• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар глыбоцкай раёнкі паразважаў, ці можна верыць незалежным СМІ

    Рэдактар дзяржаўнай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат, які быў раней простым рабочым на будоўлі, а пасля выбіўся ў карэспандэнты і затым у рэдактары, паразважаў на тэму: ці можна верыць незалежным СМІ.

    Пачаў Андрэй Панкрат з праўды — з таго, што, паводле яго слоў, на Захадзе прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных медыя часта называюць прапагандыстамі і ўкладаюць у гэты панятак негатыўны сэнс.

    «Маўляў, нічога акрамя хлусні нашы дзяржаўныя тэлебачанне і прэса не нясуць, значыць, іх ідэйныя ўстаноўкі, пасылы шараговым грамадзянам не варта прымаць да ўвагі», — піша рэдактар глыбоцкай раёнкі.

    Пасля разважае, што менавіта так Захад укараняецца ў свядомасці беларусаў і перафарматуе яе ў адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі. А затым, па яго меркаванні, у гадзіну Х, быццам кідае кліч і выводзіць гэтых людзей на вуліцу для арганізацыі мяцяжу.

    Ён спрабуе запэўніць сваіх чытачоў, што падобная мадэль прымяняецца не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і да іншых краін і працягвае далей вінаваціць ва ўсім Захад.

    «Правіла, хто мацнейшы — той і мае рацыю, дзейнічае ў сучасным свеце, і яно, як паказваюць сваімі дзеяннямі заходнія эліты, больш галоўнае за праславутыя міжнародныя прававыя нормы. Дыпламатыя засталася ў мінулым. Заходнія палітыкі праз падкантрольныя СМІ навучыліся па-майстэрску апраўдваць любыя злачынствы, калі яны здзейсненыя ў іх інтарэсах. З часоў крывавых Крыжовых паходаў нічога не змянілася: у тыя часы забойства людзей апраўдвалі неабходнасцю распаўсюду хрысціянства, а, па сутнасці, ішло татальнае разрабаванне народаў», — доводзіць рэдактар «Весніка Глыбоччыны».

    Вось толькі нічога не піша пра тое, як беларускія дзяржаўныя СМІ апраўдваюць злачынствы рэжыму Лукашэнкі, ствараючы карцінкі быццам бы добрага жыцця на фоне гвалту, збіцця, пераследу, звальненняў людзей па палітычных матывах. Як у Беларусі ўжо даўно «не да законаў», а паняцце «права» ўвогуле згубіла свой сэнс у краіне. Гэтым займаецца ў тым ліку і тое СМІ, якім кіруе Андрэй Панкрат.

    Але ж, вядома, калі ўявіць, што ён пра гэта напісаў, то такой пасады як рэдактар у яго ўжо не было б, ды і карэспандэнтам раёнкі ён наўрад ці быў бы.

    Далей Панкрат незадаволены тэрмінам «незалежныя СМІ». На яго думку, пад «незалежнасцю» мелася на ўвазе непадкантрольнасць гэтых рэсурсаў беларускім дзяржаўным уладам у рэалізацыі інфармацыйнага парадку дня.

    «Яны фінансаваліся і працягваюць фінансавацца заходнімі структурамі (краінамі), такім чынам, былі і застаюцца падкантрольныя і праводзяць пэўную, патрэбную ім, інфармацыйную палітыку. Як той казаў, хто плаціць, той і музыку заказвае. Гледачам і чытачам падаецца інфармацыя, гаворачы кухарскай мовай, прыгатаваная па асаблівым рэцэпце».

    Пры гэтым ён не раскрывае рэцэпт сваёй працы і працы сваіх калег.

    Яшчэ Панкрат не разумее таго, чаму ў 2020 годзе на плошчу выходзілі ў тым ліку і шматдзетныя маці. Ён лічыць, што дзяржава зрабіла вельмі шмат для падтрымкі шматдзетных, а яны, паводле яго, не пасаромеліся плюнуць той дзяржаве ў твар. «Ну, калі так, то адмоўцеся ад тых кватэр, якія вам на ільготных умовах дазволіла пабудаваць дзяржава», — прапануе ён шматдзетным сем’ям.

    Далей рэдактар раёнкі ў сваім артыкуле піша, што шмат разоў назіраў сітуацыі, калі абмеркаваннем палітыкі займаліся людзі без нейкай адукацыі, без працоўнага і жыццёвага вопыту. Наслухаўшыся ў інтэрнэце «дзядзек і цётак», яны выдавалі іх думкі за свае, ды яшчэ здзіўлена дадавалі: «Ну як так можна жыць?». Але калі з імі пачынаеш размаўляць, піша Панкрат, паварочваеш іх на разважанне, прыводзіш параўнальныя прыклады, запал тут жа згасае. Яны становяцца ў позу абаронцы са словамі: «Я ўжо не ведаю, чаму верыць!». А верыць трэба, даводзіць рэдактар глыбоцкай раёнкі, сваёй дзяржаве, якая, паводле яго, пры любых абставінах будзе клапаціцца пра сваіх грамадзян.

    Незалежныя СМІ напрыканцы сваёй нататкі рэдактар дзяржаўнай газеты называе непрыяцелямі і звяртаецца да чытачоў з наступным пытаннем: «Няўжо яны (маецца на ўвазе незалежныя СМІ і апазіцыя) усім падораць па кватэры і аўтамабілю, калі даб’юцца звяржэння ўлады?».

    «Трымайце кішэню шырэй», — піша Панкрат.

    У гэтым месцы мясцовыя чытачы, знаёмыя з абставінамі, як займеў кватэру Андрэй Панкрат, здзіўлена павялі брывом: «Каму што баліць, той пра тое і гаманіць».

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Анджэй Пачобут бліжэйшыя паўгода правядзе ў камеры

    «Меня зовут Маша и у меня БАС». Телеведущей ОНТ поставлен такой же диагноз, как Стивену Хокингу

    «Рускія — гэта фашысты». Як інтэрв’юерка Лукашэнкі пераабувалася проста падчас вайны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці