Распачынаецца прыём заявак на конкурс па стварэнні арт-аб’екта “Прыпынак Адамовіча”
Бабруйскія актывісты прапаноўваюць пераўтварыць прыпынак грамадскага транспарту ў роднай вёсцы пісьменніка Алеся Адамовіча ў тэматычны арт-аб’ект. Гэта мусіць прыцягнуць увагу да будучых музея і сквера, дзе будзе ўсталяваны бюст пісьменніка.
Ідэю “прыпынка Алеся Адамовіча” ўпершыню агучыў бабруйчанін Андрусь Архіпенка на занятках магілёўскай Школы гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца”. Школа, а таксама тайм-клуб “1387” падтрымалі хлопца, далучыліся і іншыя неабыякавыя бабруйчане. Так утварылася ініцыятыва па стварэнні турыстычнай кропкі “Прыпынак Адамовіча”.
Сябры ініцыятывы мяркуюць, што такім чынам можна будзе прыцягнуць увагу як жыхароў вёскі, так і гасцей і тых, хто проста едзе міма па трасе, да асобы Алеся Адамовіча, да пакінутай ім спадчыны.
Аўтобусны прыпынак знаходзіцца каля ажыўленай трасы Бабруйск – Глуск – Слуцк. Яркі прывабны арт-аб’ект будзе добра бачны тым, хто будзе праязджаць праз Глушу. Нехта абавязкова затрымаецца, і даведаецца, што тут жыў Алесь Адамовіч.
2018 год — Год малой Радзімы ў Беларусі. Бабруйчане хочуць паспрыяць развіццю малой радзімы Алеся Адамовіча.
Каб ідэя рэалізавалася, патрэбны цікавы праект пераўтварэння звычайнага аўтобуснага прыпынку ў арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку. Таму сумесна з аддзелам ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама ініцыятыва абвяшчае конкурс такіх праектаў.
Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя, але найперш — навучэнцы мастацкіх навучальных установаў, дызайнеры, архітэктары.
Конкурс распачынаецца 23 красавіка. Дасылаць працы можна да 23 траўня ўключна.
Задачы для ўдзельнікаў конкурса
Распрацаваць эскізны праект прыпыначнага пункта «Прыпынак Адамовіча» (далей — П. П.) з абавязковай архітэктурнай прывязкай да прапанаванага месца размяшчэння, што ўключае:
- распрацоўку канструкцыі прыпыначнага пункта (у выпадку, калі мяркуецца будаўніцтва П. П. ці яго значная перабудова) з пералікам будаўнічых матэрыялаў, з якіх будзе стварацца П. П., і якімі будзе аздабляцца (фарбы, дэкаратыўныя элементы, і таму падобнае);
- вызначэнне памеру П. П. (у выпадку, калі мяркуецца будаўніцтва ці значная мадэрнізацыя);
- стварэнне эскіза;
- вызначэнне прыкладнага каштарысу на будаўніцтва ці аздабленне П. П.
Праект прыпынка павінен суправаджацца дэманстрацыйнымі матэрыяламі: візуальным эскізам і тэкставым апісаннем.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць заяўку (ідэю, праект) на адрас: adamovich.konkurs@gmail.com да 23 траўня 2018 года.
Разгляд заявак і вызначэнне пераможцаў — да 31 траўня.
Кантактны тэлефон: +375291238873, Андрусь Архіпенка.
Таксама ўся інфармацыя пра конкурс ёсць на сайце: адамовіч.бел і ў сацсетках: Facebook.com , Vk.com .
Цяпер дапрацоўваецца макет будучага бюста Алеся Адамовіча. У падтрымку гэтай скульптуры Андрусь Архіпенка ў пачатку года сабраў больш за 600 подпісаў, Міністэрства культуры ўзгадніла ўсталяванне помніка пісьменніку.