• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Размеркаванне на журфаку: замест “Камсамолкі” ― у Брагін

    “Мінскай вобласці ўжо няма, Гродзенская засталася, а таксама Брагін”, ― не, гэта не перадзел земляў, так выпускнікі Інстытута журналістыкі гадаюць, куды іх могуць адправіць на размеркаванні.

    20 красавіка ў Інстытуце журналістыкі вырашаецца, дзе выпускнікі будуць адпрацоўваць два гады. Камісію ўзначальвае міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Заявак з раёна хапае. Тут табе і газета “Авангард” з Буда-Кашалёва (з акладам у 150 рублёў), і “Прыпяцкая праўда” з Нароўлі (145 рублёў). Гэта нават меньш за афіцыйны мінімальны заробак (265 рублеў). Затое даюць інтэрнат.

    “Я тры гады супрацоўнічала з газетай “Новы час”, але мяне накіравалі ў Паставы. Нават не ведаю, як там газета называецца. За мяне спрабавалі заступацца выкладчыкі. Нават не патлумачылі, чаму нельга ў газету, дзе я працавала. Сказалі, што трэба на раён”, ― абураецца Вікторыя.

    Большасць выпускнікоў прыходзяць з заяўкай са свайго месца працы. У дзяржаўныя выданні адпускаюць лёгка.

    “У мяне адразу спыталі, ці добра я валодаю беларускай мовай. Я даказаў, што так. Пасля прапанавалі працу ў часопісе “Бярозка”, ― кажа пра сваё размеркаванне Мікалай.

    Адпускаюць і ў прыватныя арганізацыі. Алену размяркоўваюць працаваць у… ФК “Крумкачы”.

    “Я буду там рабіць відэа для youtube-канала. Калі б я не прынесла заяўку, то, хутчэй за ўсё, не засталася б у Мінску, бо я з Гомельскай вобласці”, ― расказвае дзяўчына.

    З прыватнымі арганізацыямі шанцуе не ўсім. Заяўкі застаюцца, а выпускнікоў ужо мала. Ксенія ўжо мае працу ў прыватным агенцтве па маркетынгу, а размеркаванне атрымлівае ў Гродна, у газету “Перспектыва”.

    “Я не магу туды паехаць, бо ў мяне ўжо ёсць праца ў Мінску. Не разумею, чаму мяне туды не адпусцілі. Пяць гадоў мне казалі, каб я шукала працу. Я знайшла, а яна аказалася няправільнай. 30 сакавіка не было яшчэ гэтых заявак з раёнак, а цяпер 19”, ― разважае Ксенія. Цяпер яна шукае магчымасць пераразмеркавацца. Як варыянт, выйсці замуж.

    Брагінскае выданне “Маяк Палесся”, якое ўжо тры гады не можа займець сабе маладога спецыяліста, сёлета таксама падае заяўку. Але выпускніца, якую накіравалі туды, збіралася працаваць у “Камсамольскай праўдзе”. Не адпусцілі. А вось іншай выпускніцы ўсё ж дазволілі ісці працаваць у «Камсамолку»

    Перад размеркаваннем выпускнікоў папярэдзілі, каб не прыцносілі заяўкі і з партала tut.by.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці