• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкі абласны суд разгледзіць заўтра апеляцыйную скаргу зняволенага блогера Аляксандра Ігнацюка

    Брэсцкі абласны суд прызначыў разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да зняволення блогера Аляксандра Ігнацюка на 28 траўня. Судовае пасяджэнне распачнецца а 10.50 і будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Разглядаць скаргу прызначаны суддзя Брэсцкага абласнога суда Мікалай Сянько.

    Аляксандр Ігнацюк блогер

    Блогер Аляксандр Ігнацюк. Фота: з уласнага архіва

    У сваёй скарзе блогер і былы рэдактар газеты «Вечерний Столин» Аляксандр Ігнацюк аспрэчвае вырак, вынесены судом Столінскага раёна. Яму прысудзілі 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф памерам 200 базавых велічыняў (8000 BYN). Акрамя пазбаўлення волі і буйнога штрафу суд вырашыў спагнаць з Ігнацюка на карысць нібыта пацярпелага ад ягонага вымагальніцтва прадпрымальніка маёмасны ўрон у памеры 1800 рублёў. Таксама паводле прысуду ў блогера канфіскавалі ноўтбук як «сродак здзяйснення злачынства».

    Сёлета 5 красавіка суддзя Столінскага раённага суда Сяргей Насеня прызнаў 53-гадовага Аляксандра Ігнацюка вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:

    • арганізацыя акцый пратэстаў у Століне і Мінску (частка 1 артыкула 342 КК),
    • паклёп на Аляксандра Лукашэнку (частка 2 артыкула 367 КК),
    • вымагальніцтва (частка 2 артыкула 208 КК).

    Падчас судовага разбору блогер часткова пагадзіўся з абвінавачаннямі, якія тычыліся паклёпу і арганізацыі пратэстаў, але віну ў вымагальніцтве не прызнаў.

    Справа зняволенага блогера

    Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова, бо ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна. Сябры занепакоіліся пра лёс блогера пасля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь.

    17 жніўня 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігнацюка палітычным вязнем.

    Сёлета 13 лютага, суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сайт stolin.bу. Раней ён ужо быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі на тэрыторыі Беларусі. А таксама персанальную старонку рэдактара гэтага сайта Аляксандра Ігнацюка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Праз тры дні, 16 лютага, гэты ж суд паўторна надаў столінскаму сайту «экстрэмісцкі» статус.

    Яшчэ праз месяц, 11 сакавіка, улады паведамілі прычыну змяшчэння Ігнацюка пад варту. Напярэдадні пачатку судовага працэсу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала ў сваім тэлеграм-канале відэа жорсткага затрымання блогера і агучыла інкрымінаваныя абвінавачанні.

    У паведамленні МУС сцвярджалася, што Аляксандр Ігнацюк садзейнічаў дзейнасці «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, адміністратары якога знаходзяцца за мяжой. Быццам ён «сістэматычна імкнуўся дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы» і «спрабаваў уладкавацца на працу ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы». Таксама было заяўлена, што блогер вырабляў відэаролікі з «кампраматам» на мясцовых прадпрымальнікаў і вымагаў з іх грошы, пагражаючы апублікаваць гэтыя факты ў інтэрнэце. І што нібыта ад дзейнасці блогера пацярпелі трое жыхароў Столінскага раёна.

    Хто такі Аялксандр Ігнацюк?

    Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.

    У 2003 годзе, паводле загаду тагачаснага міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, выпуск газеты прыпыняўся на тры месяцы, бо рэдакцыя нібыта парушыла артыкул 5 «Закона аб друку і іншых СМІ». Газета «Вечерний Столин» аднавіла выхад у кастрычніку 2003 года, аднак ужо ў снежні суд прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым у абразе былога старшыні Столінскага райвыканкама Уладзіміра Пашкевіча. Тады рэдактара газеты паводле артыкула 369 Крымінальнага Кодэкса пакаралі штрафам памерам 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў. Менавіта гэты выпадак прыгадвае цяпер прэсавая служба МУС, згадваючы, што Ігнацюк «быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады».

    У лютым 2004 года заснавальнік і галоўны рэдактар «Вечернего Столина» зноў атрымаў па пошце папярэджанне і загад аб прыпыненні выдання на тры месяцы. Абодва дакументы былі падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, газета груба парушала дзейнае заканадаўства: у прыватнасці, артыкулы 30 і 11 закона «Аб друку» і некалькі пастаноў Савета міністраў.

    Рэдакцыю вінавацілі ў тым, што рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў, хоць «газета не зарэгістраваная ў якасці спецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленняў і матэрыялаў рэкламнага характару».

    Другая прэтэнзія да газеты тычылася змены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага апавяшчэння рэгіструючага органа. У папярэджанні вялася гаворка пра тое, што выданне змяніла тэматыку з «вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную». Яшчэ абвінавачвалі ў тым, што замест рускай і беларускай моў перайшло на рускую, не спавясціўшы пра гэта Міністэрства інфармацыі ў належны тэрмін.

    У выніку выхад газеты «Вечерний Столин» больш не аднавіўся. Пасля таго Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин», працаваў як журналіст-фрылансер. Таксама займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках сайта, а яшчэ ў Tik­Tok, YouTube і Insta­gram.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці