• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэцыдывіст» ад журналістыкі (+вялікае інтэрв’ю)

    Кастусь Жукоўскі паспявае займацца і журналістыкай, і грамадскай дзейнасцю, і абаронай уласных правоў. Мясцовыя сілавікі ўспрымаюць ягонае прозвішча як сінонім слова «апазіцыянер». Зрэшты, пераконваць іх у адваротным Жукоўскі і не збіраецца.

    Яго прыватны дом у цэнтры Гомеля апынуўся ўціснутым паміж саўковымі шматпавярховікамі. Над домам лунае бел-чырвона-белы сцяг А з вакна, што выходзіць на гарадскую турму, у любы час сутак паглядае Уладзімір Някляеў. Дакладней, плакат з выявай паэта і палітыка. Някляеў ў поўны рост госціць тут яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

    Многія лічаць Кастуся чалавекам неардынарным. Яго імя стала вядомым гомельскай грамадскасці дзесьці ў 2007 годзе, калі ён актыўна займаўся расследаваннем абставін узнікнення аднаго з пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тады інфармацыя пра брацкую магілу ў Шчакатоўскім лесе, што непадалёк ад Чарнігаўскай шашы, скалыхнула медыяпрастору. Неўзабаве Кастусь Жукоўскі разам з паплечнікамі зняў на аматарскую відэакамеру дакументальную стужку «Лінія Сталіна. Гомельскі рэгіён». Жыхары навакольных вёсак пацвердзелі версію грамадскіх актывістаў пра злачынствы НКУС. Відаць, з гэтага моманту мясцовыя спецслужбы і ўзялі «пад кантроль» не ў меру актыўнага грамадзяніна.

    Потым быў перыяд грамадска-палітычнай дзейнасці: Кастусь збіраў подпісы за апазіцыйных кандыдатаў, ладзіў антыалкагольныя футбольныя турніры, ствараў мясцовы інтэрнэт-рэсурс. На жыццё ў той час ён зарабляў седзячы за стырном таксі, а яшчэ будаваў дахі. Раз-пораз дапамагаў у падрыхтоўцы відэасюжэтаў мясцовым фрылансерам.

    «Назад дарогі няма»

    «Дарогі назад у мяне няма. Нават калі б я цяпер вырашыў цалкам адмовіцца ад супрацьстаяння з уладамі, хто ж мне паверыць?» — жартуе Кастусь.

    Калегі адзначаюць баявы характар тэлеаператара. Ён смела і ўпэўнена адчыняе дзверы ў кабінеты чыноўнікаў, асвятляе менавіта тыя сацыяльна-эканамічныя тэмы, якія ўлада замоўчвае. Што, зразумела, выклікае зубны скрыгат у прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі.

    Былая актыўная грамадская дзейнасць пакінула журналісту-фрылансеру добрую спадчыну — шматлікія кантакты з ініцыятыўнымі людзьмі літаральна ва ўсіх рэгіёнах Гомельшчыны. Часта інфармацыя з глыбінкі становіцца падставай для вандровак. Кастусь праязджае дзясяткі і нават сотні кіламетраў, каб падрыхтаваць відэасюжэт. Навыкі таксіста спатрэбіліся.

    Мы сядзім ва ўтульнай кухні, дзе шмат плакатаў на гістарычную тэму. Лядоўню ўпрыгожваюць магніты з лагатыпамі шматлікіх грамадзянскіх кампаній, якія раней арганізоўваў Жукоўскі. Некалі, вярнуўшыся ў Гомель пасля працы на будоўлях Масквы, ён набыў напалову пагарэлую драўляную хату. Паступова сваімі рукамі ператварыў руіны ў прыстойны гарадскі катэдж. Кастусь кажа, што мог бы зарабляць на жыццё і фізічнай працай, якой ён не цураецца і дагэтуль. Аднак лёс нечакана ўцягнуў у журналістыку.

    «Я з дзяцінства дабіваўся справядлівасці. Мог увязацца ў бойку, калі бачыў ману і хлусню. Потым адвучыўся на юрысконсульта. Відаць, гэта і з’яўляецца вытокамі маёй актыўнасці ў журналістыцы», — распавядае Кастусь.

    Я ж раблю заўвагу пра рэнамэ «грамадскага актывіста», якое яго пераследуе да сённяшняга часу, і ён у нейкай ступені пагаджаецца.

    – У Беларусі, як мне здаецца, вельмі складана правесці дакладнае размежаванне незалежнай журналістыкі і грамадскага актывізму. Часта бывае так, што менавіта грамадскі розгалас і ўвага СМІ могуць вырашыць пэўную сацыяльную праблему, на якую ўлады гадамі заплюшчвалі вочы. У гэтым сэнсе я, вядома, не развітаўся з грамадскім актывізмам.

    А яшчэ суразмоўца называе сябе журналістам-аматарам: «Спецыялістам можна сябе лічыць, калі ты дасягнеш высокіх вынікаў у пэўнай сферы. Мяркую, каб называць сябе прафесіяналам, недастаткова мець жаданне, гуманітарную адукацыю альбо імкненне да справядлівасці. У аўтамабілістаў, калі праводзіць аналогію, ёсць некалькі катэгорыяў. Калі ўзяць правы кіроўцы, то я адчуваю сябе ўладальнікам катэгорыі «B», то бок аматарам. А дзесьці побач шчыруюць сапраўдныя прафесіяналы! — смяецца Жукоўскі. — Калі сур’ёзна, то ў Гомелі ёсць некалькі таленавітых журналістаў, якія вельмі прафесійна і адказна робяць сваю працу, але іх можна пералічыць па пальцах. Сябе ж я лічу аматарам, фрылансерам, які здымае рэальнае жыццё, то бок тое, што бачыць».

    Прычыны пераследу

    На сёння Кастусь Жукоўскі рэкардсмен па колькасці адміністратыўных штрафаў. Яго вінавацяць у «незаконным вырабе інфармацыйнай прадукцыі» без акрэдытацыі. Агульная сума, якую ён мусіць выплаціць дзяржаве, перасягнула 70 мільёнаў беларускіх рублёў.

    Пераслед фрылансера адбываецца па напрацаванай беларускімі сілавікамі схеме. Пасля выхаду відэасюжэта на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» міліцыянты апытваюць герояў матэрыяла, якія вымушаныя даваць тлумачэнні. На гэтай падставе пачынаецца адміністрацыйная вытворчасць, якая вядзе да судовага працэса з загадзя вядомым фіналам. Парадокс, аднак важкія аргументы, спасылкі на міжнародныя абавязацельствы Беларусі ці законы, якія гарантуюць свабоду слова, тут не працуюць.

    Кастусь Жукоўскі кажа, што пра сапраўдныя прычыны пераследу ён можа толькі здагадвацца. Але выказвае меркаванне, што ягоныя відэасюжэты пра спыненне працы вытворчых прадпрыемстваў, невыкананне абяцаных уладай сацыяльных стандартаў, галечу людзей разбураюць міф пра так званую сацыяльную дзяржаву. А яшчэ, на думку журналіста, у крытычных матэрыялах ён мог «падпсаваць аўтарытэт» камусьці з вертыкалі, за што яму і помсцяць.

    «Што да міліцыянтаў, якія ўвесь час гойсаюць па маіх слядах, то магу сказаць, што ў Гомелі гэтыя таварышы даўно ўжо растапталі сваё сумленне. Кажу пра гэта, бо досыць часта з імі даводзіцца сутыкацца. Такое адчуванне, што для іх указанне начальства больш важнае за Канстытуцыю краіны. Па ўсім відаць, што сумленне яны лічаць непатрэбным комплексам, ад якога трэба пазбаўляцца», — гаворыць пра бурную «дзейнасць» гомельскіх праваахоўнікаў фрылансер.

    У рэгіёнах, паводле яго словаў, яшчэ сустракаюцца міліцыянты, якім сорамна за тое, што вымушаны займацца палітычным пераследам. «Калі казаць пра правінцыйных міліцыянтаў (а я ў асноўным у рэгіёнах працую), якія ўпершыню фабрыкуюць супраць мяне пратаколы, то бачна, што ім сорамна. Разы два бачыў у іх вачах такі сум… ледзь не слёзы. Але гэта былі супрацоўнікі аховы», — распавядае Кастусь.

    Па некалькіх адміністрацыйных справах з дапамогай юрыстаў Беларускай асацыяцыі журналістаў Жукоўскі прайшоў усе ступені ўнутранай абароны. Апошняй інстанцыяй, куды звярталіся ў пошуках справядлівасці, быў Вярхоўны суд. Але нідзе і ні разу людзі ў мантыях не абаранілі журналіста — ужо некалькі гадоў запар у нашай дзяржаве дзейнічае забарона на працу журналістаў без акрэдытацыі. Што, зразумела, пярэчыць нормам Канстытуцыі і дыскрэдытуе нашу краіну на міжнародным узроўні.  

    Адна з адміністрацыйных справаў, якая скончылася для Жукоўскага буйным штрафам, ужо зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека. Неўзабаве беларускі ўрад будзе вымушаны даваць тлумачэнні, чаму карэспандэнта падчас выканання прафесійных абавязкаў прыраўнялі да ўдзельніка несанкцыянаванай грамадзянскай акцыі. Размова пра пікет светлагорскага інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі. Як звычайна, усё скончылася затрыманнем удзельніка пікета ды журналістаў Кастуся Жукоўскага і Ларысы Шчыраковай.

    Сваякі і эміграцыя

    Пераслед міліцыянтаў, судовыя разбіральніцтвы, штрафы — усе гэтыя непрыемнасці не могуць не адбівацца на адносінах са сваякамі.

    – Мая жонка ўжо прызвычаілася да таго, што ў яе доля такая. Яна ўжо не здзіўляецца ўсім нечаканасцям ды праблемам. А вось некаторыя сваякі, на жаль, перагледзелі стасункі з намі. На кагосьці ціснулі супрацоўнікі КДБ, якія прыходзілі да іх на працу. Хтосьці, напрыклад, увогуле перастаў тэлефанаваць, каб іх не западозрылі ў сувязях з «апазіцыянерам», — распавядае Кастусь. — Але цяпер сітуацыя мяняецца ў звязку з эканамічным крызісам. У людзей паволі раскрываюцца вочы на многія праблемы ў краіне. Аднак адсоткаў 90 людзей, з якімі я тым ці іншым чынам сустракаюся, дагэтуль баяцца.

    Пытаюся, ці не ўзнікае жаданне кінуць усё ды эміграваць?

    – Шмат маіх знаёмых з’ехалі з Беларусі, бо не бачылі тут перспектываў, — адказвае Кастусь. — У асноўным іх падштурхнула да такога рашэння неспрыяльная эканамічная сітуацыя. Некаторыя пераехалі са сваімі сем’ямі ў Расію. Хтосьці знайшоў свой новы дом у краінах Еўразвяза. Але ў любым выпадку гэта вялікая трагедыя, калі людзі вымушаныя пакідаць радзіму. Як правіла, з’язджаюць лепшыя — тыя, хто не сядзіць на месцы і не чакае дапамогі ад дзяржавы. Што да мяне, то я пакуль не разглядаю варыянта з эміграцыяй. З’язджаць буду толькі тады, калі адчую непасрэдную пагрозу майму жыццю.

    Кастусь Жукоўскі ўдзячны Беларускай асацыяцыі журналістаў за падтрымку. «Салідарнасць адчуваецца з боку кіраўніка гомельскай рэгіянальнай суполкі Анатоля Гатоўчыца. Калегі таксама прыходзяць раз-пораз у суды, каб падтрымаць. З Мінска чую словы падтрымкі і скажу, што ў БАЖ я прыйшоў адмыслова. Гэта была адна з арганізацый, куды я насамрэч хацеў трапіць і не расчараваўся», — заўважае журналіст.

    На развітанне я спытаў у суразмоўцы, ці не знікла ў яго жаданне займацца журналістыкай. Бо адчуваць з боку ўладаў пастаянны ціск ды пераслед – цяжкая доля.

    «Ведаеце, усе затрыманні, суды, штрафы — гэта ўсяго толькі акалічнасці працы. Тут з майго боку няма ніякага гераізму. Тое ж самае, калі б міліцыянт, скажам, адмовіўся выходзіць на дзяжурства толькі таму, што яго падчас службы, калі давядзецца бараніць чалавека, могуць забіць.

    Я выбраў незалежную журналістыку і не лічу, што гэта нейкі подзвіг. Гэта вецер, які дзьме ў твар, і ты ведаеш, што ён будзе дзьмуць пастаянна з пераменнай сілай. Трэба проста рабіць сваю працу, і ўсё будзе добра», — падсумоўвае Кастусь.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці