“Распушчу касу па шоўкаваму поясу” — адкрылася выстава фота з «Беларускага эратычнага фальклору»
У Музеі Петруся Броўкі адкрылася фотавыстава “Распушчу касу па шоўкаваму поясу”. Фатографы Кацярына і Міхась Аракчэевы ўвасобілі ў выявах беларускія народныя песні пра каханне.
Назва выставы адсылае да народнай песні, занатаванай на дыялекце, як яна гучала ў жывым бытаванні, і выдадзенай у акадэмічным зборніку “Песні пра каханне” 1978 года серыі “Беларуская народная творчасць”. Кніга — сур’ёзней не прыдумаеш. Але творцы з Piligrim Studio хацелі, каб традыцыйныя песні жылі не толькі ў архівах і былі часткай сучаснай культуры, таму вырашылі “ажывіць” іх вось такім цікавым чынам.
На выставе партрэты дзяўчат і пар увасабляюць радкі песень з таго самага акадэмічнага зборніка. Пад кожным здымкам можна прачытаць поўны тэкст песні і звесткі пра яе запіс (у этнографаў гэта завецца “пашпарт” — ад каго занатавана, дзе, калі). Побач з песнямі можна пабачыць некаторыя вершы Броўкі і прадметы традыцыйнага побыту.
Наталля Мізон, загадчыца Літаратурнага музея Петруся Броўкі, што цяпер з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, тлумачыць:
“Нам істотна прэзентаваць іншага Броўку, не такога, да якога ўсе прызвычаіліся. Ён не быў не толькі лірыкам-прыродаапісальнікам і лірыкам грамадзянскім. Адмыслова для выставы мы абралі вершы, што нечаста згадваюць, у якіх бачныя фальклорныя асновы з роднай Петрусю Усцінавічу Ушаччыны. Гэта вершы распеўныя, з адпаведнай народнай інтанацыяй. Выбралі таксама эратычныя вершы Броўкі, што мала вядомыя. Посцілкі, якія экспануюцца на выставе, усе даматканыя. Адну вышывала маці Пятра Усцінавіча, іншыя яму дарылі на Ушаччыне. Гэтыя рэчы доўга захоўваліся тут, у яго кватэры і маюць мемарыяльную каштоўнасць. Каб іх паказаць, павінна быць адмысловая нагода і мы вельмі радыя, што на выставе “Распушчу касу па шоўкавому поясу” такая магчымасць ёсць”.
Фатографка Кацярына Аракчэева займаецца традыцыйнымі спевамі, гурт, у якім яна пяе, “Астроўна”, удзельнічаў у адкрыцці выставы разам з фольк-рокавай камандай ByCry. Тэма народнай лірыкі для Кацярыны вельмі блізкая. Аб працы над праектам яна распавядае вельмі натхнёна: “Было вельмі цікава працаваць з нашымі натуршчыцамі і натуршчыкамі. Мы шмат размаўлялі, жартавалі, смяяліся – было вельмі файна. Яны вельмі адкрытыя, не саромеліся. Любяць Беларусь і таму згадзіліся ўзяць удзел у здымках. Дзякуй ім вялікі!
Мы хацелі выказаць сваё захапленне ад песеннай традыцыі, ад фальклору, праз уласнае бачанне. Мы абапіраліся на традыцыю і рабілі сваё. Хацелі, каб гэта было не толькі ў шафах ды музеях, але гучала ў гарадской прасторы і ў наш час”.
Частка фотапраекта ўжо была паказана ў інтэрнэце, некаторыя выявы сталі ілюстрацыямі для зборніка “Беларускі эратычны фальклор”. Як распавядае Міхась Аракчэеў, “Глеб Лабадзенка спрацаваў як моцны каталізатар працэсу. “Распушчу касу па шоўкавому поясу” – асобны мастацкі праект, які ўдала спалучыўся з планамі Глеба па выданні “Беларускага эратычнага фальклору”. Дзякуючы Глебу знайшлася вялікая частка ўдзельнікаў фотасесій. Мы дзякуем таксама Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству за антураж для здымак – тэкстыль, дрэва, кераміку. Гэтыя аўтэнтычныя рэчы нават праз фатаграфію нясуць чароўную энергетыку”.
Глеб Лабадзенка, каментуючы адкрыццё выставы, адзначыў: “Пасля выдання “Беларускага эратычнага фальклору” здымкі правярала нават камісія Міністэрства інфармацыі і нічога крамольнага не знайшла. Тэма такая, што вельмі проста зрабіць нешта вульгарнае. А гэтыя фота — твор мастацтва, асобны ад кніжкі, якая, дзякуючы ім, проста зайграла. Рыгор Барадулін вельмі любіў гэту тэму. Калі ён выдаў кнігу “Здубавецьця”, усчаўся лямант: як можна такое пісаць? А дзядзька Рыгор адказваў: “Калі гэта каго-небудзь прыцягне да беларускай мовы — ужо плюс”. Эротыка звязаная з урадлівасцю, гэта само жыццё. У Барадуліна мова была стыхіяй урадлівасці, таму што ён з мовы нараджаў словы і вобразы, якіх ніхто вакол яго не мог прыдумаць. Таму вялікі дзякуй Кацярыне і Міхасю за гэтыя здымкі!”
Усе наведвальнікі выставы атрымалі ў падарунак ад Piligrim Studio насценныя календары з некаторымі выявамі з выставы. Сетку народных святаў для календароў распрацаваў даследчык Алесь Лозка.
Выставу можна паглядзець да 18 кастрычніка.
Фота з адкрыцця выставы Уладзіміра Анджэліча
Прапануем некалькі вершаў “невядомага Броўкі”:
Прыходзь, прыходзь жа раніцой…
Прыходзь, прыходзь жа раніцой,
Як толькі дзень займаецца.
Пабачыш ты, мая любоў,
Як сонца разгараецца.
Прыходзь, прыходзь жа поўным днём,
Сваё мне шчасце дорачы,
Пабачыш ты, мая любоў, —
Аж сэрцу ў грудзях горача.
Прыходзь жа позна і ў заход,
Як сонейка закоціцца.
Пабачыш ты, мая любоў,
Што ажно плакаць хочацца.
***
Што ж ты, Месяц, вырабляеш?
Што ні ўбачыш, не пазнаеш.
Што ж ты, Месяц, вырабляеш?
Ты на небе, як ліхтарык,
Вокны ж свецяцца ў пажары.
Пагляджу — зямля не тая.
Часам здасца — залатая.
Запаліў жучка ты, мошку,
На раку паслаў дарожку,
Сад абсыпаў срабрынёю.
Што ж ты нарабіў са мною?
Ночка зорамі іскрыцца.
Не ляжыцца мне, не спіцца.
Супакою я не маю,
Усё хаджу, яе шукаю…
Не відаць жа на сцяжынках —
Пасвяці яшчэ часінку.
Не адмоў жа ты мне ў ласцы.
Можа, выплыве, што ў казцы?
***
Вярба над вадою
Як бы засмучоная
Весткай якою,
Стаіць задуменна
Вярба над вадою.
Прыгнулася вельмі,
Як тая бабуля.
Здаецца, што й лісце
На голлях паснула.
Не злічыш убораў,
Што ў рэчку апалі, —
Гады прамінулі,
Як чоўны на хвалях.
Чаго ж яна гнецца,
Не знаючы зморы?
— Там сонца, там месяц
I ясныя зоры.
***
Косы
Як сказаць вам аб прычыне,
Ад чаго так сумна мне, —
Дзве касы ў адной дзяўчыны,
Што ручайкі, на спіне.
А пазнацца давялося,
Так прывабіла сама —
Апавілі сэрца косы,
Што і выхаду няма.
І я мару аб адзіным,
Хай бы косы больш раслі,
Каб, як тыя каляіны,
Праз жыццё мяне вялі.
***
А я жыта жала…
Я ж жыта жала,
Сярпом не махала,
Снапоў не вязала…
На камбайне, што па моры,
З песняй праплывала.
Сыпся, сыпся, збожжа,
Сыпся спорна, гожа,
Каб нам жыць прыгожа —
На ігрышчы, на вяселлі
Нас прыбраць паможаш.
А як бы на тое
Хтось пад галавою
Праімчаў стралою.
Памахаў мне любы крыллем.
Значыць, ён са мною!
***
Пусці, маці!..
Ах, як за акном гармонік грае!
Пусці, маці, выйду, пагуляю,
Я ж яшчэ маленькая, малая,
Ён мяне не можа зазываці…
Пусці, маці!
Толькі раз, я помню, — у нядзелю
З гарманістам трошкі пасядзела…
Сёння ж галава мне забалела,
Ці не чадна вельмі ў нашай хаце?
Пусці, маці!..
Я прайду ціхутка, стану збоку,
Можа, нат паслухаю здалёку, —
З гарманістам я не сяду зноўку,
Абыду, каб толькі не спаткаці…
Пусці, маці!