• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэакцыі замежных журналісцкіх арганізацый на пераслед журналістаў і пратэстоўцаў у Беларусі (абнаўляецца)

    Рэакцыі замежных журналісцкіх арганізацый на масавы пераслед журналістаў і пратэстоўцаў у Беларусі.

    “Пакістанскі фонд прэсы” (Pak­istan Press Foun­da­tion (PPF)), незалежная няўрадавая арганізацыя, накіравала свой зварот да прэм’ер-міністр Андрэя Кабякова, выказваючы занепакоенасць з нагоды ператрусу ў офісе незалежнай тэлекампаніі Белсат ТВ ў Мінску і затрымання аднаго супрацоўніка канала.

    Паводле звестак “БАЖ”, рэйд адбыўся падчас таго, як канал асвятляў агульнанацыянальныя пратэсты супраць падатку на беспрацоўных. Улады канфіскавалі камеру і аўдыёабсталяванне.

    Пратэсты, якія пачаліся ў лютым 2017 года ў некалькіх гарадах, былі рэакцыяй на падатак, які карае беларусаў, якія працуюць менш 183 дзён у годзе; падатак накіраваны на тых, хто не ўдзельнічае ў эканоміцы дзяржавы, і празваны падаткам на дармаедаў. Паводле звестак БАЖ, каля 100 журналістаў па ўсёй краіне сутыкнуліся з затрыманнямі ў сувязі са спробамі асвятляць пратэсты.

    Хоць падатак быў уведзены прэзідэнцкім дэкрэтам 2015 года, ён прыцягнуў увагу толькі ў гэтым годзе, калі стала вядома, што дзве групы падпадаюць пад падатак – беларусы, якія працавалі за мяжой на працягу многіх гадоў і хатнія гаспадыні з дзецьмі да сямі гадоў. Першапачаткова адбываліся мірныя акцыі пратэсту ў буйных рэгіянальных цэнтрах, разгон быў пачаты, калі пратэсты пачаліся ў малых гарадах.

    Абвінавачванні супраць затрыманых журналістаў уключаюць «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства», «дробнае хуліганства» і «парушэнне парадку вытворчасцi i распаўсюджвання прадукцыi сродкаў масавай інфармацыі». БАЖ паведамляе 123 выпадкі парушэнняў правоў журналістаў з сакавіка месяца 2017 года.

    PPF заклікае беларускі ўрад спыніць масавы замах на СМІ і свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку права распаўсюджваць і атрымліваць інфармацыю.

    Фрылансерская суполка са “Шведскага саюза журналістаў” звярнулася да беларускіх уладаў з заявай у падтрымку беларускіх журналістаў.

    “Беларускія журналісты маюць права на працу — без прыгнёту або санкцый!

    Фрылансеры са “Шведскага саюза журналістаў” пратэстуюць у самых моцных тэрмінах супраць перашкодаў у працы беларускім журналістам, а таксама супраць адвольных арыштаў і пагрозаў у дачыненні да асобных журналістаў.

    Мы патрабуем, каб усе журналісты ў Беларусі, як штатныя журналісты, так і фрылансеры, маглі выконваць сваю працу і свабодна асвятляць падзеі. Акрамя таго, мы патрабуем, каб ў чаканні справядлівага суда, усе былі вызваленыя.

    У апошні час журналісты ў Беларусі апынуліся пад нарастаючым ціскам. Незалежная асацыяцыя журналістаў БАЖ паведамляе па стане на 30 сакавіка пра 93 выпадкі затрыманняў журналістаў толькі ў сакавіку, якія асвятляюць пратэсты супраць закона, што ўводзіць падаткі на беспрацоўных, таксама журналісты сутыкнуліся з адвольнымі арыштамі і запалохваннямі з боку ўладаў.

    Гэта было зроблена выразна з мэтай перашкодзіць медыям асвятляць акцыі пратэстаў у Мінску і некаторых іншых гарадах Беларусі.

    Таксама журналісты былі аштрафаваныя, ім пагражаюць турэмным зняволеннем, і нават тым, шо ў іх адбяруць дзяцей. Таксама, нам стала вядома пра выпадкі, калі журналістаў збівалі.

    Гэта непрымальна — таму мы адзінагалосна прымаем гэту заяву і накіроўваем яе да ўладаў Беларусі.

    Мы таксама заклікаем іншыя арганізацыі журналістаў падтрымаць нашых беларускіх калег і патрабаваць, каб пераслед спыніўся.

    Прынята Генеральнай Асамблеяй “Frilans Riks”, суполкі фрылансераў у “Шведскім саюзе журналістаў” на штогадовым з’ездзе

    Стакгольм, 1 красавіка 2017

    Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) асуджае буйны разгон журналістаў у Беларусі – калі былі арыштаваныя па меншай меры 49 журналістаў і блогераў, што асвятлялі агульнанацыянальныя пратэсты ў мінулыя выходныя, і як мінімум пяць з іх атрымалі турэмныя тэрміны. Арганізацыя заклікае міжнародную супольнасць патрабаваць адказу ад беларускіх уладаў.

    З арыштамі 25 і 26 сакавіка, агульная колькасць затрыманняў журналістаў сягнула больш за 100. Улады рэзка павялічылі маштабы рэпрэсіўных метадаў ў адказ на шырокую хвалю антыўрадавых пратэстаў.

    – Такі жорсткі і сістэматычны пераслед міліцыі з’яўляецца грубым парушэннем свабоды СМІ і правоў беларускай грамадскасці на інфармацыю, – кажа Ёхан Бір, кіраўнік аддзела RSF па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

    – Мы заклікаем міжнародную супольнасць аказаць ціск на ўрад, каб неадкладна вызваліць журналістаў, якія былі арыштаваныя проста за выкананне сваёй працы, зняць з іх усе абвінавачванні і паважаць свабоду СМІ. Гэтыя масавыя злоўжыванні падкрэсліваюць надзвычайную неабходнасць строга абумовіць любое збліжэнне з Беларуссю з захаваннем правоў чалавека.

    “Камітэт абароны журналістаў” (CPJ), разам з іншымі 48 праваабарончымі арганізацыямі, накіраваў ліст да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, асудзіўшы затрыманне і пераслед дэманстрантаў, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыянераў.

    Большасць затрыманняў і пераследаў звязаныя з мірнымі пратэстамі з патрабаваннем адмяніць нядаўна ўведзены дэкрэт № 3, які ўсталёўвае падатак на беспрацоўных. Дэкрэт абавязвае грамадзян працаваць пэўную колькасць дзён ці аплаціць доўг перад дзяржавай пад пагрозай арышту.

    CPJ зафіксаваў, як беларускія сілавікі затрымлівалі або перашкаджалі дзейнасці як найменш 32 журналістам ад пачатку гэтага месяца. Паводле паведамленняў беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, пачынаючы з 3 сакавіка больш за 250 чалавек былі затрыманыя і як мінімум 110 былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту ад трох да 15 дзён.

    У лісце таксама ўтрымліваецца заклік да прэзідэнта гарантаваць, што журналістам і іншым людзям не будуць перашкаджаць знаходзіцца на месцах дэманстрацый, запланаваных у Мінску і іншых гарадах 25 сакавіка.

    “Нарвежскі саюз журналістаў” выказаў пратэст супраць хвалі ціску на беларускіх журналістаў.

    “Мы патрабуем, каб усе журналісты ў Беларусі, як штатныя журналісты, так і фрылансеры, мелі права займацца сваёй прафесіяй і асвятляць падзеі,” — гаворыцца ў адмысловай заяве.

    Заява была адзінагалосна прынята 23 сакавіка на Кангрэсе арганізацыі, якая адбываецца кожныя два гады. Таксама “Нарвежскі саюз журналістаў” заклікаў іншыя журналісцкія арганізацыі патрабаваць ад беларускіх уладаў спыніць пераслед.

    Журналісты Ірландыі выказваюць салідарнасць з БАЖ

    «Нацыянальны саюз журналістаў» Ірландыі заклікаў свайго міністра замежных спраў Чарльза Фланагана заступіцца перад беларускім урадам і падаць афіцыйны пратэст у сувязі з пераследам журналістаў у Беларусі.

    На сустрэчы ў Дубліне Выканаўчы савет выказаў салідарнасць з “Беларускай асацыяцыяй журналістаў” (БАЖ). Генеральны сакратар журналісцкай арганізацыі Шэймас Дулі заявіў: «Мы далучаемся да БАЖ, выказваючы сур’ёзную занепакоенасць з нагоды пераследу журналістаў у Беларусі. У агульнай складанасці 33 журналістаў былі затрыманыя на працягу апошніх трох тыдняў. Ірландыя не можа маўчаць перад тварам такога пераследу».

    Міжнародная і Еўрапейская федэрацыя журналістаў заступаюцца за беларускіх калег

    «Рэпарцёры без межаў» асудзілі затрыманні і суды над беларускімі журналістамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці