дырэктар пісала мне ў вацап: «Ну як там, ну як там? Як прасоўваецца?». Я патлумачыў, што жыву за горадам, а ў мяне ў той час зламалася машына. Мабільнасць троху абмежаваная, не магу аператыўна пад’ехаць і удакладніць нейкую інфармацыю. Потым яна пачала пісаць, што Мядзведскі гатовы кампенсаваць выдаткі, арэнду машыны, рамонт і гэтак далей. Я адмаўляўся. Арандаваў за свае грошы.
І калі мы потым сустракаліся ў іх кабінеце, мне Мядзведскі кажа, вось, маўляў, як мой дырэктар абяцала, мы гатовыя нейкія выдаткі пакрыць. Чаму я казаў пра біткойн? Я казаў, што не хачу ведаць, адкуль грошы і ад каго: маўляў, кіньце на біткойн. Ну я падумаў: ладна, хай пакрые выдаткі. Я нават не памятаю, колькі было ў канверце — можа, 100 рублёў, або 100 долараў. Нейкая невялікая сума.
Але калі б быў паказаны ўвесь запіс сустрэчы, то было б ясна, што не выпадае пісаць пра артыкул на замову, таму што я папярэджваў, што рыхтуецца новая частка расследавання, дзе будзе фігураваць сам Мядзведскі. І што калі мы знойдзем жалезныя факты супрацьпраўных дзеянняў — усё пойдзе ў друк. Маўляў, можам толькі папярэдзіць за пару дзён, каб быў час з’ехаць на які небудзь востраў і жыць там на свае грошы.
Мне потым далі зразумець, што прасцей «замовіць» журналіста, чым з’ехаць на востраў, таму другую частку расследавання мы не публікавалі, узважыўшы рызыкі. Абяцалі забіць ці пасадзіць.
А пра гэты запіс я ведаў за пару месяцаў яшчэ», — расказаў Сацук.
Ён таксама дадаў, што згаданую публікацыю «узгадняў з палкоўнікам ДФР».
Сяргей Сацук вядомы як журналіст, які займаецца расследаваннямі. Апошняе яго гучнае расследаванне было пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай на той момант вакцыны «Эўпента».
У жніўні 2019 года Сацук у інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з‑за сваёй дзейнасці.
«Пасля выхаду першага з двух артыкулаў пра карупцыю, дзе ў тым ліку згадваўся і Мядзведскі, да мяне прыйшоў нечаканы чалавек, не буду пакуль раскрываць яго імя. Ён прама мне сказаў: калі не спынюся, мяне альбо грохнуць, альбо пасадзяць», — распавёў Сацук.
23 сакавіка 2020 года на сайце «Ежедневника» была апублікаваная калонка Сяргея Сацука «Кто сеет панику вокруг коронавируса, президент или сайты и каналы?». У матэрыяле аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворваннях у Беларусі на каранавірус.
Па справе аб «атрыманні хабару» Сяргея Сацука затрымлівалі ў сакавіку 2020 года. За кратамі ён правёў 10 дзён. Журналіст упэўнены, што яго пераследуюць за журналісцкую дзейнасць і выкрыццё карупцыі ў сферы аховы здароўя.
Сяргей Сацук — сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Раней працаваў рэдактарам аддзела права, здарэнняў і журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты».