• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Размеркаванне на журфаку: А Брагін — гэта Мінская вобласць?

    У Інстытуце журналістыкі мала заявак на выпускнікоў. Пра гэта адразу кажуць студэнты, якія таўкуцца перад дзвярыма, дзе засядае камісія па размеркаванні. Узначальвае камісію міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

    «Не больш за 15 заявак, дакладна», — кажуць дзяўчаты, якіх сустракаю ў калідоры. Усе чакаюць, што задаволяць заяўкі ад прыватнікаў. І на пачатку іх сапраўды задавальняюць. Нават даюць вольныя дыпломы:

    «Кажуць, што сёлета няма заявак з Мінска, у асноўным — з раённых газет. Мне давялося прасіць вольны дыплом, бо мой муж з Мінска і ён тут вучыцца. І без праблем далі», — апісвае сваё размеркаванне Марына.

    Пакуль з кабінета выходзяць вясёлыя маладыя спецыялісты, праблем няма. Па заяўцы адпускаюць нават у «Камсамольскую праўду ў Беларусі».

    Шанцуе і выпускнікам спецыяльнасці «Аўдыёвізуальная журналістыка», іх адпускаюць у прыватныя фірмы і нават інжынерам у свой жа Інстытут журналістыкі.

    «Буду адпрацоўваць інжынерам, адказваць на пытанні па мантажы відэа і аўдыё, буду актавы зал адчыняць», — разважае пра будучую пасаду Улад.

    Даходзіць да «Веб-журналістыкі» і тут пачынаюцца праблемы. У калідоры заўважаю дзяўчыну ў слязах. Заяўку не задаволілі і размеркавалі ў Буда-Кашалёва з чырвоным дыпломам.

    Яе калега Ганна атрымоўвае размеркаванне ў… Брагін! Хаця сама з Мінска.

    «А Брагін — гэта Мінская вобласць?» — пытаецца яна ў сябровак. І пачынае гугліць, дзе той Брагін знаходзіцца.

    «Абяцалі 1,2 мільёна аклад і інтэрнат. Буду пераразмяркоўвацца, але як, пакуль не ведаю», — Ганна даведалася дзе ж знаходзіцца Брагін.

    У рэдакцыі газеты «Маяк Палесся», куды размеркавалі маладых спецыялістаў, іх чакаюць кожны год. А яны не даязджаюць!

    «Кожны год адпраўляем заяўкі. Але з БДУ ніхто не даязджае. У гэтым годзе дзве адпраўлялі. Можа, нехта прыедзе», — скардзяцца ў рэдакцыі.

    Яшчэ некалькі выпускнікоў адпраўляюцца па іх уласных заяўках.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці