«Ёсць адчуванне разраджанага акамулятара». Размова пра журналістыку з Юрыем Дракахрустам
Журналістка і палітычны аглядальнік Таццяна Ашуркевіч пагаварыла з Юрыем Дракахрустам пра тое, чаму ў 90‑я гады Беларусь пачула шмат гучных журналісцкіх імён, чаму іх наяўнасць – гэта важна, і як паўтарыць тую ж з’яву ў наш час.
– Калі я праглядала беларускія газэты з 1990‑х гадоў, я здзіўлялася, як шмат тады з’явілася гучных імён у журналістыцы. Гэтая плеяда была вельмі моцнай, і наколькі я разумею, ваc таксама сталі заўважаць менавіта тады. Мне падаецца, пасля таго перыяду больш такой з’явы ў нас не было. Гэта заслуга менавіта гэтага гістарычнага часу?
– Напрыканцы 80‑х – пачатку 90‑х у нас сапраўды ўзышло шмат “зорак” у розных сферах. Значная частка цяперашніх палітыкаў з’явіліся менавіта тады. Тое самае было і з журналістыкай: многія яскравыя постаці, якіх мы і цяпер бачым у мэдыйнай прасторы, паўсталі ў той перыяд. У пераломныя часы так часта адбываецца. Я да пачатку 90‑х займаўся матэматыкай. Але тады і ў медыя, і ў палітыку, і ў бізнес, які толькі нараджаўся, прыходзілі людзі з розных сфер. Быў час дылетантаў і авантурыстаў.
Але ўзыходы новых “зорак” мы бачылі і пазней. Можна назваць хоць бы Арцёма Шрайбмана. Ён даволі хутка заняў сваё месца на Алімпе нашай прафэсіі.
– Мне здаецца, выпадак з Арцёмам унікальны. А што наконт астатніх? Раней я думала, што, магчыма, у нас сапраўды больш не было пераломных момантаў, не было глебы, на якой такія імёны маглі вырасці. Але ж потым здарыўся 2020 год. І я б не сказала, што пасля штосьці моцна змянілася.
– Арцёма як журналіста спарадзіла новая постсавецкая эпоха нулявых – эпоха TUT.BY і хіпстэраў. А што да 2020 году… Паразы рэдка спараджаюць суквецце “зорак”. Хаця ў палітыцы гэты год іх спарадзіў – Бабарыка, Ціханоўская, Латушка, Вячорка, Калеснікава. Ну а ў нашым рамястве – пакуль так, не з’явіліся. Мо пазней з’явяцца, з пераасэнсавання 2020 году. У ХІХ стагоддзі, праз 20 гадоў пасля паўстання Каліноўскага, ў Піцеры з’явілася група беларускіх студэнтаў “Гоман”, якія прыдумалі Беларусь і беларусаў як асобную нацыю. Можна прыгадаць і “Культуру” Ежы Гедройца, які ў пэўным сэнсе прыдумаў сучасную Польшчу. Нешта такое можа адбыцца і ў нас, і яно абавязкова адбудзецца – раней ці пазней.
– Мне падавалася, што справа ў іншым: наша журналістыка пачала развівацца ў нейкі ўласны бок. Умоўна, быў “ваш” перыяд, калі з’явілася шмат моцных аўтараў, і гэта быў пачатак нашай эвалюцыі ў бок заходніх мэдыя. Але потым штосьці змянілася – журналістыка быццам бы стала больш каманднай, неіндывідуальнай. Можа, справа ў тым, што наша медыйнае поле проста гэтаму не спрыяе?
– Умовы на нашым полі зараз наагул мала чаму станоўчаму спрыяюць. Незалежная беларуская журналістыка зараз амаль цалкам эмігранцкая. У выніку мы губляем наўпроставае адчуванне свайго грамадства: мы не ходзім на “Камароўку” і па каву ў “Цэнтральны”, не ездзім на “сотцы” па праспекце. Варта сказаць і пра фінансавыя праблемы: зараз амаль усе заўважальныя незалежныя медыя – экстрэмісцкія формаванні. Хто будзе даваць ім рэкламу? У такіх умовах не даводзіцца чакаць з’яўлення сузор’я новых імёнаў.
– А мне здаецца, што гэта тое, што трэба падтрымліваць звонку ужо зараз. Павел Слюнькін неяк сказаў, што “Захад моцны індывідуальнасцямі”. Моцнае меркаванне – гэта бадай што адзіны сродак, які ў нас ёсць, каб змагацца з навакольнымі жахамі. Таму для мяне было прыемным адкрыццём, калі Вольга Лойка запусціла свой праект з аўтарскімі калонкамі. Атрымлівацца, усё ж ёсць разуменне таго, што нам гэта патрэбна?
– Праект Лойкі сапраўды вельмі важны, у яго, можа, не такая вялікая аўдыторыя, але ён – пра сэнсы, пра бачанне. Я б прыгадаў і Мелказёрава, і Шапарава. Яны ўсталі на крыло як раз пасля 2020 году. З аднаго боку, умовы зараз цяжкія. З іншага, новыя тэхналогіі адкрываюць новыя магчымасці. Адкрый уласны YouTube-канал – і калі пашанцуе, ты заваюеш свет.
– Але гэтага зараз і не адбываецца. Атрымліваецца, у нас ёсць магчымасці і новыя сродкі для таго, каб такія людзі з’яўляліся, але ўсё чамусьці спыняецца на Шрайбмане.
– Гэта як на чый густ. Для некага куміры – хутчэй Малказёраў і Шапараў. А наконт 2020 году мне падаецца плённай метафара разраджанага акумулятара. Ёсць такое адчуванне. З пачатку стагоддзя беларускае грамадства назапашвала сацыяльную энэргію – падымаўся бізнес, ішлі камунікацыі з Захадам, з’яўляліся НДА. У 2020 годзе ўсё гэта выбухнула. Але мы прайгралі. І энергія, якая прывяла да выбуху 2020 года, не трансфармавалася ў пабудову новага грамадства, як яно было напрыканцы 80‑х – напачатку 90‑х. Не адбылося з’яўлення новых імёнаў у журналістыцы, у прыватнасці. А ў цэлым у грамадстве ідзе павольнае назапашванне энергіі, “акумулятар” зараджаецца.
– Можа быць такое, што гэта не назапашванне, а, наадварот, павольны заняпад?
– Адно не выключае іншага. У палітычнай, нават грамадскай сферы – вонкава так, заняпад. Тут можна правесці аналогію з грамадскай сітуацыяй у Расійскай імперыі пасля паразы рэвалюцыі 1905 года. Таксама рэакцыя, рэпрэсіі, і разам з тым стома людзей ад палітычнага, нават ад грамадскага, сыход у прыватнае, асабістае.
Я не думаю, што тут ёсць нейкі “залаты ключык”, пры дапамозе якога медыя могуць павярнуць гэты трэнд. Але трэба спрабаваць – што яшчэ застаецца? Нечы поспех, шчаўчок ад дакладнага патраплення і будзе паказнікам таго, што трэнд памяняўся і штыль скончыўся. Той жа 2020 год пачаўся не з вылучэння Цапкалы – ён пачаўся з выбухападобнага росту аўдыторыі ТГ-каналаў.