Расійскія следчыя дапыталі журналіста Лойку пра фотавыставу Васюковіча
Журналіста Сяргея Лойку дапыталі ў следчым аддзеле СК па Таганскім раёне Масквы СК наконт выставы ў Сахараўскім цэнтры, прысвечанай вайне ва Украіне, дзе акрамя фотаздымкаў Лойкі таксама былі прадстаўлены і працы беларускага фатографа Аляксандра Васюковіча.
Заяву па артыкуле 282 КК РФ (Узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а роўна зневажэнне чалавечай годнасці) на Лойку падаў муніцыпальны дэпутат раёна Якіманка Дзмітрый Захараў. Раней у завядзенне крымінальнай справы было адмоўлена, аднак 17 студзеня начальнік следчага аддзела адмяніў адпаведную пастанову і накіраваў матэрыял на новую даследчую праверку. Зараз па матэрыяле таксама прызначаная псіхолага-лінгвістычная судовая экспертыза, па выніках якой будзе прынята рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы.
«Сумна, што замест таго, каб кіравацца хоць нейкімі рэшткамі гуманізму, псеўдапатрыятычныя актывісты займаюцца псаваннем фотаздымкаў, зрывам выстаў і напісаннем даносаў. Даносам на журналіста вайну не спыніш», — заявіла Марыя Баронава, каардынатар праваабарончага праекта «Адкрытая Расія», які прадстаўляе інтарэсы Лойкі.
Раней стала вядома, што на допыт выклікаюць і беларускага фатографа Аляксандра Васюковіча.