• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць»

    10 лістапада 1906 года ў Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва» — падзея, якую беларусам немагчыма пераацаніць.

    nn2.jpg

    10 лістапада 1906 года ў Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва» — першая беларуская газета з рысункамі, як пазіцыянавала выданне ягоная рэдакцыя.

    Значэнне гэтай падзеі для найноўшай гісторыі Беларусі немагчыма пераацаніць, бо калі зірнуць на яе з вышыні прамінулага стагоддзя, без перабольшвання можна сказаць, што «Наша Ніва» стала адной з галоўных цаглінаў у падмурку нашай дзяржаўнасці.

    — Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць. І дзеля таго мы будзем старацца, каб наша газетка глянула ўсюды, каб папала яна і пад страху беднай курной хаты мужыка­беларуса, — звярталіся да будучай аўдыторыі ў праграмным артыкуле першага нумара выдаўцы газеты.

    nn1.jpg

    Заснавальнікамі выдання былі кіраўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч. Яны абяцалі служыць не «толькі ці панам, ці адным мужыкам»:

    — Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, святло падала ў цёмнасць… Мы будзем браць усё ад усіх і, злажыўшы ў парадак, зноў аддаваць.

    З першага нумару рэдактары дэкларавалі працу на карысць агульным інтарэсам. 

    Ведайце добра, што «Наша Ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на старонках нашай газеты і кіраваць ёю, толькі каб было разумна. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, — зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права і памагалі нам у нашай рабоце.

    На старонках тагачаснай «Нашай Нівы» друкаваліся многія будучыя класікі беларускай літаратуры, для некторых тыя публікацыі былі дэбютнымі.

    Вось не самы поўны спіс: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны… Тут жа публікаваліся пераклады на беларускую мову — ад Адама Міцкевіча да Антона Чэхава.  

    А вось гэты радок з артыкула на Вікіпедыі кідае масток да падзей нашых дзён, да таго, чым ад моманту адраджэння ў 1991‑м займаецца адноўленая «Наша Ніва»:

    — [Газета] выступала «за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сялянскага землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове.

    І першае, і адноўленае выданні рэгулярна сутыкаліся з цэнзурай і пераследам палітычных рэжымаў. Канфіскацыі, ператрусы, суды і турэмныя пасадкі.

    nn3.jpg

    nn4.jpg

    Як бачым, прайшло яшчэ два дзесяцігоддзі, а задачы перад «Нашай Нівай» і яе чытачамі, а таксама ўсёй незалежнай прэсай, стаяць ці не тыя самыя.

    Вось што пісала новая рэдакцыя «НН» у першым нумары адноўленага выдання ў траўні 1991-га:

    — «Наша Ніва» выходзіць зноў. Людзі, якія стварылі яе ў 1906‑м годзе, разлічвалі не на нейкі перыяд, ці этап, ці нейкую праграму­мінімум, пасля чаго трэба было б спыніць выданне, але на ўсю перспектыву беларускага нацыянальнага жыцця.

    Гэты разлік у 1915­-м сарвала вайна, пасля — рэвалюцыя, часы сацыялістычнага будаўніцтва. Цяпер, калі гэта ўсё адышло ў нябыт, калі спакваля зноў акрыйвае беларускае нацыянальнае жыццё, «Наша Ніва» выходзіць зноў. Як люстэрка дзён і жаданняў…

    Больш за 70 гадоў моўкнасці няхай стануць для нас не забыццём, а новым, добры забытым досведам, не гнілымі лаўжамі, а крэпкім сухім паленнем ў грубку адноўленае «Нашай Нівы».

    Так, выхад той газеты, якую выдавалі Луцкевічы, Купала, і дзе друкаваўся Багдановіч, перапыніла вайна. У 2021‑м годзе рэдакцыя сучаснай «Нашай Нівы», як і астатнія незалежныя выданні, мусіла з’ехаць з краіны ў выніку вайны, якую ўладны рэжым развязаў супраць уласнага народа.

    nn6.jpg

    Адноўленая «НН» прайшла шлях ад элітарнага выдання накладам у некалькі тысячаў асобнікаў, якое фармулявала сэнсы першых крокаў незалежнай краіны, да самай масавай і папулярнай беларускамоўнай інтэрнэт-газеты.

    Ночка цёмная на свеце

    Вечна не начуе;

    Зерне, кінутае ў ніву,

    Ўсходзіць ды красуе.

    Гэтае прысвячэнне Янкі Купалы «Нашай Ніве», напісанае ў далёкім 1911‑м, тоіць у сабе адказ на балючае для ўсіх нас пытанне: «Што будзе далей?». Праверана гісторыяй.

    Чытайце яшчэ:

    Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»

    «Праз пару дзён мяне перастаюць заўважаць, і я пачынаю здымаць». Як французскі фатограф стаў летапісцам жыцця беларусаў у выгнанні

    «Адчуваў, што Лукашэнка не пакіне тату жывым». Павел Марыніч — пра дзяцінства з Шараметам і Пракоп’евым, бацьку-міністра і «Маланку»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці