Рэдакцыя «Брестского курьера» звярнулася за падтрымкай да чытачоў, каб захаваць выпуск выдання
Зварот галоўнага рэдактара «БК» Мікалая Аляксадрава змешчаны ў нумары газеты за 15 лістапада. Два папярэднія тыдні ў лістападзе газета не друкавалася з-за фінасавых праблем.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Мікалай Аляксандраў, упершыню за 27 гадоў існавання газеты быў зроблены такі двухтыднёвы тайм-аут.
«За гэты час было шмат тэлефанаванняў у рэдакцыю ад нашых чытачоў, якія турбаваліся за лёс выдання і цікавіліся, чаму газета не выйшла, — кажа галоўны рэдактар «БК». — Даводзілася тлумачыць, што нашыя праблемы адлюстроўваюць цяжкасці ва ўсёй эканоміцы Беларусі. Адбыўся рэзкі спад паступленняў ад рэкламы, знізіліся і пакупніцкія магчымасці людзей. Адпаведна зменшыўся наклад газеты і нашыя даходы ад выдавецкай дзейнасці».
У выніку, паводле словаў Мікалая Аляксандрава, з’явіліся запазычанасці, якія рэдакцыя не здолела своечасова ліквідаваць, што і прывяло да прыпынення выпуску «БК». Пакуль газета не друкавалася, рэдакцыя пагасіла большую частку запазычанасцяў і выхад быў адноўлены, аднак казаць, што фінансавыя праблемы «Брестский курьер» пераадолеў, не выпадае.
«Шчыра прызнаюся, я доўга супраціўляўся парадам некаторых нашых чытачоў і сяброў «БК», якія ведалі пра фінансавую сітуацыю ў газеце, каб мы звярнуліся да шырокай аўдыторыі з просьбай падтрымаць рублём. Але зараз ужо сітуацыя такая, што без гэтага нам не абысціся», — прызнаецца рэдактар выдання.
Таму ў свежым нумары газеты для тых, хто жадае і можа аказаць фінансавую дапамогу, рэдакцыя змясціла банкаўскія рэквізіты з пазнакай пра добраахвотнае ахвяраванне на падтрымку «Брестского курьера».
Р/с BY19 BLBB30120200010763001001 в дирекции ОАО «Белинвестбанк» по Брестской области. Адрес банка: 224030, г.Брест, ул. Советская, 50, БИК BLBBBY2X, УНП 200010763.