• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар MOST Ігар Палынскі: «Я абавязкова вярнуся — нам з Беларуссю шмат яшчэ што трэба разруліць»

    Рэдактар MOST, адзін з заснавальнікаў PALATNO і лідар гурта Sumarok Ігар Палынскі роўна год таму з’ехаў з Беларусі. У сваёй калонцы для MOST ён згадвае, якім быў той дзень.

    Год таму ў Маладзечне было цёпла.

    Збіраюся даволі хутка. Джынсы, пара маек і кашуль, шорты, бялізна і шкарпэткі. Паста, шчотка, тэчка з дакументамі. Пара пачак цыгарэт у запас — хто ведае, як і што будзе. Сумка з ноўтам і зарадка для тэлефона.

    Ян махае рукой: «Пака, тата!». Міра на руках у Даркі. Плача: «Неее!». Я стрымліваюся, як магу — усе слёзы выплакаў за пару начэй да таго, калі атрымаў вельмі канкрэтную перасцярогу. Пасля былі пара дзён бягом: праца, ПЦР-тэст, білет, банкамат і абменнік — дзякуй сяброўцы Анхеле Эспіносе Руіс, якая без лішніх пытанняў прапанавала пазычыць грошай, бо ў кішэні меў усяго 20 рублёў.

    Абдымаю Дарку, выходжу з дому, закідваю ў «Фарда» сумку і еду ў Маладзечна — там яшчэ колькі спраў. Чамусьці хочацца памыць машыну на развітанне. Заязджаю на мыйню. Шматпакутны, вараны-перавараны, фарбаваны-перафарбаваны ўніверсал блішчыць у прамянях сонца. Збіраюся выязджаць у Мінск — тут загараецца лямпачка зарадкі. «Бл…». Еду да гандлёвага цэнтра «Тройка», дзе месцілася рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты». Пакідаю машыну.

    Стаім з Насцяй Уткінай. «А я нікуды не паеду, пойдуць яны нах..», — кажа Насця. Праз тыдзень мы сустрэліся ў Кіеве.

    Забіраю сумку, лаўлю маршрутку, прыязджаю ў Мінск. Заязджаю ў кавярню, дзе працавала сяброўка — зараз яна жыве ў Польшчы. П’ём каву, курым, гутарым. Еду забіраць вынікі ПЦР-тэста. Па дарозе выпадкова сустракаю блогера Усяслава Пашкевіча, гутарым.

    З ім у Кіеве мы сустрэліся праз два тыдні, а цяпер ён таксама ў Польшчы.

    Еду на вакзал. Часу яшчэ процьма. Заходжу ў прывакзальны гатэль, прашу нумар — вольных няма. Дамаўляюся, што мне толькі да ночы. Плачу апошнія беларускія грошы. Спрабую паспаць — не атрымліваецца. Выходжу пакурыць. Вяртаюся, іду ў душ. З паўгадзіны проста сяджу пад струменямі вады.

    Апранаюся, бяру сумку, вяртаю ключ, іду да вакзала. Сустракаю сяброў. Шмат гутарым, шмат курым. Пад’язджае яшчэ адзін сябар — аддаю яму ключы і дакументы на «Фарда», каб забраў машыну пры магчымасці.

    Сябры праводзяць мяне на перон. Прыязджае цягнік. Паказваю білет, мямлю нешта, што не скануецца ПЦР-тэст у няшчаснай аплікацыі. Канешне, не скануецца — зрабіць тэст у лабараторыі, якая пасавала б для праграмы, можна было бліжэйшым часам у жніўні. «Ладна, — кажа правадніца, — праграма толькі пачала працаваць, бываюць касякі».

    Сябры махаюць мне, фатаграфуюць у акне. 0:05. Цягнік адпраўляецца.

    У ноч з 16 на 17 ліпеня я з’язджаю з Беларусі.

    …У тую ноч заснуць так і не змог, ляжаў на паліцы некалькі гадзін з думкамі рознымі ўсялякімі. У чатыры з нечым раніцы, як толькі цягнік спыніўся ў Смаленску, выскачыў з яго яшчэ да таго, як у мой вагон зайшлі расійскія памежнікі.

    Пасля тусаваўся ля аўтавакзала, чакаў аўтобуса да Бранска, пасля быў пошук чалавека, які можа адвезці да Траябортнага — мяжы з Украінай. Апрануўся, каб схаваць татуіроўкі, як параілі дасведчаныя людзі, прыдумаў легенду для расійскіх памежнікаў — украінскім расказаў праўду. Экспрэс-тэст на кавід, чаканне вынікаў пад неверагодна гарачым сонцам.

    Пара гадзін спатрэбілася, каб пешшу перайсці мяжу, яшчэ гадзіна — каб набыць грыўні, сімку і пераапрануцца ў прыбіральні прыдарожнай кавярні.

    Ва Украіне быў упершыню ў жыцці.

    Да Кіева даехаў аўтаспынам, быў каля 11 вечара. Тры краіны за суткі — не жарты. Там сустрэлі свае — беларусы, якія ўцяклі праз рэпрэсіі і часова жылі на калівінгу ад Free­Be­lar­us­Cen­ter у вялікай трохпакаёвай кватэры на Маршала Цімашэнкі. З многімі з іх мы і зараз вельмі добра сябруем.

    Ноч, каб адаспацца, дзень, каб прыйсці ў сябе. Раніцай у панядзелак прылятае навіна: ператрус у рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты». «Табой вельмі цікавіліся», — расказала потым Насця. Сумленная праца, песні, ініцыятыўная група Бабарыкі, яшчэ ўсялякія штукі — мяне было б за што закрыць на некалькі годзікаў у існай філасофіі рэжыму.

    Праз тыдзень Насця і Зоя Хруцкая — мы працягваем працаваць разам, цяпер ужо ў MOST і новым медыя PALATNO — прыехалі ў Кіеў таксама. Мы паатрымлівалі польскія гуманітарныя візы, усляпую выбралі Беласток як канцавы пункт.

    Я паехаў у Польшчу прыканцы жніўня, дзяўчаты прыехалі пазней, у кастрычніку. Прыкладна тады ж удалося арганізаваць пераезд Даркі і дзяцей. Напэўна, гэта быў самы востры момант ва ўсведамленні, наколькі моцна іх люблю.

    Год таму я правёў свой апошні дзень у Беларусі. Але я абавязкова вярнуся — нам з Беларуссю шмат яшчэ што трэба разруліць.

    Чытайце яшчэ: 

    Колькі журналістаў выехала з Беларусі? Размаўляем з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім

    Сергей Дорофеев: Чего боится это молчание?

    Политзаключенная журналистка Елена Толкачева вышла из СИЗО

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці