• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Расказваем пра Надзею Калініну, журналістку, якая другі раз трапіла на Акрэсціна за сваю працу

    29 студзеня затрымалі карэспандэнтку TUT.BY Надзею Калініну, на яе склалі адміністрацыйны пратакол. За што — невядома. Надзею адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

    Расказваем пра журналістку, якая другі раз трапіла на Акрэсціна за сваю працу.

    У Надзеі дзве адукацыі. Паводле першай яна настаўніца малодшых класаў — дзяўчына скончыла Лоеўскае педагічнае вучылішча, мастацкі профіль.

    «Гэта ў нас, напэўна, у крыві. Я сам крыху малюю. Толькі мне больш партрэты ўдаюцца, а Надзі — пейзажы», — кажа яе брат Слава. Ён працуе аўтаслесарам.

    Другой адукацыяй быў факультэт журналістыкі БДУ. Надзея ў 2012 годзе выпусцілася са спецыяльнасці «друкаваныя СМІ». Вучоба давалася ёй лёгка. Брат ўзгадвае, як яна дапамагала італьянскаму фатографу рабіць кнігу пра ветэранаў Гомельскай вобласці — магчыма, пасля гэтага дзяўчына і зацікавілася журналістыкай. Надзея, дарэчы, добра ведае італьянскую мову: у дзяцінстве ездзіла ўлетку пагасціць у італьянскую сям’ю.

    Спачатку Надзея пісала на тэму экалогіі, сацыяльных праблем. Доўгі час працавала на сайце «Заўтра тваёй краіны». Пасля курсаў пераключылася на эканамічны профіль.

    «Ёй падабаецца закапвацца ў лічбы, статыстыку. Яна знаходзіць недастачы, падлічвае бюджэт», — расказвае сяброўка Таццяна. 

    На Tut.by журналістка перайшла год таму і працягвала асвятляць эканамічную тэматыку.

    Надзея — сабачніца. Гэта, відаць, пайшло з дзяцінства — дома заўсёды былі гадаванцы: то дварняга, то баксёр. Праўда, пакуль у іх з сяброўкай жыве толькі кошка.

    «Надзя яе дрэсіруе, навучыла пяці камандам, — усміхаецца Таццяна. — Яна ўмее даглядаць за кветкамі — правільна перасадзіць, падлячыць. А яшчэ можа ў адзіночку пераклеіць шпалеры ці адрэстаўраваць старую тумбу — самастойна зачысціць і пафарбаваць. Можа і праводку паправіць, калі спатрэбіцца».

    У вольны час дзяўчына любіць фатаграфаваць, майстраваць, складаць пазлы і шпацыраваць па Мінску. Дапамагае пляменнікам з урокамі па беларускай мове і сама з задавальненнем гутарыць на ёй.

    «Надзя — мірны, добры чалавек. Можа паладзіць з любым, нават самым канфліктным. Не магу ўявіць, каб яна павысіла голас», — дзеліцца брат.

    Першы раз журналістку затрымалі 1 верасня. Яна і яшчэ пяць калег трапілі на Акрэсціна за тое, што працавалі на акцыі. Суддзя Кастрычніцкага раёна Аляксандр Рудэнка прызнаў яе вінаватай і даў трое сутак (якраз столькі Надзея ужо адседзела да суда).

    «Яна не скардзілася на ўмовы. Казала, у іх былі адзіночныя камеры, добрае стаўленне з боку супрацоўнікаў: удакладнялі, чаму яна не есць, ці ўсё ў яе ў парадку. Надзя жартавала: «Гэта быў проста прэс-тур для журналістаў па ізалятары», — кажа сяброўка. — Для яе журналісцкі абавязак вышэй за ўсё. Калі ўзнікае неабходнасць, яна ідзе і працуе прафесійна».

    Брат заўважае, што гэта ў характары Надзеі — не паказваць, што ўнутры. «Увесь негатыў яна пакіне сабе, каб не засмучаць людзей вакол».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці