• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар глыбоцкай раёнкі працягвае разважаць. На гэты раз пра небяспеку сяброўства з еўрапейцамі

    На старонках «Весніка Глыбоччыны» і на сайце газеты з’явіўся чарговы артыкул галоўнага рэдактара Андрэя Панкрата. Гэтым разам пад аднайменным загалоўкам ён тлумачыць чытачам, чаму афрыканскія краіны пад еўрапейскім кіраўніцтвам так і засталіся самымі беднымі ў свеце.

    На пачатку Панкрат піша: «Афрыку ў Еўропу» — такі лозунг не ўбачыце на плакатах мітынгоўцаў у любой з афрыканскіх краін. Чаму? Таму што тамтэйшыя жыхары выдатна ведаюць, чым багатае «сяброўства» з еўрапейцамі. Можа і нам, сучасным беларусам, асабліва тым, хто выступае за «палітычнае далучэнне Беларусі да ЕС» і абвяргае магчымасць самастойнага развіцця нашай краіны, ці варта ўлічыць гістарычны вопыт афрыканскіх краін?! Дарэчы, падзеі, пра якія пойдзе гаворка ніжэй, адбыліся зусім нядаўна, а таму не варта спадзявацца, што ў галовах «асвечаных» еўрапейскіх палітыкаў нешта змянілася: прага грошай і ўлады застаюцца іх галоўнымі стымуламі ў правядзенні геапалітычных манеўраў і ў нашы дні».

    Далей ён апісвае эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, якая доўжылася з XV стагоддзя да XVII стагоддзя, піша пра асваенне Афрыкі еўрапейцамі, пра еўрапейскую прамысловую рэвалюцыю, згадвае бельгійскага караля Леапольда II ды іншае.

    Разважае, што быццам з таго часу нічога не змянілася і яшчэ згадвае Грэцыю.

    «У нашы дні мы чуем еўрапейскія лозунгі пра неабходнасць захавання правоў чалавека, дэмакратызацыю грамадства, але за ўсім гэтым стаіць банальнае жаданне ўсталяваць кантроль над новымі тэрыторыямі, што дасягаецца за кошт навязвання краінам крэдытаў і знішчэння канкурэнтных прадпрыемстваў. Прыклад таму — сучасная Грэцыя», — піша Панкрат.

    А пасля ён прапануе чытачам паглядзець на тое, як іншыя краіны Еўропы каланізавалі Афрыку. І піша, што за тры стагоддзі знаёмства афрыканцаў з еўрапейцамі, апошнія нанеслі жыхарам «чорнага» кантынента каласальны ўрон: вывозілі рэсурсы золата, срэбра, каўчуку, каштоўныя пароды дрэва і шматлікае іншае. Згадвае гандаль рабамі і «чалавечы заапарк».

    Далей галоўрэд глыбоцкай раёнкі падводзіць чытача да высновы пра правы чалавека ў Еўропе і ЗША. Паводле яго, гэта права панаваць над усімі народамі, а тыя, хто супраць — будуць знішчаныя або для іх будуць створаныя ўмовы выжывання. Як прыклад, прыводзіць «цяперашнія бесчалавечныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь».

    Тэма санкцый — балючая тэма для Беларусі, як бы не казыраліся беларускія чыноўнікі і прапагандысты. Але чамусьці яны не жадаюць заўважаць, а, можа, проста ім не выгадна заўважаць, хто на самой справе вінаваты ў санкцыях, якія ўвялі да Беларусі, і хто паставіў беларусаў ва ўмовы выжывання.

    Вядома, лепш ківаць на еўрапейцаў і ва ўсім абвінавачваць не толькі суседзяў, але і ЗША, а надзённых праблем у сваёй краіне не заўважаць і не аналізаваць. Навошта? Гэта ж небяспечна і недазволена. Бо калі праявіш нейкую самастойнасць і пачнеш крытыкаваць уладу, цябе хутка асадзяць назад і пакажуць на тваё месца, альбо яно можа ўвогуле аказацца ў казённым месцы з баландой і антысанітарыяй. Таму і выказваюць раённыя ды іншыя прапагандысты свае меркаванні пра шкоднасць сяброўства з еўрапейцамі, не маючы пры гэтым сапраўдных сяброў.

    «Ёсць меркаванне, што еўрапейцы прынеслі з сабой на кантынент культуру, змаглі адкрыць там школы і лякарні, наблізіць мясцовае насельніцтва да агульнапрынятых асноў «цывілізаванага грамадства». Можа, гэта і так. Але еўрапейцы зрабілі афрыканцаў несвабоднымі. Яны прывучылі іх быць паслухмянымі і выконваць тое, што загадае “белы спадар”», — піша напрыканцы Андрэй Панкрат.

    Відаць, ён шмат ведае пра тое, што такое сапраўдная свабода, жывучы ў Беларусі пры дыктатуры Лукашэнкі і абслугоўваючы гэты рэжым.

    Чытайце яшчэ:

    Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд 

    Как почистить телефон, если он побывал в руках силовиков. Советы экспертов

    «Сёння цана памылак вельмі высокая». Як ва ўмовах эміграцыі і «прававога дэфолту» ў Беларусі працуюць журналісты-расследавальнікі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці