• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар прафсаюзнага бюлетэня Вацлаў Арэшка пакараны 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму

    5 студзеня абвешчаны жорсткія выракі ў справе актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Сярод асуджаных таксама журналіст, публіцыст, палітолаг Вацлаў Арэшка. Раней праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх фігурантаў палітзняволенымі.  

    Цягам усяго паўтарамесячнага працэсу ў Мінскім гарадскім судзе пасяджэнні адбываліся ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасцяў прасочвалася не так і шмат. Да моманту прысуду не было нават вядома, якія тэрміны прадстаўнік пракуратуры Раман Бізюк запатрабаваў для Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча і Вацлава Арэшкі.

    У выніку суддзя Настасся Папко падчас апошняга пасяджэння 5 студзеня проста канстатавала выніковыя выракі. Прычым, надзвычай жорсткія:

    — Васіль Бераснеў, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) – 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    — Генадзь Фядыніч, былы кіраўнік прафсаюзнага аб’яднання – 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

    — Вацлаў Арэшка, рэдактар бюлетэня прафсаюза РЭП – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

    Прафсаюзных актывістаў звінавацілі ў шэрагу крымінальных артыкулаў, якія апошнім часам звыкла выстаўляцца ў палітычных працэсах: “заклікі да санкцый” (ч. 3 арт. 361 КК), “распальванне сацыяльнай варожасці” (ч. 3 арт. 130 КК), “стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім” (ч.1 і ч. 3 арт. 361–1 КК).

     

    Усіх іх затрымалі пасля ператрусаў у красавіку 2022 года: спачатку змясцілі ў СІЗА КДБ, а затым да суда перавялі ў СІЗА №1 Мінска.    

    Летась у ліпені Вярхоўны суд на падставе заявы Генеральнай пракуратуры зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які да таго Камітэт дзяржбяспекі прызнаў “экстрэмісцкай арганізацыяй”, а таксама Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

    Праваабаронцы прызналі палітвязнямі адразу 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія апынуліся за кратамі. Гэта Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч, Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына  Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў.

    Адрозна ад бальшыні калегаў, якія прафесійна былі засяроджаныя на абароне правоў працоўных, Вацлаў Арэшка займаўся пераважна культурніцкімі праектамі ды ініцыятывамі. У якасці журналіста і даследчыка гісторыі друкаваўся ў часопісах “Спадчына”, Arche, pAR­Ti­san, рэдагаваў электронны сайт-архіў “Вытокі” . Выступаў як палітолаг у беларускіх і замежных СМІ. Акрамя таго, ён актывіст ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, ініцыятар стварэння “Кнігі Гонару Курапатаў” у памяць пра ахвяр рэпрэсій.

    У вір судовых разбіральніцтваў патрапіў 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры — за тое, што нібыта “браў актыўны ўдзел у дзейнасці незалежных прафсаюзаў” як рэдактар прафсаюзнага бюлетэня  работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

    Нагадаем, у канцы снежня 2022 года быў абвешчаны прысуд па іншай «прафсаюзнай справе» — над кіраўнікамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Лідэр арганізацыі Аляксандр Ярашук асуджаны на 4 гады калоніі, яго намеснік Сяргей Антусевіч — на 2 гады, бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім — на 1,5 года калоніі.

    Адметна, што Аляксандра Ярашука прызналі вінаватым у тым ліку ў “закліках да санкцый” супраць Беларусі, хоць ён публічна выступаў супраць вонкавых абмежаванняў, маючы за гэта крытыку нават з боку паплечнікаў.

    Чытайце яшчэ:

    «Просіць падручнікі, значыць, мае пляны на будучыню». Навіны былых гомельскіх журналістаў, якія трапілі за краты

    Контрабанда денег и финансирование протестов. В чем обвиняют правозащитников «Вясны»

    «Не так цяжка было перажыць акупацыю без прадуктаў, як без інфармацыі». Размова пра вынікі года з дырэктаркай Lviv Media Forum

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці