Раз — Лукашэнка, два — Лукашэнка. Як часта папулярныя медыя згадваюць гэтае прозвішча і навошта
Аляксандра Лукашэнку недзяржаўныя медыя не называюць прэзідэнтам. Часцей абмяжоўваюцца адным прозвішчам — нават без імя. Хтосьці захоўвае інфарматыўны тон для такіх паведамлянняў, а хтосьці дазваляе жартаваць з яго або абвінавачваць у хлусні.
Пасля дыскусіі калег на мінулым тыдні, журналіст сайта БАЖ прааналізаваў, у якіх сітуацыях шэраг беларускіх медыя згадвае яго прозвішча: «Зеркало», «Наша Ніва», «Белсат», «Радыё Свабода», «Еўрарадыё».
А таксама паразмаўляў з медыяэкспертам пра тое, чаму наогул узнікае пытанне, як яго называць у інфапрасторы.
ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON.
«Зеркало»: ставіць пад сумнеў выказванні палітыка
За тры працоўныя дні з 23-га па 25 кастрычніка 2023 года ў Telegram «Зеркало» згадалі Аляксандра Лукашэнку 12 разоў. Большасць згадак тычыцца выказванняў Лукашэнкі або падзей, звязаных з ім. Напрыклад, як ён «обеспокоился пенсиями прокуроров», «похвастался отечественными достижениями в IT», «пообещал, что БЕЛДЖИ будет производить 120 тысяч авто в год». Яны, як правіла, носяць інфарматыўны характар.
Таксама выданне згадвала Лукашэнку, каб патлумачыць, чаму навіна цікавая чытачам. Напрыклад, пра звальненне міністра абароны Кітая, які нядаўна сустракаўся з Лукашэнкам. А яшчэ — пра «палітычны» суд над жыхаркай Жлобіна, якая з’яўляецца прыхільніцай Лукашэнкі.
«Зеркало» ставіць пад сумнеў выказванні Лукашэнкі. Напрыклад, «Лукашенко выразил уверенность в том, <…>. Отметим, в действительности обрисованная Лукашенко картина взаимного «доверия и понимания» между Минском и Астаной выглядит не столь радужно». Або адзначае, напрыклад, што грошы, збору якіх Лукашэнка парадаваўся, «собирают в том числе в добровольно-принудительном порядке».
Выданне практычна заўсёды выкарыстоўвае форму «Лукашэнка», не называючы яго прэзідэнтам. Зрэдку выкарыстоўваецца форма «Аляксандр Лукашэнка». Менш чым у палове выпадкаў да тэксту дадавалі яго выяву з нейтральнымі фотаздымкамі БелТА ці Reuters.
«Наша Ніва»: лідар па згадваннях
«Наша Ніва» ў гэтыя ж дні згадвала Лукашэнку ва ўласным Telegram-канале яшчэ больш — 13 разоў. Але двойчы з іх у падборцы навін за дзень, і чатыры разы — у відэанавінах.
Выданне напісала пра прысуд прыхільніцы Лукашэнкі, пра дзяцей, якія абяцаюць не галасаваць за палітыка і яго меркаваную любоў да Беларусі.
Калі «Зеркало» выбірае больш нейтральныя выказванні, то «Наша Ніва», хутчэй, маніпулятыўныя і іранічныя. Напрыклад, пра тое, як Лукашэнка расказаў, «як дзяўчаты вітаюць яго дагары нагамі» і «куды пасадзіць Усебеларускі народны сход». У такіх выпадках бэк, як правіла, выданне не прапісвае.
Выданне дазваляе сабе напісаць, што Лукашэнка «хлусіць». Яго называюць «Лукашэнкам» або «Аляксандрам Лукашэнкам». Цікава, што прыхільнікаў і актывістаў, якія выступаюць за дзеячую ўладу, выданне называе «лукашэнкаўскімі».
«Белсат»: з тлумачэннямі і жартамі
За 23–25 кастрычніка медыя згадала дзеяча дзевяць разоў: у апытанні пра яго магчымыя дзеянні, згадваючы «ўлады Лукашэнкі» і «рэжым Лукашэнкі», трасянку Лукашэнкі, размеркаванне сродкаў Лукашэнкам. А таксама, расказваючы пра прысуд жанчыне, якая выказалася пра яго.
Выданне тлумачыць указы Лукашэнкі і раіць чытачам, што рабіць, калі гэта іх датычыцца.
Пра яго на «Белсаце» таксама жартуюць: «Нават пасля таго, як Лукашэнка памрэ, ён яшчэ двойчы пераможа на выбарах».
«Радыё Свабода»: праз прызму эксперта
Выданне згадала Лукашэнку пяць разоў — у цытаце або апавядаючы пра абставіны, звязаныя з ім. Большасць жа выпадкаў звязана з тым, калі эксперты тлумачылі дзеянні і выказванні Лукашэнкі. Напрыклад, «Дамаўляцца з Мадура ў Захаду інтарэс ёсьць, з Лукашэнкам — няма, — экспэрт», «Гульня ў вялікую геапалітыку. Як Лукашэнка «ратаваў сьвет» і «адкрываў Афрыку», «Разьбіраем гістарычныя фэйкі і мову герояў прапагандысцкага фільма «На другом берегу».
Таксама эксперт прызнаў Лукашэнку фактычным кіраўніком краіны: «Зноў Беларусь і Лукашэнка, як яе кіраўнік, выступаюць абаронцамі, збавіцелямі Афрыкі ад каляніяльнага ярма».
«Еўрарадыё»: філасофія блюру
Пра Лукашэнку выданне напісала за тры дні ў Telegram-канале сем разоў. Пяць разоў прозвішча згадалі ў відэа. Выданне выкарыстоўвае прозвішча і без неабходнасці, каб пажартаваць: «Злачынствы пры Лукашэнку мяльчэюць. Ужо і мяса на 70 рублёў падаецца вартым таго, каб пайсці на рызыку і скрасці яго…».
Выданне блюрыць прозвішча Лукашэнкі ў сваіх пастах. У іх рэдакцыя выказвае і сваё меркаванне. Напрыклад: «Пры тым, што жанчына неаднаразова заяўляла, што падтрымлівае Лукашэнку. Што не замінае ёй крытыкаваць яго васалаў — чыноўнікаў і сілавікоў. Відаць, яны гэтага ёй і не могуць ніяк дараваць».
Імя ў загалоўку Таго-Каго-Нельга-Называць прыносіць трафік
— Калі выданне піша пра грамадска-палітычныя падзеі, пазбегнуць апісання аднаго з галоўных актараў немагчыма, — кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. — Аляксандр Лукашэнка рэалізуе ўладу на тэрыторыі Беларусі. І нават у сітуацыі, калі рэдакцыя лічыць яго нелігітымным, яна мусіць зважаць увагу на тыя рашэнні, якія прымае ён і дзяржаўныя структуры на тэрыторыі Беларусі.
У 2020–2021‑х гадах медыя яго называлі «так званы прэзідэнт» ці «самаабвешчаны прэзідэнт». Цяпер жа проста тытул «прэзідэнт» не ўжываецца — няважна, з якімі эпітэтамі. Прынамсі, сярод выданняў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.
Ёсць пазіцыя, калі інфармацыя пра дзейнасць Лукашэнкі даецца дазавана. Напрыклад, многія незалежныя медыя вырашылі, што няхай будзе васьмігадзінны выступ Лукашэнкі, а мы з яго возьмем толькі самае сэнсоўнае, але не будзем рабіць справаздачу пра кожны сказ.
Выданні не могуць пазбегнуць апісання рэчаў ці падзей, ці рашэнняў, якія ўплываюць на жыццё аўдыторыі.
А вось кансэнсусу ў айчыннай медыяпрасторы, ці пісаць пра смешныя моманты вакол Лукашэнкі, няма.
— Тыя выданні, якія знаходзяцца ў парадыгме сур’ёзнай падачы фактаў і напісання аналітычных артыкулаў, звычайна пазбягаюць такога падыходу ці робіць яго мінімальным. Для іншых выданняў гэта такая аддушына, дзе яны могуць пасмяяцца з Аляксандра Лукашэнкі, з таго ладу, які зараз усталяваны ў Беларусі, — кажа спадар Быкоўскі.
Ён звяртае ўвагу, што адназначнага ўспрыняцця такіх публікацый няма і сярод аўдыторыі. Адныя людзі смяюцца пад такімі публікацыямі, іншыя кажуць: «Навошта вы пра яго пішаце?».
— Не сакрэт, што ўсё ж такі прысутнасць слова «Лукашэнка» ў загалоўку прыносіць трафік. Калі гэта артыкул ці ілюстрацыя, якая можа мець вірусны характар, на якую людзі будуць эмацыйна рэагаваць і перасылаць адно аднаму ці каментаваць — гэта для выдання карысна. Таму рэдакцыі прымаюць рашэнні паміж прынцыповым і прагматычным падыходам, каб атрымаць трафік і час прысутнасці на старонцы. Немагчыма сказаць, што ёсць правільнае рашэнне ці няправільнае, — падсумоўвае медыяэксперт.
Але чаму гэтае прозвішча раздражняе?
У 2020–2021 гадах беларусы атрымалі вялікую траўму, звязаную з рэпрэсіямі.
— Нават журналісты дзяржаўных выданняў траплялі пад раздачу, а потым гублялі працоўныя месцы. За кратамі знаходзяцца тры дзясяткі нашых калег. Іншыя медыйшчыкі прайшлі праз затрыманні, збіццё, арышты, многія мусілі з’ехаць з Беларусі. Гэта тое, што баліць, таму нам складана ставіцца да гэтага без эмоцый. Таму пытанне, як ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі, робіцца прынцыповым для шмат каго з журналістаў і чытачоў, — тлумачыць спадар Быкоўскі. І дадае:
Тыя, хто працуе ў медыяіндустрыі, разумеюць, што не згадваць Лукашэнку немагчыма. Але прыняць рашэнне калег, якія робяць не так, як ты, даволі складана. Гэта вынік траўмы, і да гэтага трэба ставіцца з разуменнем.
Калі медыя хоча быць маркіраваным як палітычна ангажаванае, яно можа дазволіць сабе называць Лукашэнку «дыктатарам». Іх аўдыторыя зразумее гэта і будзе задаволеная. Аўдыторыя медыя, якія хочуць не мець такога маркера, будзе раздражняцца пры сутыкненні з такімі эпітэтамі, лічыць эксперт.
Замежныя выданні заўсёды мусілі даваць бэкграўнд пра тое, які ў Беларусі палітычны лад, хто кіруе Беларуссю. Такія «моды» або прынятыя ў пэўнай рэдакцыі рашэнні змяняліся. У сённяшняй сітуацыі кансэнсусу, як апісваць Лукашэнку беларускім медыя ў выгнанні, усё ж такі няма.
Пры гэтым у беларускіх медыя няма неабходнасці даваць такі глыбокі бэкграўнд, які робяць замежныя, бо беларуская аўдыторыя знаходзіцца так ці інакш у кантэксце.
— Калі мы гаворым пра выданне, якое было б арыентаванае на замежную аўдыторыю, то не зрабіць атрыбуцыю, хто ёсць Лукашэнка, было б немагчыма. Калі гаворка ідзе пра беларускае выданне, разлічанае найперш на беларускага спажыўца, то для яго не будзе вялікім сакрэтам, хто ёсць Лукашэнка, — кажа Быкоўскі. — Але калі мы пабачым перадрукі матэрыялаў з беларускіх крыніц замежнымі медыя, то можам сутыкнуцца з тым, што яны робіць дапіску ад свайго імя, хто гэта такі.
Як апісваць кантэкст вакол уладаў?
Уключэнне ў кантэкст не заўсёды спрацоўвае ў сітуацыі, калі самім журналістам не хапае часу спыніцца і звярнуць увагу на тое, што чалавек, напрыклад, прадстаўлены экспертам, з’яўляецца прапагандыстам.
— А яшчэ ў нас даволі часта бывае, што палітолагі каментуюць эканоміку і расказваюць пра правільна абраны курс. Палітыку таксама толькі лянівы не каментуе. І гэта звычайна робіцца з нейкіх лаялісцкіх пазіцый, калі браць дзяржаўныя каналы, — дадае спадар Быкоўскі.
А ў недзяржаўных медыя іншая сітуацыя.
— У значнай ступені з такіх выказванняў мы даведваемся, якія рашэнні прынятыя, што адбылося. Потым рэтранслюем нейкія факты і цытаты з дзяржаўных каналаў у недзяржаўных медыя. І часам атрымліваецца, што мы запазычваем прапагандысцкія наратывы, прадстаўляем няправільна тых людзей, якія выказваюцца, — пералічвае медыяэксперт. — Але гэта праблемы, якія так лёгка вырашыць немагчыма.
Суразмоўца падкрэслівае, што для абвяржэння інфармацыі прапагандыстаў ёсць некалькі стратэгій.
— Па-першае, не ўсё можна абвергнуць. Калі ў чалавека ёсць пэўнае ўяленне, як усё адбываецца, а вы паказваеце супрацьлеглую карціну, яна не будзе ўспрымацца. Але можна змяняць нейкія элементы карціны свету, то бок частку пазлу.
Калі абвяржэнні зробленыя няправільна, яны часта самі нясуць той факт ці тую дэзынфармацыю, якую абвяргаюць. Пра яе нарэшце даведваюцца тыя, хто не даведаўся б.
— Па-другое, вельмі часта аказваецца, што аўтарытэтная асоба дэзынфармуе, а потым у медыя няма магчымасці спаслацца на такога ж узроўню персону, ім даводзіцца ў сённняшніх абставінах спасылацца на нейкага ананіма. Для нейтральнай аўдыторыі гэта рознавагавая сітуацыя, і аргументы ананіма ўспрымаюцца не так моцна, як выказванне канкрэтнага чалавека, — тлумачыць Паўлюк Быкоўскі. — Або я давяраю выданню, або прыходжу да высновы: «праўду даведацца немагчыма». Усё гэта кепскія практыкі.
Абвяргаць дэзынфармацыю неабходна, але рабіць гэта трэба правільна. Спадар Быкоўскі прапануе схему, гэта называецца метад Левандоўскага.
Стэфан Левандоўскі — аўстралійскі псіхолаг і навуковец. Вядомы сваімі даследаваннямі пра ўплыў кагнітыўных скажэнняў на ўспрыманне і разуменне інфармацыі. Ён распрацаваў метады выкрыцця міфаў, што дапамагае супрацьстаяць распаўсюду дэзынфармацыі і спраўляцца з кагнітыўнымі скажэннямі, якія ўплываюць на ўспрыманне інфармацыі.
Калі мы хочам зрэагаваць на фэйк, мы мусім напісаць праўду — і менавіта яна мусіць быць у загалоўку. Потым трэба падрыхтаваць аўдыторыю да таго, што далей будзе сказана няпраўда. Тут неабходна само па сабе тлумачэнне, чаму гэта хлусня, як гэта можна праверыць. І завяршальная кода — падкрэсліць, што ёсць праўда.
— Бо калі мы нават задвукосім фэйк, хутчэй за ўсё, не ўсе зразумець, што тое, што ў двукоссях, няпраўда. А па такой схеме абвяржэнне фэйкаў не працуе, як іх распаўсюднік. Безумоўна, ёсць і іншыя метады, але, на мой погляд, гэта адзін з самых эфектыўных, — перакананы спадар Быкоўскі. — Пры гэтым даволі складана прыдумаць загаловак і пабудаваць тэкст такім чынам, каб аўдыторыя адразу зразумела, на чыім баку праўда, але руку набіць можна.
Ці сапраўды аўдыторыі, якая сутыкаецца з дзвюма наборамі — «праўда» і «няпраўда», складана выбраць?
— Прыгадайце пачатак 2020 года, калі на адным і тым жа тэлеканале можна было паглядзець навіны расійскага «Первого канала», дзе расказвалася, што СOVID-19 — гэта страшна, і «Наши Новости», дзе: «Вы вируса не видете — значит, его нет». І людзям было складана зрабіць выснову, каму давяраць, — нагадвае эксперт.
Так жа сітуацыя працуе з тым, калі фэйкі тычацца грамадска-палітычнай дзейнасці, упэўнены суразмоўца:
— Людзі не заўсёды разбіраюцца ў тым, як пабудавана эканоміка, з чаго складаецца дзяржаўны бюджэт, хто пра што прымае рашэнне, адкуль бяруцца бюджэтныя грошы, ці Лукашэнка плоціць пенсіі, ці гэта пенсія, якую зарабілі самі пенсіянеры. Тут у журналіста ёсць вялікая функцыя — дапамагчы разабрацца, што і як наладжана, дзе ёсць праўда. Гэта кавалак працы. Не заўсёды журналіст можа быць экспертам у такіх пытаннях, але ён ведае, дзе іх шукаць.
Чытайце яшчэ:
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Любое чувство не захватывает нас навсегда». Психолог о том, как сегодня читать плохие новости
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой